АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Адкуль пайшлi славяне: у Салігорскім раёне адкрыты ўнікальныя пабудовы і аб’екты канца II – першай паловы V стагоддзя нашай эры

Адкуль пайшлi славяне: у Салігорскім раёне адкрыты ўнікальныя пабудовы і аб’екты канца II – першай паловы V стагоддзя нашай эры
20.07.2018
Паселішча продкаў старажытных славян знайшлі вучоныя гістарычнага факультэта БДУ, тым самым пацвердзілі гіпотэзу іх паходжання з тэрыторыі беларускага Палесся.

Унікальнае навуковае адкрыццё зрабілі дзякуючы новым археалагічным знаходкам каля вёскі Яскавічы Салігорскага раёна. Раскопкі яшчэ працягваюцца — карэспандэнт «Рэспублікі» звязалася з вучонымі і даведалася падрабязнасці.

Даследаванні неверагодна каштоўныя: вывучэнне артэфактаў дазволіла адкрыць невядомыя старонкі этнагенезу славян. Справа ў тым, што да гэтага часу не вызначана тэрыторыя паходжання найбольш ранніх гістарычных славян, а таксама працэс іх фарміравання. Агульнапрызнанай найбольш ранняй археалагічнай культурай лічыцца пражская, якая належала славянам V — VII стагоддзяў. Раннія яе помнікі былі адкрыты на тэрыторыі Палесся і ў раёне Кіева. Кіраўнік археалагічных раскопак Вадзім Белявец не здзіўлены ўнікальным знаходкам. Дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ лічыць, што далейшыя даследаванні дазволяць даказаць, што Палессе — калыска славян:

— У археалогіі больш за 40 гадоў існуе гіпотэза выхаду продкаў сучасных славян з зямель беларускага Палесся. Гэтая тэорыя падтрымліваецца мной і шэрагам іншых вядучых спэцыялістаў. Гэтай гіпотэзы таксама прытрымліваюцца і многія нямецкія, польскія, расійскія, украінскія вучоныя. Усе яны чакалі ад нас навін, і вось яны!

Зроблена вельмі каштоўнае адкрыццё, бо да гэтага часу Палессе заставалася белай плямай на археалагічных картах III—IV стагоддзяў — эпохі, якая папярэднічала складанню славян, з’яўленню іх у пісьмовых крыніцах. На паселішчы Яскавічы адкрыты шэраг пабудоў і аб’ектаў, якія датуюцца канцом II — першай паловай V стагоддзя нашай эры.

Ужо знойдзена калекцыя дэталяў касцюма і ўпрыгожванняў таго часу, сярэбраная манета рымскага імператара Камода. Археолагі маюць права сцвярджаць, што на месцы раскопак раней выраблялі бронзавыя ўпрыгожванні і, магчыма, здабывалі і апрацоўвалі жалеза. Серыя ўнікальных знаходак дае падставы сцвярджаць, што мясцовыя жыхары амаль 200 гадоў падтрымлівалі цесныя кантакты са сваімі паўднёвымі і заходнімі суседзямі — гістарычнымі готамі, якія тады жылі на тэрыторыі сучаснай Украіны і паўднёва-заходняй Беларусі.

— Найбольш яркая знаходка — бронзавы прадмет, які не мае аналагаў на тэрыторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы — верагодна, наканечнік ножнаў мяча першай паловы V стагоддзя нашай эры. Выраблены для шляхетнага ваяра і звязаны з мілітарнай культурай германскіх плямёнаў перыяду Вялікага перасялення народаў. Гэтая знаходка і шэраг іншых даных дазваляюць выказаць здагадку, што паселішча Яскавічы магло загінуць паміж 400 — 460 гадамі падчас набегу дружыны воінаў, што ўдзельнічалі ў бітвах на тэрыторыі Падунаўя ў эпоху заняпаду Рымскай імперыі.

Раскопкі ў Яскавічах вельмі перспектыўны напрамак, і свежыя знаходкі таму пацвярджэнне. Работы будуць працягвацца, і не адзін год. Вынікі археалагічных даследаванняў на Палессі павінны адказаць на многія пытанні. Нашы вучоныя ўпэўненыя, што ў гэтых мясцінах хаваюцца і іншыя помнікі, якія маюць прамое дачыненне да эпохі заключнага этапу этнагенезу славян. Гэта значыць, тэорыя пра тое, што прарадзімай сучасных славянскіх народаў было менавіта Палессе, атрымае новыя пацвярджэнні.

— На раскопках зараз працуе каля 45 чалавек. Гэта першакурснікі гістфака, магістранты і нават нашы выпускнікі — тут яны ў якасці валанцёраў. Першыя працуюць па 6 гадзін у дзень, дарослыя археолагі — па 9. І ніхто не шкадуе, што менавіта так вырашыў правесці сваё лета, — усміхаецца Вадзім Белявец. І прыводзіць прыклад: адзін з членаў каманды пасля ўніверсітэта пайшоў па іншым шляху — працуе ў вялікай рэкламнай кампаніі і атрымлівае прыстойную зарплату. Але археалогія яго ўсё гэтак жа захапляе: малады чалавек замест адпачынку на Гаваях бярэ ў рукі рыдлёўку і едзе ў сельскія мясціны дзеля новых гістарычных адкрыццяў.

Для археолагаў створаны ўсе неабходныя камфортныя ўмовы — мясцовая ўлада вельмі гасцінна сустрэла гісторыкаў, у раскопках зацікаўлены прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Кіраўнік раскопак прызнаецца: за ўсю шматгадовую практыку не ўзгадае такі цёплы прыём. Раскопкі пачалі з 4 ліпеня.

— Працуем на беразе ракі Морач. Вёскі паблізу тут нешматлюдныя: жывуць пенсіянеры, трохі моладзі, у сезон прыязджаюць дачнікі. Мясцовыя жыхары нам шчыра рады. Ідзеш па вуліцы — людзі пытаюцца, цікавяцца аб выніках раскопак. Заходзіш у магазін — тая ж сітуацыя, — расказвае вучоны. — Нядаўна да нас бабуля прыйшла з кошыкам агуркоў. Хацела падзякаваць, што праслаўляем яе родныя мясціны.

Вадзім Белявец заўважае: важным навуковым адкрыццям не перашкаджае нават дажджлівае надвор’е. Дажджы і ліўні ідуць, але як па раскладзе — у перапынках паміж працай археолагаў. Усе ўнікальныя знаходкі пасля экспедыцыі паедуць у Мінск. Пройдуць апрацоўку ў вучэбнай лабараторыі гістарычнага факультэта БДУ, а далей папоўняць экспазіцыі ўніверсітэта або адправяцца ў іншыя музеі — рашэнне прымуць пазней.
На раскопках зараз працуе каля 45 чалавек: першакурснікі гістфаку, магістранты і валанцёры.

Знойдзена калекцыя дэталяў касцюма і ўпрыгажэнняў таго часу.



Дата стварэння навіны 20.07.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку