АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Калі чалавек не абараняе свае правы – ён іх проста не ведае»

«Калі чалавек не абараняе свае правы – ён іх проста не ведае»
07.07.2018
Валанцёр «Вясны» дамагаецца кампенсацыі за затрыманне.

Валанцёр праваабарончага цэнтру «Вясна», сталы назіральнік на акцыях пратэсту Юры Мяцельскі праз суд патрабуе ад Міністэрства фінансаў кампенсацыі маральнай шкоды за свае затрыманне ў навагоднюю ноч. Тады ён правёў два дні ў слуцкім ІЧУ.

Паводле словаў Мяцельскага, міліцыянты яго збілі, а таксама пагражалі «ластаўкай» ды «прэс-хатай».

Што адбылося?
Як распавёў belsat.eu Юры, сёлета ў ноч на 1 студзеня ён разам з сябрам шпацыраваў па родным Слуцку. Раптам да іх падышлі супрацоўнікі АМАП, не назваліся і пачалі праводзіць дагляд іхных рэчаў.

– АМАПаўцы папрасілі паказаць дакументы, а я з сабой пашпарт не ўзяў. Тлумачу гэта, але яны працягваюць настойваць. Тады я папрасіў іх паказаць свае пасведчанні, яны вельмі хутка паказалі, імя разгледзець не атрымалася. Я перапісаў нумар жэтону аднаго з АМАПаўцаў, а той адразу затрымаў мяне са словамі «Ты што, самы разумны?!»
Хлопец прызнае: яны з сябрам «трошкі выпілі», бо святкавалі Новы год. Сябра адпусцілі, а Юрыя даставілі на медычны агляд, зрабілі тэст на алкаголь – выявілася, што ў крыві было ўсяго 0, 29 праміле. Праваабаронца сцвярджае: тады ж міліцыянты выкарысталі супраць яго грубую фізічную сілу.

– Калі папрасілі распрануцца для дагляду, я выклаў з кішэні мабільны і збіраўся выключыць яго. У гэты момант міліцыянты выбілі тэлефон у мяне рук, рукі заламалі, штурхнулі і я ўпаў, стукнуўшыся галавой аб лаўку. Сілавікі тым часам лаяліся матам на іншых затрыманых, якія сядзелі ў чарзе.

Потым Мяцельскага завезлі ў Слуцкі РАУС, дзе старэйшы лейтэнант Савін склаў на яго пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КоАП). Паводле міліцыі, праваабаронца «лаяўся матам, пагарджаў мінакоў».

– Я папрасіў патлумачыць мае правы як затрыманага, а ўчастковы зноў заламаў мне руку, кінуў на падлогу, пачаў пагражаць «ластаўкай» (у позе «ластаўка» рукі скоўваюць кайданкамі, прапускаюць пад ланцужком кайданкаў металічны прут і чалавек вісіць, не кранаючы падлогу, лічыцца катаваннем -заўв.), што адправіць у «прэс-хату».

У камеры ізалятару, куды накіравалі Мяцельскага, было яшчэ тры асобы. Праваабаронца скардзіцца: не выдалі бялізну, спаць даводзілася проста на брудным матрацы, за два дні не выводзілі на вуліцу, не далі нават туалетнай паперы.

– Праз два дні мяне моўчкі адпусцілі без аніякай даведкі аб тым, што я сядзеў у ізалятары. Калі суд – таксама не паведамілі.

«Затрыманне» і «адміністратыўнае затрыманне» – розныя рэчы?
Суд адбыўся толькі напрыканцы лютага і пастанавіў: Мяцельскі невінаваты, справа спыненая. Пасля гэтага хлопец паскардзіўся ў Слуцкую раённую пракуратуру на дзеянні міліцыянтаў і падаў іск на кампенсацыю маральнай шкоды ў суму 500 рублёў і яшчэ 510 рублёў на паслугі адваката. У якасці адказчыка выступае Міністэрства фінансаў (МУС не мае паўнамоцтва сплачваць грашовыя кампенсацыі).

На папярэднім паседжанні 6 ліпеня прадстаўнік Мінфіну Кірыл Мамонаў заявіў, што іск «не прызнае ў поўным аб’ёме». Паводле яго словаў, спыненне вытворчасці па справе яшчэ не азначае, што сам пратакол быў складзены незаконна. Ён звярнуў увагу на тое, што ў заканадаўстве «затрыманне» і «адміністратыўнае затрыманне» – два розныя паняткі. Таксама Мамонаў спаслаўся на артыкул працэсуальнага-адміністраўнага кодэксу, які прадугледжвае кампенсацыю маральнай шкоды ў выглядзе афіцыйнага выбачэння, але не выплаты грошай.

Аднак Юры з гэтым не згаджаецца і мае намер надалей патрабаваць менавіта фінансавага пакрыцця маральнай шкоды.

-Проста выбачэнняў будзе недастаткова. Мае нейкае значэнне, калі перад табой выбачаецца чалавек, якога паважаеш, а тут іншы выпадак. Таму паводзіны Мінфіну выглядаюць непрыгожа, ганебна.

Першае слуханне прызначана на 10.00 18 ліпеня.

***

Юрыю Мяцельскаму 27 год, з 2014-га ён далучыўся да «Вясны». Актыўна валанцёрыць на вулічных акцыях, займаецца маніторынгам. І хаця ў ізалятары яму давялося пабываць упершыню, раней яго ўжо затрымлівалі на некалькі гадзін. Апошнім разам ён з шасцю сваймі калегамі з «Вясны» і Беларускага Хельсінскага камітэту быў затрыманы падчас акцыі 3 ліпеня, анансаванай Міколам Статкевічам. На гэтыя дзеянні сілавікоў валанцёры збіраюцца таксама паскардзіцца: «у ідэале – дайсці да Камісіі па правах чалавека ААН», адзначае Тацяна Мастыкіна, якая прыйшла падтрымаць сябра ў судзе.

Свае валанцёрства Юры Мяцельскі не збіраецца пакідаць, да рэпрэсіяў гатовы і не баіцца будучых затрыманняў.

Інцыдэнт 1 студзеня Юры Мяцельскі не лічыць палітычна матываваным, а звязвае з «бязмежжам на месцах».

- Натуральна, міліцыянты на момант затрымання не ведалі, хто я, не разумелі, што чалавек, якога закрылі ў ізалятары ні за што на двое содняў, зможа за сябе пастаяць. Ведаючы свае правы, ужо проста немагчыма іх не абараняць. А калі хтосьці не не абараняецца, значыць, той проста не ведае сваіх правоў, – кажа валанцёр «Вясны».



Дата стварэння навіны 07.07.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку