АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Шагал. «Яе любоў асвятляла ўсё, што я рабіў…»

Шагал. «Яе любоў асвятляла ўсё, што я рабіў…»
10.07.2018
У Віцебску напярэдадні 131-х угодкаў Марка Шагала адчынілася выстава, прысвечаная ягонай жонцы, – «Бэла Шагал. Партрэт жонкі мастака».

Аўтарскую экскурсію па выставе, якая экспануецца зараз у Арт-цэнтры Марка Шагала, правяла 8 ліпеня куратар праекту Людміла Хмяльніцкая.

Выставу складаюць больш за 20 стэндаў з рэпрадукцыямі старых фотаздымкаў і шагалаўскіх працаў, вытрымкамі з успамінаў ды тэкстамі. Як заўважыла на пачатку экскурсіі Людміла Хмяльніцкая, “гэтая выстава прызначаная для таго, каб глядзець яе носам – уважліва разглядаць здымкі, чытаць тэксты”.

Адчыняюць экспазіцыю фотапартрэты Марка і Бэлы. А задае тон – вялікая і пранізлівая цытата з пасляслоўя Марка Шагала да кнігі ўспамінаў Бэлы Шагал “Прамянеючыя агні” (“Горящие огни”), якая была выдадзеная ў 1946 годзе, ужо пасля сьмерці Бэлы. “Доўгія гады яе любоў асвятляла ўсё, што я рабіў…” – пісаў Шагал.

Выстава “Бэла Шагал. Партрэт жонкі мастака” раскрывае шмат таямніцаў і стварае ў выніку вобраз жанчыны, які дагэтуль мог падавацца камусьці занадта простым і плоскім (“Муза Шагала”).

Ніжэй – толькі некалькі штрыхоў і фактаў з інфармацыйна (і эмацыйна!) насычанай экскурсіі.

На 5 гадоў сябе “амаладзіла”
Дата народзінаў Бэлы Шагал, выбітая на яе надмагільным камяні (1895), не адпавядае сапраўднасці, сцвярджае Людміла Хмяльніцкая. Насамрэч Бэла Розенфельд нарадзілася ў Віцебску ў 1889 годзе, гэта ўжо пацверджана дакументальна (прынамсі – паперамі з віцебскай жаночай гімназіі).

Хмяльніцкая мяркуе, што гэта была жаночая (і “цалкам даравальная”) хітрасць. Такім чынам, Бэла ўсяго на два гады была маладзейшая за Марка Шагала.

Дом Вітэнбэрга і віцебскі шакалад
Бэла нарадзілася ў так званым доме Вітэнбэргу. Гэты дом, унікальны для Віцебску паводле архітэктуры, стаяў раней на Смаленскай вуліцы (цяпер – Леніна), прыкладна там, дзе знаходзіцца зараз помнік Альгерду. У гэтым доме і жыла сям’я Розенфельдаў (было 8 дзяцей), там жа знаходзілася адна з дзвюх ювелірных крамаў бацькі – Шмуля-Неўха Розенфельда.

У доме размяшчаліся таксама гатэль “Бразі”, фотаатэлье Макоўскага, мэблевая крама Шэхтэра і шмат чаго яшчэ. Была і цукерня “Жан Альберт”. Калі ў ёй варылі шакалад – ашаламляльны водар распаўсюджваўся на ўсё наваколле. Малая Бэла адразу ж выбягала на вуліцу, бо цукернік дазваляў ёй аблізваць лыжку пасля размешвання шакаладу. Проста вобраз… Гэта быў іншы Віцебск.

Дом Вітэнбэрга не захаваўся. Быў пашкоджаны падчас Другой сусветнай, але канчаткова яго зраўнавалі з зямлёй за Саветамі. Праект аднаўлення гасцініцы “Бразі”, які абмяркоўвалі яшчэ 10 гадоў таму, на жаль, не ажыццявіўся.

Шагал пабачыў яе ў “салоне Тэі”
Як вядома, Бэла скончыла Аляксееўскую жаночую гімназію, якая знаходзілася раней каля Кіраўскага мосту (цяпер – пл. Тысячагодздзя, будынак не захаваўся). Тэя Брахман была сяброўкай Бэлы па гімназіі. Маці яе працавала ў тэатры, таму ў доме Тэі часта збіралася віцебская багема. Заходзіў туды і Шагал.

Бэла (крайняя злева) з братамі і сёстрамі. Фота з выставы

У кнізе “Маё жыццё” мастак піша, што спачатку ў яго быў раман з Тэяй, але калі пабачыў там Бэлу, то зразумеў, што “не з Тэяй павінен быць, а з Бэлай…” Была чароўная.

Адбівалася ад “жаніхоў” у Маскве
Калі Бэла ўжо вучылася на вышэйшых жаночых курсах у Маскве, даводзілася адбівацца ад “жаніхоў”. Прыхільнікаў у прыгажуні дачкі віцебскага ювеліра было шмат.
“Знайшла ў сабе сілы і смеласць супрацьстаяць націску бацькоў і жаніхоў, каб дачакацца свайго мастака-летуценніка”, – расказвае Людміла Хмяльніцкая. Вяселле адбылося ў 1915 годзе, пасля вяртання Шагала з Парыжу.

Перажыла жахлівыя часы ў Петраградзе
У 1915 годзе яны пераехалі ў Пецярбург. У 1916-м у Бэлы і Марка нарадзілася дачка Іда. Праз год здарылася рэвалюцыя. Страшныя часы: нельга было дастаць ні малака, ні хлеба, ні дроў. “І гэтая буржуазная дзяўчынка, выхаваная ў дастатку, з дзіцём на руках, усё гэта вытрымала. Была як Мадона…” – гаворыць Хмяльніцкая.

Цытуем Шагала (“Маё жыццё”): “З намі нашая дачурка. Даруй, радная, што толькі на чацверты дзень пасля твайго нараджэння прыйшоў зірнуць на цябе. Цяпер мне сорамна. Я хацеў хлопчыка, а нарадзілася ты…”

Кнігу ўспамінаў напісала на ідыш
Бэла Шагал была таленавітая. Марыла стаць тэатральнай акторкай. У Маскве наведвала тэатральную студыю, грала на сцэне. А ўжо на эміграцыі, у Амерыцы, яскрава праявіла свае літаратурныя здольнасці. Прычым кнігу ўспамінаў “Прамянеючыя агні” напісала на ідыш – мове свайго віцебскага дзяцінства. Гэта было вельмі важна для яе. Каб успомніць і ўзнавіць мову, запрасіла настаўніка.

Але гэта быў не проста ідыш, гэта быў свайго кшталту "віцебскі ідыш", з адмысловай лексікай і выразамі, якія габрэі ўжывалі толькі тут.

“І гэтая кніга напісаная такой мовай, што думаю: калі б Бэла не стала жонкай Марка Шагала і “ўсім для яго”, то стала б пісьменніцай Бэлай Розенфельд ці акторкай Бэлай Розенфельд. Але гэтага не адбылося. Усё сваё жыццё яна прысвяціла мужу”, – кажа Людміла Хмяльніцкая.

Бэла Шагал раптоўна сышла з жыцця ў 1944 годзе.

“2 верасня, калі Бэла пакінула гэты свет, выбухнулі грымоты, хлынуў лівень. Усё пакрылася цемрай…” – пісаў Шагал у пасляслоўі да ўспамінаў жонкі.

Працягваюць справу сваёй бабулі
Марк Шагал меў двух унучак і ўнука (дзеці Іды). Адну з унучак таксама завуць Бэлай. Бэла Мэер, выпускніца Сарбоны і доктар гісторыі мастацтва, жыве ў Нью-Ёрку. У 1997 годзе, разам з сястрой Мэрэт, прыяжджала ў Віцебск, на радзіму сваёй цёзкі-бабулі.


“Вялікую калекцыю працаў Шагала музей атрымаў у падарунак якраз ад нашчадкаў мастака. За што нізкі ім паклон, бо яны працягваюць справу сваёй цудоўнай бабулі – Бэлы Шагал”, – зазначыла напрыканцы экскурсіі Людміла Хмяльніцкая.


Змястоўная, густоўная і выдатная выстава пра жанчыну, якой мусім ганарыцца.


Выставу “Бэла Шагал. Партрэт жонкі мастака” ў Арт-цэнтры Шагала ў Віцебску можна наведаць аж да 16 верасня. Праект, які варты ўвагі.

Зміцер Міраш, фота аўтара, vitebskspring.org



Дата стварэння навіны 10.07.2018

Возврат к списку