АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Два гады пасля забойства Шарамета: следзтва працягваецца, але вынікаў няма

Два гады пасля забойства Шарамета: следзтва працягваецца, але вынікаў няма
19.07.2018
20 ліпеня спаўняецца два гады з дня гібелі ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета. Два гады расьсьледаваньня не далі вынікаў: няма ні падазраваных, ні зачэпак, ні доказаў.


Сьледчая група разглядае 5 вэрсіяў забойства Паўла Шарамета: злачынства ажыцьцёўлена за прафэсійную дзейнасьць ў Расеі і Беларусі; памылка ў аб’екце злачынства (рыхтавалася забойства ўладальніка выданьня «Ўкраінская праўда» Алены Прытулы); прафэсійная дзейнасьць ва Ўкраіне — за крытычныя публікацыі ў выданьні «Ўкраінская праўда» і на радыё «Вести»; намаганьні ў дэстабілізацыі сытуацыі ў дзяржаве; канфліктныя сытуацыі ў асабістым жыцьці Паўла Шарамета — сямейнае, камэрцыйнае і фінансавае становішча.

Забойства гучнае, расследаванне ціхае
Зь цягам часу аб сьмерці Шарамета, якую ўкраінскія ўлады кваліфікуюць як наўмыснае забойства, згадваюць усё радзей — і журналісты, і праваахоўныя органы. Эфэктыўнасьці сьледзтва не дапамог нават статус «сакрэтнасьці» справы. Пэўны час адзінай крыніцай інфармацыі аб ходзе расьсьледаваньня быў дзяржаўны рэестар судовых рашэньняў, але пасьля адпаведнага распараджэньня міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава ў ім забаранілі публікаваць усе дакумэнты, што маюць дачыненьне да гэтай справы.

Расследаваньнем займаецца аб’яднаная сьледчая група трох праваахоўных органаў — Нацыянальнай паліцыі, Генэральнай пракуратуры і Службы бясьпекі Ўкраіны. Да яе працы так і не далучылі замежнага сьледчага, як прапанавалі журналісты, хоць саму ідэю публічна падтрымлівалі ўсе — ад прэзыдэнта Ўкраіны да кіраўніцтва праваахоўных органаў.

Заклапочаныя ня толькі адсутнасьцю навін, але і непразрыстасьцю сьледзтва, журналісты ў сакавіку па выніках публічнай дыскусіі «Пагрозы свабодзе слова ва Ўкраіне», арганізаванай Нацыянальным саюзам журналістаў Украіны і Міжнароднай федэрацыяй журналістаў, ухвалілі рэзалюцыю, у якой патрабавалі ад прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, Вярхоўнай Рады, СБУ, ГПУ і МУС справаздачы аб расьсьледаваньні забойства Паўла Шарамета. Прайшло чатыры месяцы, але і гэты заклік пакуль застаецца без адказу.

Пяць вэрсіяў, уключна з «расійскай»
На пачатку году прадстаўнік Службы бясьпекі Ўкраіны заявіў, што сьледчыя дагэтуль фармуюць доказную базу, але раскрыцьцю забойства перашкаджаюць «абставіны». Пазьней сьпікер Міністэрства ўнутраных спраў Арцём Шаўчэнка ўдакладніў, пра якія абставіны гаворка: расейскае грамадзянства Паўла Шарамета і ягоныя актыўныя кантакты менавіта на тэрыторыі Расеі незадоўга да гібелі.

«Немагчыма правесьці сьледчыя дзеяньні на тэрыторыі дзяржавы-агрэсара, вызначыць тых, хто можа быць датычны да злачынства або дапытаць іх — гэта істотна ўскладняе расьсьледаваньне», — адзначыў Шаўчэнка.

У траўні ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка таксама канстатаваў:

«На жаль, сьледзтва ня мае сур’ёзнага прасоўваньня ні па адной з вэрсій, якія цяпер старанна адпрацоўваюцца». І дадаў, што з аналягічнымі праблемамі сутыкнуліся ў расьсьледаваньні і іншых рэзанансных забойстваў — прэс-афіцэра батальёну імя Джахара Дудаева Аміны Акуевай і шэрагу прадстаўнікоў Службы бясьпекі Ўкраіны.

Хаваць справу рана
Былы намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Мікола Галомша, у часы якога сьледзтва выйшла на выканаўцу забойства ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ Аляксея Пукача і яго арыштавала, мяркуе, што сьледчыя змарнавалі час у першыя гадзіны і дні пасьля забойства.

«Пацьвярджэньнем гэтага ёсьць тое, што на першапачатковым этапе расьсьледаваньня былі страчаныя магчымасьці — дасканала не зьнялі апэратыўную інфармацыю, яна не была прааналізавана, не была выкарыстана^; па гарачых сьлядах не перакрылі забойцам магчымасьць замесьці сьляды, уцячы і схавацца. Тады нават не прайшлі па маршруце і не перагледзелі відэа. А цяпер даганяць вельмі цяжка. Забойства ж учынілі не прафаны ці выпадковыя людзі. Яно рыхтавалася — за ім (Шараметам) сачылі, хадзілі ягоным маршрутам, цікавіліся», — адзначыў ён.

Паводле яго, аб праблемах афіцыйнага сьледзтва сьведчыць і журналісцкае расьсьледаваньне, якое прадэманстравала, што можна было зрабіць за кароткі прамежак часу.

Мікола Галомша перакананы, што забойства Паўла Шарамета ўчынілі «прафэсіяналы» з дапамогай спэцслужбаў. «Такія рэзанансныя забойствы рыхтуюцца такім чынам, каб сьледчы аддаляўся ад канкрэтнага да абстрактнага, а ў сьледзтва было заўсёды шмат ускосных доказаў і інфармацыі. Іх вельмі цяжка расьсьледаваць, нават калі зыходзіць з таго, што сьледзтва вядуць прафэсійныя кадры», — расказаў Свабодзе пракурор.

А ў нас праблема яшчэ і ў тым, што зьнішчылі крыміналістыку, спэцыялісты, якія былі здольныя расьсьледаваць такія злачынствы, апынуліся незапатрабаванымі ў новаствораных (пасьля рэформы праваахоўных органаў. — РС) сьледчых групах, якія мелі патрэбу ў прафэсійных кадрах, — перакананы Мікола Галомша. На мой погляд, маюць паказаць, хто займаецца гэтым расьсьледаваньнем. І калі над ім працуюць сур’ёзныя сьледчыя, то відавочна ўжо павінны былі сказаць нейкія вынікі.

Я ня чуў ніводнага разу ніякай прафэсійнай канфэрэнцыі з гэтай нагоды, ніякай інфармацыі. І гэта сумна. Сьледчыя павінны быць гатовымі да таго, што да іх будуць ставіць пытаньні аб гэтай справе, і яны мусяць ўсё тлумачыць, як гэта робяць ва ўсіх разьвітых краінах сьвету. Яны павінны даваць інфармацыю грамадзтву ў межах, дазволеных сьледзтвам. Мусяць быць адкрытасьць, кантакт з грамадзкасьцю, з журналістамі. Яны абавязаны падаваць афіцыйную інфармацыю, хоць бы пра тое, што сьледзтва працягваецца».

У той жа час Мікола Галомша дадаў, што «хаваць» справу рана: «Я лічу, што пэрспэктыва заўсёды ёсьць. Але тады, калі ёсьць прафэсійныя кадры, ёсьць жаданьне і досьвед».

Калегі чакаюць праўды
За дзень да трагічнай гібелі Павал Шарамет абмяркоўваў у студыі «Грамадзкага радыё» тэму нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў Беларусі і ва Ўкраіне. Адзін зь вядоўцаў той праграмы Андрэй Кулікоў расказваў, што дыскусію яны прадоўжылі яшчэ і пасьля эфіру. Але тады ён не заўважыў у Паўла Шарамета ніякай заклапочанасьці сваёю ўласнаю бясьпекаю. Андрэй Кулікоў пераконвае: памяць ёсьць адной з гарантый таго, што справу не пахаваюць у сьледчых кабінэтах.

«Я баюся, што праўды аб гібелі Паўла мы так і не даведаемся, прынамсі адбудзецца гэта ня хутка. Аднак справа не пахаваная, пакуль ёсьць сябры Шарамета, якія памятаюць яго, і пакуль ва Ўкраіне захоўваюцца такія ўмовы, якія прывялі да гібелі Паўла, а гэтыя ўмовы — перавага алігархаў у мэдыйнай прасторы, агрэсія Расеі, недахоп салідарнасьці журналістаў. Тут нельга здавацца, а трэба ўвесь час настойваць, каб расьсьледаваньне было даведзенае да вынікаў. Гэта ёсьць гарантыяй таго, што ў выніку мы будзем ведаць, хто яго забіў», — адзначыў Андрэй Кулікоў.

Аб трагедыі ў Кіеве на скрыжаваньні вуліц Хмяльніцкага і Франка нагадвае «народны помнік» — партрэт Паўла Шарамета прымацаваны на слуп, а пад ім заўсёды стаяць жывыя кветкі. Сёлета акцыя памяці адбудзецца 20 ліпеня а 8-й гадзіне раніцы.

паводле радыё Свабода

Дата стварэння навіны 19.07.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку