АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Справу аб гібелі Аляксандра Коржыча накіравалі ў Вярхоўны Суд

Справу аб гібелі Аляксандра Коржыча накіравалі ў Вярхоўны Суд
05.07.2018
Генеральная пракуратура вывучыла і накіравала ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь для вызначэння падсуднасці крымінальную справу аб гібелі жаўнера Аляксандра Коржыча ў Печах.


У межах справы 3-х вайскоўцаў 72-га вучэбнага цэнтру абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 205 (крадзеж), ч. 1 і ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару і паўторнае атрыманне хабару), ч. 3 арт. 455 (перавышэнне ўлады, якое пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Як адзначаецца ў паведамленні на сайце Генпракуратуры, пасля праверкі матэрыялаў крымінальнай справы пракурор прыйшоў да высновы аб наяўнасці дастатковых доказаў вінаватасці абвінавачаных, а таксама «ўсебаковым і аб’ектыўным даследаванні абставінаў злачынства».

«Ужытая раней у дачыненні да абвінавачаных мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінутая пракурорам без змены», – адзначылі ў ведамстве.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў за дзедаўшчына і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.

Нарэшце, 19 красавіка, Следчы камітэт аб’явіў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя, паведамляе Белсат.



Дата стварэння навіны 05.07.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку