АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Судовы працэс па «справе прафсаюзаў». Дзень другі

Судовы працэс па «справе прафсаюзаў». Дзень другі
31.07.2018
30 ліпеня ў менскім Доме правасуддзя распачаўся разгляд так званай «справы прафсаюзаў». На лаве падсудных – лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік. Belsat.eu вядзе жывы блог з другога паседжання па рэзананснай справе.


Топ-навіною ўчорашняга паседжання стала прызнанне галоўнай сведкі па справе ў тым, што яна – агент КДБ.

10:35 Да пачатку паседжання журналісты паспрабавалі паразмаўляць з Юліяй Юхнавец, але тая адмовілася. «Я ўсё скажу на судзе», заявіла яна.

Сёння ў Генадзя Фядынiча дзень народзінаў. Перад паседжаннем яго з апладысментамі павіншавалі паплечнікі. Сёння суд працягвае заслухваць сведкаў – 4 асобы.

Першым выступіў пенсіянер Мікалай Герасіменка. Ён быў прэс-сакратаром Беларускай Партыі працоўных, у РЭП да 2016 г. займаўся інфармацыйнай працай. 2 жніўня 2017 яго затрымалі, адвезлі ў офіс РЭП і запатрабавалі адчыніць кабінеты ды паказаць дакументы. Потым яго 12 гадзін дапытвалі ў Дэпартаменце фінансавых раследаванняў.

«Следчыя казалі: ты цяпер адсюль не выйдзеш, калісь, мы ж побач. Пыталіся, ці ездзіў я за мяжу і колькі разоў. Для мяне гэта было як абухом па галаве», – распавёў Герасіменка.

Пры гэтым Герасіменка быў у статусе падазраванага. Сёння ён заявіў, што паездкі за мяжу (Літва, Швецыя) былі на семінары. «Я туды не ездзіў за грашыма» – падкрэсліў сведка.

***

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацяць ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў пазбаўлення волі. Следчыя абвінавачваюць прафсаюзных дзеячаў у тым, што яны мелі рахунак у Літве і ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 000 еўра. Паводле разліку КДК, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у сядзібе РЭП 2 жніўня 2017 году. Сканфіскавалі большую частку камп’ютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы. Комліка і Фядыніча затрымалі, у іх дамах таксама адбыліся ператрусы. Лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе на наступны дзень, а Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай да 2 кастрычніка 2017 году.

Следства па справе доўжылася амаль год. За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюзу РЭП. Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.

Праваабаронцы і грамадзянская супольнасць Беларусі лічыць пераслед Фядыніча і Комліка палітычна матываваным. Лідар прафсаюзу РЭП звязвае крымінальную справу выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

Праваабаронцы і журналісты адзначаюць, што «справа прафсаюзаў» вельмі падобная на справу, якую распачалі ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Тады Бяляцкага прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі, а міжнародная супольнасць прызнала яго палітвязнем, піша belsat.eu



Дата стварэння навіны 31.07.2018

Возврат к списку