АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

«Баімся за брата». Сёстры палітвязня Плошчы Святаслава Барановіча дагэтуль ня маюць ад яго вестак з калоніі

«Баімся за брата». Сёстры палітвязня Плошчы Святаслава Барановіча дагэтуль ня маюць ад яго вестак з калоніі
25.07.2018
Былы палітвязень Святаслаў Барановіч, асуджаны сёлета за напад на міліцыянта падчас леташняга «шэсця недармаедаў» у Мінску, накіраваны адбываць пакаранне ў калонію № 1 у Наваполацку.

 Але гэта пакуль усё, што пра яго ведаюць сваякі і сябры. Сястра Барановіча Наталля кажа, што ніхто з іх так і не атрымаў ад Святаслава з калоніі аніводнага ліста, таксама ён нікому не патэлефанаваў.

«Нас толькі афіцыйна ўведамілі, што з ізалятара ў Жодзіне брат пераведзены ў калёнію ў Наваполацку, што з 3 чэрвеня ён там. Але далей ад яго — ані слова. Вельмі непакоімся за яго, ды што непакоімся — баімся. Разумею, мог быць у карантыне, але ўжо амаль 2 месяцы — нічога ад яго няма. Канечне, мы падазравалі, што з артыкулам, па якім ён сядзіць, у яго могуць узнікнуць цяжкасці. Вось так, відаць, і адбываецца. Але хаця б сказалі, што з ім? Дык нічога ня кажуць, і мы ўжо ня ведаем, што рабіць!» — сказала Наталля.

Сёстры Барановіча Наталля і Алена паслалі брату некалькі лістоў, на якія ён не адказаў. Не паведаміў ён і пра тое, ці атрымаў пасланыя яму грошы. З невядомай сёстрам прычыны Святаслаў таксама не адказвае ні на лісты Валянціны Іванаўны — гаспадыні кватэры, у якой ён жыў да арышту, — ні на лісты шматлікіх сяброў.

На мінулым тыдні Натальля хадзіла ў Дэпартамэнт выканання пакаранняў МУС, дзе спытала, чаму не атрымлівае лістоў ад брата.

«Адказалі: „А можа, ён ня хоча вам пісаць“. Але гэтага ня можа быць! На спатканні пасля суду, у траўні, Святаслаў казаў, каб пісалі, абяцаў адказваць, а цяпер маўчыць. Што гэта можа азначаць?» — непакоіцца сястра вязня.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка мяркуе, што Святаслаў Барановіч праходзіць праз вядомае іншым вязням кола ціску з боку адміністрацыі калёніі.

«Гэта стандартныя мэтады ціску. І калі няма ад яго ня толькі лістоў, але і званкоў, дык адназначна, што сядзіць у ШЫЗА. А калі маўчанне цягнецца другі месяц, дык ясна, што адзін тэрмін у 10 сутак ідзе за другім, і гэтак можа быць бясконца — наш гумовы закон гэта дазваляе. За што яго пакаралі? Фармальна за што заўгодна: пыл на палічцы, ня гэтак павітаўся…

А па сутнасці, караюць не „за што“, а „дзеля чаго“. Такія, як Барановіч — былы палітвязень, ды з ягоным цяперашнім артыкулам, — адразу трапляюць у зону асаблівай увагі, дзе асноўны мэтад — трывалы ціск. Ставіцца задача зламаць іх волю да супраціву, ды яшчэ і прынізіць.

Не выключаю, што могуць ужыць і правакацыю. Каб нацкаваць на яго іншых вязняў, як з Міхаілам Жамчужным у Бабруйскай калёніі. Барановічу адназначна цяпер нясоладка», — мяркуе праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

У наваполацкай калёніі № 1 карэспандэнту Свабоды на просьбу адказаць, што адбываецца з вязнем Святаславам Барановічам, далі тэлефон апэратыўнага аддзелу, але па сутнасці нічога не сказалі. У апэратыўным аддзеле калёніі ніхто слухаўку не падняў.

Сёстры Барановіча Наталля і Алена збіраюцца ехаць у калёнію самі, каб паспрабаваць даведацца, што з братам.

«Мне адной гэта не па сілах», — са слязмі ў голасе кажа Наталля.

Прадпрымальнік Святаслаў Барановіч у сакавіку быў асуджаны на 3 гады калёніі за збіццё міліцыянта ў цывільным пасля леташняга «Маршу недармаедаў» — ён спрабаваў уратаваць ад затрымання актывіста анархісцкага руху.

У судзе Барановіч прызнаў віну часткова, казаў, што не да канца ўсведамляў, што перад ім міліцыянт, думаў, што ратуе чалавека ад хуліганаў. У траўні Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу Святаслава Барановіча на прысуд Маскоўскага раённага суду, прысуд яму ўступіў у сілу.

У кастрычніку 2011 году Святаслаў Барановіч ужо быў асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у мітынгу пратэсту супроць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Грамадзкая ініцыятыва — форум «Свабоду палітвязням», у які ўваходзяць Ганна Шапуцька, Вольга Мікалайчык, Кацярына Садоўская ды іншыя актывісты, — лічыць, што Святаслава Барановіча ўлады пераследуюць з палітычных прычын, і дамагаецца перагляду ягонай справы, паведамляе радыё Свабода



Дата стварэння навіны 25.07.2018

Возврат к списку