АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Лета Сяргея Далідовіча

Лета Сяргея Далідовіча
01.08.2018
«Старэйшых патрэнаваў, пасьля абеду пачну Злату па гародах лавіць»

Сяргей Далідовіч — легенда беларускага спорту, адзіны лыжнік, які браў удзел у сямі Алімпійскіх гульнях (ад 1994-га да 2018 году) і 12 запар чэмпіянатах сьвету (1995–2017). Пасьля зімовай Алімпіяды ў Пхёнчхане заявіў пра завяршэньне кар’еры. Сяргею Далідовічу 45 гадоў, ён ураджэнец Воршы. Жонка Ірына таксама былая лыжніца, цяпер хатняя гаспадыня. У сям’і Далідовічаў тры дачкі: старэйшай Вользе 18 гадоў, сярэдняй Дар’і — 13, Злаце толькі 2,5. Сёлета ў чэрвені яны сумясьцілі адпачынак з трэнаваньнем у аўстрыйскіх Альпах, цяпер бавяць час на лецішчы пад Лагойскам.

Як вы праводзіце гэтае лета?

У чэрвені тры тыдні былі зь сям’ёй у Рамзаў. Гэты курорт — культавае месца для ўсіх відаў лыжнага спорту ў Аўстрыі. За старое сяброўства і былыя заслугі гаспадары выставілі зусім умоўны цэньнік, грэх было не скарыстацца.

Так склаліся абставіны, што я пакінуў вялікі спорт. Цяпер трэную дачок — старэйшую і сярэднюю. Па сутнасьці, правялі ў Альпах паўнавартасны збор, атрымаўся гэткі актыўны адпачынак — інакш я ўжо не магу і ня ўмею. Цяпер мы ўсе на лецішчы, але езьдзім у Лагойск, трэнуемся. Ну а малодшая дачка разам зь пляменьніцай бегаюць па траве, балазе ёсьць дзе разьвярнуцца.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Галоўная карцінка дзяцінства — гэта Дняпро. Раніцай зьбіраліся і ішлі туды на цэлы дзень, вярталіся толькі позьнім вечарам. Раней неяк прасьцей было, асабліва не кантралявалі, хоць мы і мелі тады па 6-7 гадоў. Гулялі, купаліся, дурэлі. Забаўляліся так, як цяперашнія дзеці ня ўмеюць — былі яшчэ вольныя ад сетак, гаджэтаў, мабільнікаў. Дзякуй Богу, абышлося без трагічных здарэньняў.

Ну і, само сабой, вёска. Рэгулярна бываў у дзядоў і бабак пад Воршай, там ужо сваё жыцьцё, таксама вельмі яскравае і насычанае на падзеі. Так што рака, вёска, свабода — гэта і ёсьць сапраўднае дзяцінства.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
З улікам амаль трох дзясяткаў гадоў, якія я быў зьвязаны са спортам, відаць, па-іншаму адпачываць ужо ня здолею. Магчыма, крыху меней фізычных практыкаваньняў, але ў пэрспэктыве ўсё ж пляную заняцца трэнэрскай кар’ерай, таму трэба быць у форме. Пакуль спрабую «адточваць» майстэрства на ўласных дзецях. Ня буду ўтойваць, яны мяне падсьцёбваюць, каб не сядзеў склаўшы рукі. Хто яго ведае — каб не яны, можа, сапраўды разваліўся б зараз у альтанцы ды грыз семкі (хоць сумняваюся). А так кожны дзень займаемся, даём нармальную нагрузку. Вось такі адпачынак. Як на мой погляд, то самы правільны.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
У адрозьненьне ад колішніх часоў, сёньня застацца бяз сувязі складана. Скажам так, онлайн у рэжыме 50×50. Нібыта і хочацца нічога не глядзець, ні пра што ня думаць, але ў курсе навінаў усё ж трэба быць. Натуральна, усе мы думаем, што нейкія адметныя і можам павярнуць сьвет задам наперад. Але выключы сябе на паўмесяца з жыцьця, асабліва і не заўважаць.

Так, хацелася б мінімізаваць удзел пляншэтаў, кампутараў, але ў дарозе гаджэты ў пэўнай ступені ратуюць. Мы падарожнічаем аўтамабілем, праяжджаем усю Эўропу, дык самую малую мульцікі толькі і трымаюць. Ну а старэйшыя ў сваіх сетках. Хоць, калі былі ў гарах, пасярод такой велічы, унікальнай прыроды, нават дзеці гаджэтамі карысталіся меней, чым звычайна.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

Многія дазваляюць сабе ў адпачынку крыху расслабіцца, але ў мяне «доза» стандартная — парачка бутэлек піва максымум. А як меней стаў трэнавацца, то ўжо і дзьве не магу асіліць. Вось такая дзіўная залежнасьць: менш трэнуесься — меней п’еш.

Некаторыя спартоўцы, якія заканчваюць кар’еру, пачынаюць злоўжываць. Асабліва ў тых выпадках, калі не разумеюць, што зь імі будзе далей, калі адбываецца своеасаблівая «ломка». У мяне пакуль усё наадварот. Крыху піва, слабаалькагольнага віна — так. Пасьля 30 гадоў я і ня ўтойваю, што ўжываю ў разумных межах.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Калі ў сям’і зьяўляецца маленькі чалавечак, значную колькасьць часу прысьвячаеш яму. Ужо не пасьпяваеш ні музыку слухаць, ні кніжкі чытаць, ні за нечым пільна сачыць. Разам прачынаесься і разам кладзесься — як дзіцё таго захоча, а ня сам. Зразумела, галоўны цяжар клопату на жонцы, я ў асноўным на падхваце. І мне гэтая роля падабаецца. Вось старэйшых патрэнаваў, зараз прачнецца малая, пасьля абеду пачну Злату па гародах лавіць. Расклад дня летняга адпачынку на лецішчы прыблізна такі.

Ваша парада на адпачынак

Як менавіта адпачываць, выбар кожнага. Я і на моры быў, і ў гарах, і ў іншых месцах. Скажу, што на пляжы больш стамляюся, складаней увайсьці ў звыклы рытм. Тры дні — і ўсё, ня ведаеш, чым заняцца. Асабліва калі едзеш туды, дзе «усё ўключана». Зводзіцца да прымітывізму: паеў, папіў, паспаў. У лепшым выпадку дабрыў да вады, і то не абавязкова.

Актыўны адпачынак — гэта зусім іншае, ён трымае ў тонусе. Нават як у дзяцінстве, калі з бацькамі езьдзілі да мора «дзікунамі» — бадай, ідэальны варыянт. Акрамя, можа, гаспадыні, якая мусіць гатаваць і карміць мужа і дзяцей.

Таму як па мне, то калі ехаць, дык каб адпачываць і вабіць час па ўласным жаданьні. Вось 20 дзён у Альпах прабылі, трэнаваліся, гулялі, хацелася застацца яшчэ. Але радзіма кліча...

паводле радыё Свабода

Дата стварэння навіны 01.08.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку