АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Свіныя таямніцы «Мастоўскага кумпячка». У спешным парадку ствараецца свінячы магільнік?

Свіныя таямніцы «Мастоўскага кумпячка». У спешным парадку ствараецца свінячы магільнік?
04.08.2018
Ужо амаль два месяцы Мастоўшчына гамоніць пра тое, што адбываецца на прадпрыемстве «Мастоўскі кумпячок», якое размешчана ў былой вёсцы Княжаводцы.


Свіныя таямніцы «Мастоўскага кумпячка»
Ужо амаль два месяцы Мастоўшчына гамоніць пра тое, што адбываецца на прадпрыемстве «Мастоўскі кумпячок», якое размешчана ў былой вёсцы Княжаводцы.

Прадпрыемства займаецца гадоўляй свіней і рэалізацыяй свініны ў ахалоджаных і замарожаных тушах. Мае аддзяленні ў вёсцы Самаравічы Зэльвенскага раёна і Шылавічы Ваўкавыскага. Згодна з інфармацыяй з сайта, агулам на прадпрыемстве вырошчваецца 128 тысяч свіней. Сярэднеспісачны склад працаўнікоў болей за паўтысячы чалавек.

Узначальвае прадпрыемства Сяргей Рудзеня.

Ёсць адна незразумелая акалічнасць: каму належыць гэтае прадпрыемства? У сеціве можна адшукаць, што «Мастоўскі кумпячок» — гэта філія ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі», і тут жа можна даведацца, што ён філія «Гроднахлебапрадукта».

Справа не толькі ў тым, каму належыць гэтае прадпрыемства. Справа ў тым, што тут ідзе знішчэнне свіней. І гэта робіцца ўпотай ад грамадскасці. Напачатку пайшлі чуткі, што ў спешным парадку ствараецца свінячы магільнік. Прычынай таму стала захворванне свіней быццам бы з-за камбікорму, які быў закуплены ва Украіне.

Высвятленне абставін дало дзіўныя вынікі. Вядучыя спецыялісты прадпрыемства катэгарычна адмаўляюцца аб чым-небудзь распавядаць і да звыклых пытанняў пра тое, што адбываецца на прадпрыемстве, бывала, ставіліся агрэсіўна.

Разам з тым нечакана са старонак раённай газеты «Зара над Нёманам» зніклі аб`явы аб запатрабаваных для прадпрыемства спецыялістах.

Адна знаёмая жанчына, якая пастаянна набывала свіныя абрэзкі (рэшткі сала і шматкі свініны, якая з`яўляецца некандыцыяй), распавядала, што ёй гэты тавар не прадалі, бо яго замарожваюць і будуць прадаваць толькі праз месяц згодна з санітарнымі нормамі. Надалей, па чутках, стала вядома, што забойны цэх «Мастоўскага кумпячка» пастаўляе прадукцыю ў рэалізацыю на беларускі рынак, паколькі Расія адмовілася ад замарожаных туш прадпрыемства, з аддзяленняў «Самаравічы» і «Шылавічы». Свінні, якія знаходзяцца ў аддзяленні гадоўлі на комплексе ў Княжаводцах, павінны быць знішчаны. Аднак, як кажуць работнікі прадпрыемства, якія просяць, каб іх прозвішчы не называліся, тушы свіней для захоўвання накіроўваюцца ў маразільнікі іншых гарадоў, на магільнік адпраўляюцца вантробы.

Сітуацыя дзіўная, бо камусьці хочацца з гэтай падзеі зрабіць таямніцу. Маўчыць аб тым кіраўніцтва раёна і вобласці. І як рэакцыя на маўчанне ўладаў з`явілася новая версія здарэння: на комплексе быў вялікі недахоп свіней і таму, каб выйсці з гэтай сітуацыі, спатрэбілася прыдумаць закупы кепскага камбікорму.

Пэўна, пры такой «галоснасці і адкрытасці» з`явяцца іншыя версіі і чуткі, але ў рэшце рэшт нам давядзецца спажываць прадукты з тых замарожаных тушаў, і як яны паўплываюць на наш стан здароўя, невядома. А яшчэ больш хвалюе тое, што імі могуць карміць у дзіцячых садках і школах нашых дзетак.

Ад афіцыйных асобаў агракамбіната «Скідзельскі» давялося атрымаць адказ толькі ад намесніка генеральнага дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай працы Валянціны Далатоўскай. На пытанне, што адбываецца на «Мастоўскум кумпячку», кіраўнічка адказала адным словам: «Кепска». На ўдакладняючыя пытанні яна зноў адказала тое ж самае і дадала, што не кампетэнтная ў тых пытаннях.

Паколькі ідзе журналісцкае расследаванне, не варта скідаць усе версіі, якія абмяркоўваюць вакол «Мастоўскага кумпячка».

На працягу мінулага года на «Мастоўскім кумпячку» быў значны недахоп вядучых спецыялістаў. Дакладна з неаднаразовых аб`яў у мастоўскай раёнцы філіял вышэйназванага прадпрыемства запрашаў на працу вядучага заатэхніка, галоўнага ветурача, ветурача цэха перапрацоўкі, свінаводчага комплексу і г. д. Недахоп кваліфікаваных спецыялістаў таксама мог паўплываць на цяперашні стан прадпрыемства.

«Газета Слонімская» мае на мэце да канца раза­брацца з сітуацыяй, а вынікі будуць змешчаны на старонках газеты.



Дата стварэння навіны 04.08.2018

Возврат к списку