АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Фядыніч распавёў, якім чынам здагадаўся, што Юхнавец – агент КДБ

Фядыніч распавёў, якім чынам здагадаўся, што Юхнавец – агент КДБ
01.08.2018
Падчас першага судовага паседжання па «справе прафсаюзаў» сведка Юлія Юхнавец прызналася, што супрацоўнічала з КДБ, калі працавала ў РЭП сакратаркай.


У сваіх паказаннях 22-гадовая дзяўчына адзначыла: яна неаднаразова ездзіла ў Вільню, дзе Фядыніч і Комлік нібыта перадавалі грошы для правозу праз мяжу ў Беларусь. Паводле яе слоў, аднойчы яна пералічыла суму ў канверце і сфатаграфавала купюры. На пытанне пракурорf навошта, Юхнавец сказала, што зрабіла гэта «з асабістай цікаўнасці», але потым дадала, што супрацоўнічала з Камітэтам дзяржбяспекі ў якасці агента з 2015 года. Акрамя таго, Юхнавец атрымлівала ад КДБ узнагароджанне.

Такое прызнанне былой сакратаркі прысутныя ў судовай залі сустрэлі вокличам «Ганьба!». Пасля яна сыйшла і адмовілася ад каментароў журналістам. Пазней belsat.eu пспрабаваў звязацца з Юліяй праз сацыяльныя сеткі, але і там яна катэгарычна адмовілася ад інтэрв’ю. На наступны дзень, 31 ліпеня, Юхнавец зʼявілася ў судзе да пачатку паседжання. Пабачыўшы інтарэс прэсы да сябе, дзяўчына хутка збегла.

«Магчыма, яна прыходзіла ў другі раз, каб змяніць паказанні або нешта дадаць…» – мяркуе Генадзь Фядыніч.

У размове з belsat.eu прафсаюзны лідар адзначыў, што і раней здагадаўся пра супрацу Юхнавец з КДБ.

«Падазрэнне ўзнікла ў мяне 3 жніўня мінулага году (пасля вобшуку ў офісе РЭП, – рэд.). Там у мяне была хованка, куды я клаў усё запар: нейкія дыскі, проста інфармацыю. Раней я казаў сакратарцы: пра гэта ведаю толькі я і яна. Але гэтую хованку ўскрылі першай пры ператрусе, адразу, як прыйшлі. Нічога асаблівага там не было, але я вымушаны быў рабіць такія праверкі людзям», – сказаў Фядыніч.

Паводле слоў прафсаюзнага лідара, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі быў на прафуліку РЭП. Калі ён пачаў шукаць сакратара, то яму ў каледжы параілі Юхнавец як спакойную працавітую дзяўчыну. У 2014 годзе ёй было 18 гадоў.

На думку Фядыніча, Юхнавец завербавалі прыкладна праз год пасля працаўладкавання ў прафсаюз.

«Яна рознымі справамі займалася раней… Скончыла нейкія курсы масажу, любіла хадзіць танчыць у начных клубах ля шастоў. Калі Юля ад нас ужо сыйшла, адзін раз прыехала і паскардзілася, што яе затрымлівалі і далі штраф па адміністратыўнай справе. Як высветлілася, яна з сяброўкай выклала ў інтернэце абʼяву, падаецца, пра інтым-масаж. Ну праваахоўнікі за імі і прыехалі, склалі пратакол, асудзілі. Я сам бачыў гэтую пастанову. Шчыра скажу, мы ёй па-чалавечы дапамаглі са штрафам, бо яна вельмі не хацела, каб бацькі даведаліся», – узгадвае Фядыніч.

На судзе Фядыніч таксама запытаўся ў Юхнавец, ці не звязаная гісторыя са штрафам з вербаваннем КДБ – тая адказала адмоўна.

Цяпер усе профілі Юхнавец у сацсетках выдаленыя, па мабільным тэлефоне яна таксама не адказвае.

***

Суд па «справе прафсаюзаў» распачаўся 30 ліпеня. Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацяць ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў пазбаўлення волі. Следчыя абвінавачваюць прафсаюзных дзеячаў у тым, што яны мелі рахунак у Літве і ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы. Паводле разліку КДК, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля, паведамляе belsat.eu



Дата стварэння навіны 01.08.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку