АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У Магілёве згарэў помнік архітэктуры, зьвязаны з стаўкай расійскага цара

У Магілёве згарэў помнік архітэктуры, зьвязаны з стаўкай расійскага цара
26.07.2018
Ад помніка архітэктуры засталіся толькі цагляныя муры.



У Магілёве згарэў помнік архітэктуры рэгіянальнага значэньня. Будынак былога пажарнага дэпо ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў значыцца пад шыфрам 513Г000021, гэта частка «комплексу ваенных казарм з галоўным і службовымі будынкамі». Узьвялі яго ў 1908 годзе.

Краязнаўца: будынак маглі падпаліць умысьля, каб потым пабурыць
Доўгі час гэты дом на вуліцы Крупскай, непадалёк ад чыгуначнага вакзалу, не эксплюатаваўся, туды зносілі бытавое сьмецьце. Ахоўнай шыльды на будынку няма.

Пажар у ім здарыўся 23 ліпеня. Выгаралі ўсе драўляныя канструкцыі. У афіцыйных паведамленьнях пра ахоўны статус будынка ня згадвалася. Прычына ўзгараньня пакуль не вядомая.
Такім будынак быў 5 месяцаў таму
Старшыня абласной арганізацыі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімер Краўчанка не выключае, што будынак маглі падпаліць умысьля, каб зьявіліся падставы яго зьнесьці. Паводле краязнаўцы, помнік архітэктуры ўжо спрабавалі пазбавіць ахоўнага статусу гадоў пяць таму, але рупліўцам даўніны ўдалося яго адбараніць.

«Будзем пісаць скаргі ў пракуратуру, у гарвыканкам, каб прыцягнулі да адказнасьці тых службоўцаў, якія нядбайна паставіліся да выкананьня сваіх абавязкаў па ахове гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, што прывяло да зьнішчэньня помніка. Таксама будзем патрабаваць, каб адказалі за невыкананьне ахоўных абавязаньняў балянсатрымальнікі», — пракамэнтаваў сытуацыю Ўладзімер Краўчанка.

Гэта ня першы пажар у помніку архітэктуры ў Магілёве
У 2014 годзе згарэў былы армейскі штаб. У будынках штабу і пажарнага дэпо ў Першую ўсясьветную вайну месьціліся падразьдзяленьні стаўкі расейскага цара Мікалая ІІ.

У часы Савецкага Саюзу і ў першыя гады незалежнай Беларусі пляцоўку побач зь імі займалі склады вайсковай тэхнікі. Цяпер яна забудоўваецца жылым масівам.

Армейскі штаб, які гарэў у 2014 годзе

Пажар зьнішчыў дах, і цяпер помнік архітэктуры імкліва разбураецца. У яго таксама зносяць бытавое сьмецьце. Абжыліся ў ім і бадзягі.

Год таму ў цэнтры Магілёва на вуліцы Лазарэнкі згарэў помнік архітэктуры 19 стагоддзя.
Будынак таксама доўгі час не эксплюатаваўся. Тады высветлілася, што яго набыў расійскі прадпрымальнік. За ягоныя сродкі пашкоджаны пажарам будынак схавалі пад банэрную сетку.

паводле радыё Свабода

Дата стварэння навіны 26.07.2018

Возврат к списку