АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Нікол Пашынян: Продаж Азербайджану беларускіх “Паланэзаў” непрымальны

Нікол Пашынян: Продаж Азербайджану беларускіх “Паланэзаў” непрымальны
19.07.2018
Продаж Беларуссю Азербайджану сваіх сістэм залпавага агню “Паланэз” абвастрыў адносіны паміж Мінскам і Ерэванам. 


Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё заявіў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. 

Якімі вы бачыце ў далейшым ўзаемаадносіны паміж Арменіяй і Беларуссю?

Пашынян: У нас добрыя адносіны, але я думаю, што ў нас ёсць вялікі патэнцыял і мы павінны яго рэалізаваць. Канешне, у нас ёсць заклапочанасць з нагоды продажу Беларуссю зброі Азербайджану. І гэта вялікая праблема для нашых адносінаў. Я пра гэта гаварыў з прэзідэнтам Лукашэнкам. І вы ведаеце, гэтая праблема абвастраецца тым, што Арменія і Беларусь з’яўляюцца ваенна-палітычнымі партнёрамі ў межах АДКБ. Усе грамадзяне Арменіі незадаволеныя з нагоды таго, што Беларусь прадае зброю Азербайджану.

 Ведаю, што і вы, і іншыя чыноўнікі Арменіі спрабуюць угаварыць Мінск і асабіста Лукашэнку больш Азербайджану зброю не прадаваць. Як думаеце, атрымаецца?

Пашынян: Думаю, няправільна казаць, што мы спрабуем угаварыць. Мы тлумачым нашу пазіцыю па гэтым пытанні. Мы з павагай ставімся да інтарэсаў Беларусі і спадзяемся, што Беларусь з павагай ставіцца да інтарэсаў Арменіі. На жаль, для нас такая дзейнасць (продаж Беларуссю зброі Азербайджану. — Еўрарадыё.) непрымальная, і я хачу пра гэта сказаць наўпрост.

Нагадаем, пра тое, што Беларусь прадала Азербайджану сістэмы залпавага агню “Паланэз”, стала вядома ў чэрвені, калі прэзідэнт Ільхам Аліеў браў удзел у адкрыцці вайсковай часці ракетных войскаў Азербайджана. На фота з мерапрыемства трапілі і беларускія “Паланэзы”. У той жа дзень намеснік міністра замежных спраў Арменіі Рубэн Рубінян заявіў: “Шкада, што Беларусь, сяброўская нам краіна, прадае ўзбраенне краіне, якая мае з намі канфлікт”.

Па словах старшыні Савета нацыянальнай бяспекі Арменіі Армэна Грыгарана, цяпер і МЗС, і Савет нацбяспекі Арменіі працуюць над тым, каб Беларусь адмовілася ад продажу ўзбраення Азербайджану.



Дата стварэння навіны 19.07.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку