АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Уладзімір Някляеў. На крыжы (урывак з рамана)

Уладзімір Някляеў. На крыжы (урывак з рамана)
28.06.2018
28 чэрвеня 1942 года, 76 гадоў таму не стала Янкі Купалы.

Ягоная смерць у гатэлі “Масква”, дзе ён зляцеў у лесвічны пралёт, дасюль загадка. Разгадаць яе ў рэальным свеце, колькі разоў ні спрабаваў я гэта зрабіць, мне не ўдалося. І мяркую, што наўрад ці ўдасца некаму іншаму. Цяпер я нават думаю, што яно і не трэба, бо сама па сабе таямніца заўсёды вышэй за яе разгадку. Але “таямнічых” матэрыялаў набралася багата, шкада было іх губляць, таямніца вярэдзіла, таму я вырашыў разгадаць яе ў тым свеце, у які перайшоў Купала са свету гэтага і дзе нічога іншага для нас, апроч таямніцы, няма.

Яшчэ адным штуршком для напісання рамана пра Купалу стала тое, што мне заўсёды не хапала чалавечага маштабу, у якім традыцыйна падаецца Купала. Скажам, калі прачытаць кнігу ўспамінаў пра яго “Такі ён быў”, дык адказу на тое, які ён быў, там ніякага. Там увогуле няма чалавека, паэта. І я вырашыў маштаб павялічыць, каб чалавека Івана Луцэвіча, паэта Янку Купалу ўбачыць насамрэч такім, якім ён быў.

Раман пачынаецца з дня гібелі Купалы, з ягонага пахавання, на якое ён сам прыходзіць з Крамля пасля сустрэчы са Сталіным, – і час ад часу сюжэт рамана вяртае Купалу з ягонай смерці ў ягонае жыццё…

***

Адчыніліся дзверы, і ў кабінет Сталіна разам з камісарам Мяркулавым увайшоў Качарыга, які напісаў на Купалу данос.

– А вы думалі… – задаволена сказаў Сталін, убачыўшы, як здзівіўся Купала. – Сталін таксама жывы чалавек, і пакуль яго Берыя не знішчыў, можа іншым разам пажартаваць, – падвёў ён Качарыгу да Купалы. – Ну, павітайцеся…

Качарыга сутаргава падаў руку. Купала вяла, але паціснуў.

– Вось і спаткаліся старыя сябры, – касавата зірнуў Сталін на Купалу. – А вы думалі, не спаткаецеся? – пад локаць павёў ён Качарыгу да пісьмовага стала. – Вы ў партыі, таварыш Качарыга? – І калі Качарыга гэтак жа сутаргава, як падаў руку, кіўнуў, Сталін пасадзіў яго за стол. – Тады пішыце рэкамендацыю ў партыю таварышу Купалу.

– Таварыш Сталін… – пачаў Купала і змоўк.

– Што? – яшчэ больш узвесяліўся Сталін. – Хочаце сказаць, што ён данос на вас напісаў? Дык ён жа пісьменнік. Таму й піша.

Камісар Мяркулаў, не ведаючы, што яго чакае, паспрабаваў пажартаваць.

– Пісаць ён, вядома, піша. Але не Пушкін.

– Бо не прызначылі, – з нечаканай сур’ёзнасцю падхапіў банальны жарт Сталін. – А прызначылі б, быў бы Пушкін. Хай бы й нічога, апроч даносаў, не напісаў.

Сталінскага жарту Купала не зразумеў.

– Можна міністра прызначыць міністрам, таварыш Сталін. А Пушкіна прызначыць Пушкіным нельга. Ён нарадзіўся паэтам.

– Паэтам – так, – згадзіўся Сталін. – Але Пушкіным ён прызначаны. Замест яго мог быць прызначаны нехта іншы. Дзяржавін. Прозвішча нават больш падыходзіць, чым Пушкін. Разумееце?.. Ці вы мяркуеце, што Купалам вы сталі, бо нарадзіліся Купалам? Гэта мы вас Купалам зрабілі. Мы вас ім прызначылі. Хоць маглі прызначыць іншага. Так, таварыш Качарыга?

Качарыга, які за сталінскім сталом сталінскай самапіскай пісаў Купалу рэкамендацыю ў сталінскую партыю, падскочыў, а Сталін зайшоў яму за спіну.

– Та-а-к… Што вы тут напісалі?.. “Даўно ведаю таварыша Луцэвіча Івана Дамінікавіча і рэкамендую прыняць яго ў партыю вялікага правадыра савецкага народа таварыша Сталіна…” І гэта ўсё? А што вы пра яго ведаеце?.. Тое, што ён памёр, ведаеце? Тое, што фашысты, лютыя ворагі нашай партыі, нашага народа, ягоным іменем вуліцу ў Мінску назвалі, ведаеце? Што нацыяналісты, як сцяг, узняць яго гатовыя, ведаеце?..

Сталін спытаў – і чакаў. Твар Качарыгі стаў зялёным, як сукно на стале.

– Ве…ведаю… – заікнуўся ён аднекуль з-пад стала, і Сталін болей не стаў чакаць.

– Ведаеце? І рэкамендуеце ворага нашай партыі ў нашу партыю? Ды яшчэ мёртвага? Наша партыя, па-вашаму, партыя нябожчыкаў? Партыя мёртвых?.. Дык чаму тады звярнуліся да партыі з даносам?

Качарыгі з-за стала не стала відаць.

– Я думаў… думаў, што так лепей…

– Каму лепей?

– Партыі…

– Чыёй партыі?..

Качарыга хліпнуў. Раз, другі…

– Партыі вялікага правадыра савецкага народа таварыша Сталіна…

– І ўгадаў! – весела сказаў Сталін і падаў Качарыгу карычневую з чырвонымі кантамі, як у Купалы, насоўку. – Угадаў, а плачаш. Вось калі б не угадаў, плакаў бы, а так чаго плакаць? Ну-ну… Ідзі. Можаш сказаць таварышу Паскробышаву, што мы мяняем табе ордэр на ордэн.

– На які? – спытаў адразу Качарыга і тут жа зразумеў, убачыўшы, як Сталін насупіўся, што дарма спытаў. Зноў хліпнуў. – Мне б насоўку вашу на памяць, таварыш Сталін.

Насоўку Сталіну, як здалося Купалу, было шкада больш, чым ордэн, але і скнарай пры беларускім паэце выглядаць не хацелася, таму ён буркнуў:

– Бяры. Але яна з соплямі.

– Мне… – пачаў Качарыга і замоўк, бо далей, відаць, не ведаў, што сказаць. “Не скажаш жа, – падумаў Купала, – што і сталінскія соплі ўзнагарода”. А Качарыга, памаўчаўшы, сказаў: – Мне і соплі таварыша Сталіна ўзнагарода.

Сталін узяў у яго насоўку, высмаркаўся.

– Калі ласка. Свежыя. – Вярнуў насоўку і, чхнуўшы, націснуў кнопку на стале. – Аляксандр Мікалаевіч…

Увайшоў ягоны сакратар, генерал Паскробышаў. Сталін махнуў рукой у бок Качарыгі:

– Выдай яму Знак пашаны.

Паскробышаў кіўнуў і зрабіў выраз на твары, нібы яшчэ нечага чакае.

– Усё, – зноў махнуў рукой Сталін. – Што яшчэ?

– А што пасля?.. – спытаў сакратар, выводзячы Качарыгу, і Сталін плячыма пацепнуў, а Мяркулаў сказаў, на гадзіннік зірнуўшы:

– Пасля няхай начэпіць ордэн і замест таварыша Купалы ў труне паляжыць. Бо людзі там ужо збіраюцца, а труна пустая, могуць няправільна зразумець.

Сталін згадзіўся:

– Няхай паляжыць. А мы тут падумаем. Магчыма, замест таварыша Купалы таварыша Качарыгу пахаваем. Вядома, за дадатковую ўзнагароду, – як бы супакоіў ён абселага ў дзвярах Качарыгу і зноў чхнуў. Раз, другі, трэці… Стаяў і чхаў, шукаючы на стале, чым бы нос выцерці.

Расчхаліся яны… То Мяркулаў на Лубянцы, то Сталін у Крамлі.

– Магу сваю даць, – дастаў насоўку Купала. – Яна, праўда, з крывёй, але на чырвоным не відаць.

Ён не чакаў, што Сталін возьме насоўку, а той узяў, выцерся.

– Без крыві нічога не бывае, – ціха, але выразна прамовіў Сталін, пачакаўшы, пакуль Качарыга, як рак, задам, чапляючы нагой за нагу, выпаўз з кабінета. І паўтарыў, узвысіўшы голас. – Нічога, таварыш Купала, не бывае без крыві! Горкі песню пра сокала правільна напісаў. “Ён захлінуўся б маёй крывёю!..” А я паглядзеў, як вы з гэтым смаркачом, з карлам гэтым, які на вас данёс, праз якога вас не стала, за руку паздароўкаліся, і падумаў: як можна з чалавекам, які цябе прадаў, здароўкацца? Юда Троцкі мяне прадаў, я забіў яго. Ці я зрабіў няправільна, трэба было паехаць у Мексіку і паздароўкацца з ім?.. Вось чаму вы гэтаму юду Качарыгу руку паціснулі?

– Ён падаў… – сунуў Купала ў кішэнь, дзе ляжалі харчовыя карткі, качарыгінскую рэкамендацыю ў партыю. – Я паціснуў…

Сталін звёў – і раскінуў рукі.

– Ён падаў – вы маглі не паціснуць. І ніхто б яму болей руку не паціскаў. А цяпер усе паціскаць будуць, бо паціснулі вы. І ён, гэты Качарыга, гэты юда, які вас прадаў, данос на вас напісаў, усім казаць будзе, што Купала паціснуў яму руку нават на тым свеце. Пры Сталіне.

Купала якраз падумаў пра гэта, так што Сталін ізноў нібыта думкі ягоныя прачытаў.

Але цяпер гэта Купалу не ўразіла. Ну, прачытаў і прачытаў. Ён сам ужо чытаў Сталіна, як кнігу. Такую, якую б ніколі не напісаў, бо нават не ўяўляў, што такая можа быць.

Пра ўсё, што цяпер чуў ад Сталіна, Купала не раз думаў раней. Праз тое не спаў, рваў нервы, піў, ледзь трываючы боль, які не заглушаўся ні самаўгаворамі, ні гарэлкай – нікім і нічым. Боль здрады. Боль страты. Здрады і страты сяброў. Паплечнікаў. Каханых. У рэшце рэшт ён, гэты боль, які пасяліўся там, дзе была душа, выцясніў душу з яе жытла, з маленькага гняздзечка на сэрцы, у якім яна спявала, і боль гэты, заняўшы месца душы, як бы стаў ёю, душою, якая развучылася спяваць, а толькі крыкам крычала, гэтак драпаючы сэрца, што кроў, здавалася, пырскала з вачэй, якімі ўжо глядзець на свет не хацелася, бо ўдзень і ўночы ў іх было цёмна, чорна, – дык вось гэты боль, які ў ім жыў і які ім стаў, а не ён, не Іван Луцэвіч і не Янка Купала, пачаў шукаць шлях з невыноснага святла ў цемру, у чарнату… І проста так выйшла, што гэты шлях супаў з тым, які выбраў для яго таварыш Сталін. Але не казаць жа пра тое Сталіну.

Купала пацёр скроні, скінуў рукі на калені.

– Я памёр, таварыш Сталін. Памёр, так і не пабачыўшы той новай Беларусі, пра якую пісаў, якую прарочыў, пра якую марыў усё жыццё. Не спраўдзіліся прароцтвы, не здзейсніліся мары. Я памёр, не сустрэўшы тых новых людзей, якіх спадзяваўся сустрэць, не дачакаўшыся той новай беларускай літаратуры, якой чакаў. І не пабачыўшы, не сустрэўшы, не дачакаўшыся гэтага ў жыцці, я хачу пабачыць, сустрэць, дачакацца гэтага ў смерці. На тое ў мяне цяпер ёсць і вечны час, і вечная надзея.

Сталін расчаравана, нібы чакаў нечага іншага, уздыхнуў.

– Гэта вашы беларускія сны… Кіньце вы гэта. Усё, што ў вас ёсць, 1-я лабараторыя. А ў ёй тое, што мы для вас прыдумаем. І мы прыдумалі не толькі БССР. Са сцягам, гербам і “Лявоніхай”. Мы для вас, таварыш Купала, прыдумалі, нібы ў маленькім гняздзечку на сэрцы, дзе была душа, пасяліўся боль, які выцясніў душу з жытла, у якім яна спявала, і боль гэты, заняўшы месца душы, як бы стаў ёю, душою, якая развучылася спяваць, а толькі крыкам крычала, гэтак драпаючы… ну, працягвайце… – паклаў Купалу руку на плячо Сталін, і Купала працягнуў, бо усё ж невыносна хацелася гэта выказаць: “…гэтак драпаючы сэрца, што кроў, здавалася, пырскала з вачэй, якімі ўжо глядзець на свет не хацелася, бо ўдзень і ўночы ў іх было цёмна, чорна, і я пачаў шукаць шлях з невыноснага святла ў цемру, у чарнату, дзе сыходзяцца ўсе шляхі, дзе сыдуцца некалі мой з вашым, як сышоўся той, які я шукаў, з тым, які вы для мяне выбралі… але вы памыляецеся…” – зрабіў ён намаганне, каб сказаць тое, што яшчэ не сказаў, і Мяркулаў тут жа скарыстаў момант, каб заняць страчаныя пазіцыі:

– Таварыш Сталін не памыляецца! – на што Сталін ніякай увагі не звярнуў, спытаў:

– У чым памыляюся?.. – і Купала дагаварыў:

– …вы памыляецеся, мяркуючы, нібы ўсё гэта па вашай волі, што выбралі шлях для мяне вы, што вы мяне прыдумалі, – вы прыдумалі самога сябе!

Сталін выслухаў усё, ходзячы па кабінеце, і, калі Купала скончыў, стаў насупраць яго. Твар у твар.

– Няхай так. У нечым кожны з нас сам сябе выдумляе. І што?

– Нічога. Салавей не выглядае так, як ён спявае.

Сталін руку да вуха прыклаў, нібы паслухаць хацеў, як пяе салавей. Апусціў:

– І паўлін… Самі прыдумалі, ці народнае? Зрэшты, вы ж народны паэт… І што далей?

– А тое, што, як толькі самі сябе выдумляць вы ўжо не зможаце, вас пачнуць выдумляць іншыя – і зусім іншае ў вас жыццё настане. Пра пяты дзень сакавіка не забыліся?.. Вашы паплечнікі, вашы выхаванцы з той трыбуны, за якой вы ў авацыях стаялі, будуць зневажаць вас, проста здзекавацца з вас…

– А над вамі, думаеце, не? – перапыніў Купалу, стукнуўшы кулаком па кулаку, Сталін. – Думаеце, вас будуць услаўляць? Гэта я думаю, як вас уславіць! Стварыць з вас не проста паэта – неўміручую легенду! Бо гэта і мая неўміручасць, мая легенда! Бо я такую, з адных легендаў, стварыў краіну! Вечную ў легендах! А Хрушчоў падумаў: парушу легенду пра Сталіна – і стану легендай сам. Ідыёт. Легенда – не кукуруза. Легенда можа вырастаць толькі з легенды! Ці з крыві, што тое самае. Дзе кроў, там легенда! З гною легенды не вырастаюць. Дык ён дурань, невук! Паўлін, як і большасць тых, хто са мной. Але я не пра іх. Я пра тых, што з вамі. Пра салаўёў… Кніг панапісваюць, за мяжой атабарацца, вучэльні ўсялякія там пасканчаюць. На розных мовах рулады выдаваць навучацца. І што? Ведаеце, як вас на розных мовах назавуць? Каян Лупака! Куды да іх Хрушчову з ягоным культам! Нацыянальны геній, народная легенда – Каян! Га?.. Вось вы рускіх не любіце, а скажыце: рускія перарабілі б Пушкіна ў якога-небудзь Пукніша? Вінавацілі б яго ў тым, што ён не тое напісаў, не так жыў і не так загінуў, як ім хацелася б? Учынілі б здзек з ягонай памяці?..

Сталін упершыню за ўвесь час, які яны размаўлялі, узнерваваўся, наліў з графіна вады.

– За што? – збялелымі губамі спытаў Купала. І няўцямна паглядзеў на Сталіна. – Хто? Маладзейшыя? Броўка?.. Глебка?..

Сталін зрабіў глыток, другі…

– З гэтым не да мяне. Усевалад, хто ў цябе там запісаны?.. – Памаўчаў і дадаў: – Цікавы вы народ, беларусы. А яшчэ здзіўляецеся, чаму ніяк не можаце людзьмі назвацца!

Выглядала, ён някепска ведаў тое, што напісаў Купала.

– Я не здзіўляюся, таварыш Сталін. Я пытаюся.

Сталін, усё яшчэ ўзнерваваны, паставіў шклянку:

– У каго?..

З задняй кішэні галіфэ Мяркулаў дастаў нататнік, пагартаў.

– Не Броўка і не Глебка запісаны. Абы-хто, таварыш Сталін. – І, хаваючы натанік, сказаў на неадрыўны позірк Купалы: – Кніга лёсаў. Пры кожным, хто прададзены, тыя, хто прадаў.

– І ведаеце, што яны скажуць?.. – наліў Сталін вады Купалу. – Што, калі б вы застрэліліся ці зарэзаліся, засталіся б паэтам. А так – не. Так вы здраднік. Застаўшыся жыць, здрадзілі паэзіі… Вы тут нават мёртвы бароніце Чорнага, будучыню новай беларускай літаратуры ратуеце, а гэтая будучыня, гэтая новая літаратура, яшчэ нават не нарадзіўшыся, вас ужо прадае! Дык нашто вам яе ратаваць?

Купала выпіў вады – зубы прастукалі па шклянцы.

– Не разумею… – адной рукой трымаючы шклянку, другой рукой стаў шукаць ён па кішэнях насоўку, якую аддаў Сталіну. – Я не разумею… Калі б яшчэ Качарыга… А гэтых я не ведаю. Хто яны?..

Сталін забраў у яго шклянку, паставіў каля графіна, прайшоў за свой стол.

– Вам жа сказалі. Абы-хто. Качарыга на вас жывога даносы пісаў, а яны – на мёртвага. Дык навошта вам паміраць? За каго? Дзеля чаго? Ажывілі мы вас – і жывіце сабе. Вечна. Жывы з імі вы справіцеся, не піскнуць, а мёртвы…

Купала паківаў, падышоў да стала і стаў выкладваць з кішэняў цёмна-карычневага, тонкага сукна ангельскага гарнітура тое, што ў іх было: з левай унутранай кішэні пінжака чорны скураны партманет з харчовымі карткамі, пасведчанне сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў і качарыгінскую рэкамендацыю ў партыю, з правай – яшчэ адзін скураны партманет, карычневы з абанементам у сталовую літэр “А”, нататнік з алоўкам у пазалочаным наканечніку, з бакавых кішэняў – партабак з тытунём “Эліт”, пушачку з папяроснай паперай, запальніцу, пачаты пачак ізафеніну, памацаў, ці не засталося нечага ў кішэнях, паправіў цёмна-чырвоную агатавую шпільку на гальштуку,цёмна-чырвоныя агатавыя запінкі на абшэўках белай кашулі і сказаў:

– Я не хачу жыць.


Дата стварэння навіны 28.06.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку