АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Гісторык: Як і Луцкевічы ў БНР, апазіцыя 2000-х празмерную ўвагу надавала замежным кантактам, а не пошуку кампрамісу ўнутры нацыі

Гісторык: Як і Луцкевічы ў БНР, апазіцыя 2000-х празмерную ўвагу надавала замежным кантактам, а не пошуку кампрамісу ўнутры нацыі
14.07.2018
Сёлета Сяргей Шупа скончыў свой праект пра БНР.

Сёлета Сяргей Шупа скончыў свой праект пра БНР. Пра гэтую работу я ўжо пісаў на nn.by, яшчэ калі яна выходзіла як перадача на «Свабодзе». Пісаў пераважна пра моцныя бакі: проці традыцыйнай гістарыяграфіі БНР гэтая кніга адрозніваецца інавацыйнасцю.

«Падарожжа ў БНР» пераводзіць апавяданне на іншы ўзровень. Гэта мікрагісторыя, гісторыя штодзённасці, гісторыя рэчаў; антрапалагічны аналіз. Ключавыя «пункты зборкі» гэтай гісторыі — рэканструкцыя гутарак, узаемадзеяння, штодзённай руціны інстытутаў. Тое, што «падзейная гісторыя» (узорны прыклад дае праца Дароты Міхалюк) зазвычай абмінае ўвагай.

Не ставячы пад сумненне вартасць архіўнага рамана, у гэтым водгуку я паспрабую крытычна разабраць некаторыя моманты кнігі. Абагульніць іх можна як залежнасць ад асяроддзя. Добра гэта было чуваць на прэзентацыі кнігі ў Менску, калі Шупа стаў адказваць на пытанне, ці здзейснілася БНР. Сама кніга — такая помста матэрыялу — дае адназначна адмоўны адказ. Як беларускі ўрад бадзяўся па памяшканнях, прасіў у думы «ложачкі» «еслі можна, без дзенег», мусіў весці ліставанне з вучнёўскай грамадой Менска пра іх пішучую машынку — а тым часам Украінская рада ўжо ў І Універсале ўводзіла «нацыянальны падатак». Але на прэзентацыі «тчэ, забыўшыся, рука» — абы не зачапіць неруш нацыянальнай традыцыі.

Варта папытаць, ці вызваленне ад безадказных клішэ, дарагіх асяроддзю, не можа даць нейкі большы спажытак — і каб бавіць час за цікавым чытвом, і каб разважаць пра сужыццё ў цяперашняй і будучай Беларусі.

У лістападзе 1917 года дэлегацыя Вялікай беларускай рады (ВБР) на чале з Язэпам Варонкам паехала ў Петраград. У сталіцы яна вяла перамовы з Беларускім абласным камітэтам (БАК), які ў той час таксама планаваў правядзенне Усебеларускага з’езда. Да гэтай пары ВБР ужо паразумелася з Беларускай народнай грамадой (БНГ) у Маскве, якая злучала ўцекачоў з Беларусі.

Перамовы былі цяжкія. Але паступовы распад імперыі як адзінай прасторы думкі і дзеяння стаў відавочны ўжо і для «абласнікоў», якія былі да гэтага часу паслядоўна абыякавыя да беларускага праекта ў версіі беларускіх партый. Цяпер жа БАК паказаў гатоўнасць супрацоўнічаць.

З гэтага супрацоўніцтва вырасла шмат. У снежні 1917 года адбыўся Усебеларускі з’езд, арганізатарамі якога выступалі ў першую чаргу рада і камітэт. З’езд паставіў перад асноўнымі групамі — прыхільнікамі ВБР і БАК — найперш камунікацыйны выклік. Раней варожыя адно да аднаго, ВБР і БАК разумелі, што толькі кампраміс дазволіць вызваліць «Заходнюю вобласць» ад франтавой, чужынскай улады Мяснікова і Ко.

У выніку бясконцых дэбатаў, якія запатрабавалі ўмення інстытуцыйна «звязваць інтарэсы» (перазаснаванне прэзідыума, стварэнне Рады з’езда), была ўзгодненая славутая кампрамісная формула — першы пункт пастановы з’езда. Ён быў прапанаваны лідарам маскоўскай БНГ Аляксандрам Цвікевічам. Унікаючы слоў «Беларуская рэспубліка», з’езд зацвердзіў рэспубліканскі лад, дзейнічаючы ад імя Беларусі.

Так была скончаная спрэчка першага перыяду расейскай рэвалюцыі (сакавік — лістапад 1917 года) пра тое, ці Беларусь наогул існуе як вартасная адзінка гуртавання, калектыўнай размовы і дзеяння. Нездарма для Тамаша Грыба ці гісторыка Станіслава Рудовіча Першы Усебеларускі з’езд быў цэнтральнай падзеяй.

Гэта не падрыхтоўчы этап, не пралог да БНР, да сапраўдных гістарычных здзяйсненняў. Гэта і ёсць — здзяйсненне беларускай рэвалюцыі. У гэтым розніца паміж Грыбам і, напрыклад, «нацыянальнай рэвалюцыяй», як яе прызвычаена выкладае Шупа. Нацыянальная рэвалюцыя спрэс дбае аб жэстах, і па-над рэштай жэстаў яна ставіць ІІІ Устаўную грамату.

У сапраўднасці, беларуская рэвалюцыя як кшталтаванне палітычнай нацыі скончылася 24 сакавіка 1918 года. Да гэтай пары Народны сакратарыят і Выканаўчы камітэт Рады з’езда дзейнічалі як лагічны працяг з’езда. Яны спрабавалі захаваць рамку, якая б улучала ў БНР разнастайныя, спаборныя групы. «Народы Беларусі» з І Устаўной граматы — не проста клішэ ці недагляд. У камітэт неўзабаве былі кааптаваныя 15 прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей. Сюды можна дадаць 10 сяброў камітэта, пасланых ад менскіх думы і земства. Там дамінавалі не беларусы: як слушна заўважае Шупа, там беларусы самі былі меншасцю.

І і ІІ ўстаўныя граматы былі прынятыя іначай, чым ІІІ-я. Тыя першыя граматы паўсталі як працяг калектыўнай размовы беларускіх нацыяналістаў і «нацыянальнай абыякавасці» (тэрмін даследчыцы Тары Зары). Для ўдзельнікаў беларускага руху таго было замала, а «тожа-беларусам» і «тэж-беларусінам» (выразы Купалы) і таго было замнога. Першыя граматы былі кампрамісам — пошукам «middle ground», той сярэдзіны, у якой маглі б удзельнічаць розныя групы.

Супярэчнасць інтарэсаў, змаганне за іх стварылі дынамічны малюнак «ранняй БНР». Даследчык Андрэй Чарнякевіч назваў гэты перыяд «мужыцкай рэспублікай». Гэта надзвычай трапна, бо паказвае, адкуль БНР паходзіла як праект.

Проці таго што ўнушае Шупа і беларуская традыцыя, БНР можна зразумець толькі з пункту гледжання сукупнай рэвалюцыйнай культуры, якая тады панавала па-над колішняй царскай імперыяй. Як узнікла назва «Народны сакратарыят»? Відавочна, яе запазычылі не з Полацкага княства, ВКЛ ці паўстання Каліноўскага. Дадамо сюды яшчэ менш вядомы момант: у кастрычніку 1917 года ВБР стварыла свой Выканаўчы камітэт, які складаўся з «генеральных камісараў».

Беларускія нацыяналісты тады былі больш рэвалюцыянерамі, чым нацыяналістамі. Яны майстравалі, знаходзячыся паміж Украінай (там быў Генеральны сакратарыят) і Петраградам (там якраз узнік Народны камісарыят). Як Ленін зрэагаваў на прапанову Троцкага назваць свой урад Радай народных камісараў — «гэта пахне рэвалюцыяй», так і БСГ кіравалася на той жа водар. Сярод іх апанентаў былі «буржуазныя беларусы», напрыклад, Скірмунт. Рабілі яны трохі розныя справы.

Так можна многае лацвей зразумець з таго, што рабілася ў Менску паміж думай, земствам і выканкамам у лютым — сакавіку 1918 года. Не проста нацыянальныя меншасці былі запрошаныя, а прадстаўнікі іхнае рэвалюцыйнае дэмакратыі. Народны сакратарыят, Выканкам з’езда, уся рыторыка і праграма новага праекта былі натхнёныя, матываваныя рэвалюцыяй, вялізнай постымперскай трансфармацыяй. Нават першы герб БНР беспамылкова паказвае на гэтае карэнне рэспублікі.

Пра гэта ўсё чытач лёгка даведаецца з кніжкі Шупы, але сам Шупа гэтага не заўважае. Прычына — у прыкрай залежнасці ад звычак і канвенцый беларускага нацыяналізму, які некалі і Першаму Усебеларускаму з’езду патрапіў прыпісаць абвяшчэнне незалежнасці.

Антон Луцкевіч, 1918 год.

Братамі Луцкевічамі, асабліва Антонам, Шупа захапляецца. Вось як сцісла і навочна Шупа падсумоўвае палітычную кар’еру Луцкевіча ва ўрадзе БНР: «З адыходам Антона Луцкевіча ў гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі закончылася эпоха Вялікага Стылю беларускай палітыкі» (с. 167).

Пра гэта важна падумаць, у чым наогул можа палягаць вялікі стыль, ці ён сапраўды звязаны з Луцкевічамі і якую ролю ў гісторыі БНР браты адыгралі папраўдзе.

Вось жа, як пачаўся ўдзел братоў Луцкевічаў у БНР — скончылася беларуская рэвалюцыя як такая. Цалкам змянілася логіка, якой БНР кіравалася ў сваёй дзейнасці. Андрэй Чарнякевіч трапна заўважыў у сваёй кніжцы: калі 18 лютага 1918 года Віленская рада звярталася найперш да свету і немцаў, то 21 лютага Выканаўчы камітэт — да беларускага насельніцтва.

Гэтую логіку — працаваць не з насельніцтвам, а са светам і найперш з Нямеччынай — Луцкевічы прывезлі з сабой у Менск. Тут яны заахвоцілі фракцыю БСГ да радыкальнага кроку. Цалкам праігнараваўшы меркаванне іншых удзельнікаў гэтага праекта (ПСР, руска- і ідышамоўных месцічаў) большасць грамадоўцаў у Радзе галасавала за ІІІ Устаўную грамату. 10 гадзін цягнулася спрэчка, 26 выступоўцаў узялі слова. Пэўна, драматызм быў не горшы, чым 22 лістапада 1996 года, калі ў іншым беларускім парламенце — Вярхоўным Савеце — зноў пляжылі палітычную нацыю.

Так для БНР пачалося «выпрабаванне дыпламатыяй» — замест выпрабавання «работай над людзьмі». Земства і дума перасталі зважаць на Раду і сакратарыят, меркаваных грамадзян яны маглі ахапіць у абмежаваным маштабе. Дзякуючы Луцкевічам, галоўнай мэтай стала не фарміраваннне структур салідарнасці і паразумення розных груп, а на першы план выйшаў пошук кантактаў з немцамі.

Пры гэтым няцяжка заўважыць, якія разбуральныя вынікі гэтая дзейнасць мела. З 25 сакавіка 1918 года пачаўся перманентны крызіс БНР, яе ўрад паступова распаўся. Далейшыя крокі, часткова ці цалкам натхнёныя Луцкевічамі — тэлеграма кайзеру, уключэнне ў Раду рэспублікі правых, фарміраванне кабінета Скірмунта — далі ў канчатковым выніку сціплы плён. Нямеччына так і не прызнала БНР de jure (на што ўласна і быў спадзеў). Толькі вайсковае камандаванне ў Менску з цягам часу пайшло на кантакт з БНР, надаўшы ёй функцыі нацыянальнага прадстаўніцтва пры акупацыйнай адміністрацыі. Так БНР здолела паўплываць на школьніцтва, культуру, прэсу.

Гэта ўсё набытак, бясспрэчна. Але ці сапраўды гэта вялікі стыль? 24 сакавіка 1918 года браты Луцкевічы настойвалі на неабходнасці радыкальнага кроку, спасылаючыся на досвед іншых краін. Перад вачыма быў поспех літоўцаў і ўкраінцаў, Луцкевічы хацелі рыхтык, як там. Цалкам ігнаруючы беларускую спецыфіку і рэальны практычны і палітычны досвед, сабраны беларускім нацыянальным рухам за папярэднія пяць месяцаў супрацы з «нацыянальнай безуважнасцю».

