АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Вырашылі зарабіць на "закладках"? Судзіць вас будуць як дылера. Тлумачым, чаму

Вырашылі зарабіць на "закладках"? Судзіць вас будуць як дылера. Тлумачым, чаму
01.08.2018
Як мяняецца жыццё маці асуджанага за наркотыкі.

У Беларусі нярэдкія сітуацыі, калі шараговыя "закладчыкі" наркотыкаў садзяцца у турму больш, чым на 10 гадоў, хоць частка 2 артыкула 328 (незаконны збыт наркатычных сродкаў) прадугледжвае санкцыю ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Велізарныя тэрміны тлумачацца вельмі проста: падчас следства асобныя "закладчыкі" ператвараюцца ў саўдзельнікаў у складзе арганізаванай групы. Іх судзяць як наркадылераў — па частцы 4 артыкула 328, па якой можна адправіцца за краты на тэрмін ад 10 да 20 гадоў.

Вось просты прыклад, Ігара (імя змененае), затрымалі 26 ліпеня 2017 года. Маці затрыманага расказвае Еўрарадыё, што сын быў у дэпрэсіі пасля разводу і паспрабаваў нешта з наркотыкаў. Яму спадабалася. Потым знаёмы сказаў, што можна атрымліваць наркотык бясплатна, аказваючы паслугі дастаўкі.

Адразу пасля затрымання Ігар прызнаўся ва ўсім аператыўнікам і распавёў, дзе яны са знаёмым бралі наркотыкі. Маці кажа, што па геалакацыі знайшлі дзяўчыну, якая рабіла тайнікі з наркотыкамі ў гэтым жа месцы. Так у справе з'явілася 4-я частка артыкула 328. Праз 10 месяцаў адбыўся суд. Па словах маці, на лаве падсудных сядзелі людзі, якія адзін аднаго не ведалі.

Але Вярхоўны суд не лічыць, што следства або правасуддзе памыліліся.

Распаўсюджвальнікі цалкам могуць быць незнаёмыя — але пры гэтым працаваць у складзе арганізаванай групы.

"Распаўсюджванне наркатычных сродкаў з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў шляхам наступных закладак у прынцыпе не прадугледжвае прамога знаёмства распаўсюджвальнікаў, якія знаходзяцца ў адным наркатычным ланцугу, — адказвае на пытанне Еўрарадыё намеснік старшыні ВС Валерый Калінковіч. — Часцей за ўсё і спажывец у рэальнасці не сустракаецца са збытчыкам".

Стаць распаўсюджвальнікам наркотыкаў у наш час, на жаль, нескладана.

Падпрацоўку падлеткам прапануюць з ананімных акаўнтаў у сацсетках, а для таго, каб пачаць, дастаткова спампаваць шыфраваны мэсанджар і заплаціць за першую партыю. Памятаеце пра тое, што гэтыя простыя дзеянні могуць на 20 гадоў выкрасліць вас са звыклага жыцця.

Так адбылося з 18-гадовым Іларыёнам Б., якога судзілі ў Мінску ў траўні. Хлопца затрымалі, калі ён вярнуўся дадому пасля першай жа "закладкі". Прысуд — 10 гадоў пазбаўлення волі.

Па дадзеных Вярхоўнага суда, у першым паўгоддзі 2018 года па артыкуле 328 у краіне было асуджана:

— па частцы 2 — 75 чалавек (у першым паўгоддзі 2017-га — 67);

— па частцы 3 — 259 чалавек (у першым паўгоддзі 2017-га — 335);

— па частцы 4 — 26 чалавек (у першым паўгоддзі 2017-га — 46);

— па частцы 5 — 1 чалавек (у першым паўгоддзі 2017-га — 5).

паводле Еўрарадыё 



Дата стварэння навіны 01.08.2018

Возврат к списку