Падрабязнае апісанне гэтай логікі зацікаўлены чытач знойдзе ў працы Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі». Беларуская апазіцыя ў 2000-х цалкам узнавіла тактыку братоў Луцкевічаў: яна капіявала іншых. Не дбаючы пра розніцу ўмоў, дынаміку жыцця і ягоную магчымую помсту. Пакуль Лукашэнка дзейнічаў суверэнна і творча, беручы пад увагу рэчаіснасць беларускай сітуацыі, апазіцыя старанна наследавала Сербіі, потым Украіне і Грузіі.

Такі ён, вялікі стыль. Бачыць далёка, а драбніцы яму не абыходзяць.

Браты Луцкевічы ў 1918-м схібілі не ўпершыню. Пра іх вельмі цікавую палітычную стратэгію добра пісаў Туронак. Як яны абураліся памяркоўнасцю Іваноўскага і раскалолі БРП, каб рабіць сапраўдную рэвалюцыю. Нарабілі не надта багата, пакуль Іваноўскі друкаваў кніжкі ў «Крузе народнай прасветы».

У гэтым разыходжанні можна ўбачыць шырэйшы раскол, які тады прайшоў праз імперскую грамадскасць Расіі. Паміж прагрэсістамі і рэвалюцыянерамі-радыкаламі. Тут каму што мілейшае, але праграма трансатлантычнага прагрэсізму (ён тады квітнеў і ў ЗША, і ў Еўропе) апісаная гісторыкам Іллёй Герасімавым, сапраўды ўражвае. Тут як не ўспомніць украінскую нацыяналістычную мабілізацыю, у якой выключную ролю адыгралі акурат прагрэсісты — партыя паступоўцаў. Узначальваў яе Грушэўскі.

Можа, каб у беларускім нацыяналізме большую вагу меў Іваноўскі ці каб 24 сакавіка 1918 года БСГ прыслухалася да пратэстаў эсэраў — БНР мела б іншы лёс. А можа і не. Пра гэта проста варта падумаць, як заклікаў да гэтага Ляхоўскі.

Усё гэта рэчы такія, далікатныя. Пра памылкі, няўдачы, вінаватых: хто хоча гаварыць? А альтэрнатыва такая спакуслівая. Заспакойваць сябе, нахвальваць. От ужо і БНР дзяржава, і ІІІ Устаўная грамата ледзь не наўпрост стварыла Рэспубліку Беларусь. Захапленне і поспехі множацца ў гэтым калектыўным адмаўленні рэчаіснасці.

Шупа зрабіў важны крок: зрабіў прадметам свайго апісання рэчаіснасць — такая логіка архіву. Але міжволі ці не, накінуў на яе мёртвыя схемы. Падзейная гісторыя — ад граматы да граматы — схавала структуры, іхную дынаміку. Рэвалюцыя, палітычная нацыя — наўпрост вынікаюць з «Падарожжа ў БНР». Пэўна, адтуль можна выснаваць цікавага нашмат больш.

Мне падабаецца выказванне нямецкай даследчыцы Тані Пентэр. Яно прагучала з іншай нагоды, але гучыць актуальна і для беларусаў: «Мне важна выступіць за інтэгральную даследчую перспектыву, якая мае задачай не звычайны раней індывідуальны разгляд асобных феноменаў, а аналітычнае злучэнне шырокага спектру рознага ваеннага досведу ўкраінцаў (і нацыянальных меншасцей, што жывуць ва Украіне)».

Гэта і з БНР рабіць трэба, і з БНФ. Шматбаковы інтарэс да практыкі, размовы і дзеяння мусіў бы замяніць калектыўнае адмаўленне рэчаіснасці. У такім падыходзе шмат цікавага: жыццё, як пісаў Брыль, «сетка клопату, мітусні, варажнечы, сяброўства, любові, творчасці, распусты».

Бо жыццё цікавейшае за схемы. Яно шмат усяго абяцае. Як і БНР абяцала, пакуль не трапіла ў пастку «вялікага стылю» Луцкевічаў.

Антон Лявіцкі, НН.



Дата стварэння навіны 14.07.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку