АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Чачэнскіх уцекачоў у Брэсце стала менш у 10 разоў

Чачэнскіх уцекачоў у Брэсце стала менш у 10 разоў
28.06.2018
Па 20–40 чачэнцаў едуць штодня цягніком зь Брэста ў польскі Тарэспаль, каб атрымаць статус уцекача ў Еўразвязе.

Яшчэ два гады таму штодня езьдзіла да 800 чалавек. Чаму ўцекачоў у Брэсце стала менш, Свабода даведалася на месцы.

Некалькі гадоў тысячы ўцекачоў з Каўказу, галоўным чынам з Чачні, едуць у Брэсце. Штодня яны спрабуюць атрымаць прытулак у Польшчы.

У 2016 годзе ў Брэсце жыло да 3 тысяч уцекачоў. Большасьць іх — з Каўказу. Цяпер, па ацэнках праваабарончай арганізацыі Human Constanta, у горадзе застаецца да 250 уцекачоў. Адпаведна, менш людзей едуць цягніком Брэсте — Тарэспаль. У 2016 годзе штодня ехала да 800 чачэнцаў, цяпер — лічаныя дзясяткі.

Як распавядаюць чачэнцы, цяпер польскія ўлады прымаюць штодня ня больш за адну сям’ю зь цягніка. Раней яны прапускалі па 3–4 сям’і.

Чачэнцы кажуць, што польскія памежнікі, як і раней, не выслухоўваюць гісторый і не глядзяць дакумэнты. Нельга зразумець, на чым грунтуецца іхні выбар сям’і, якой даецца прытулак.

«Звычайна прапускаюць тых, хто ў першы ці другі раз спрабуе трапіць у Польшчу, — кажа Насіра, якая прыехала з мужам з Грознага. — Але сёньня прынялі маладую пару, у іх было больш за 40 спробаў».

Па законе грамадзяне Расеі могуць знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі да 90 дзён. Але беларуская міграцыйная служба скарачае некаторым тэрмін перабываньня і вымушае ўцекачоў зьяжджаць зь Беларусі.

«Гэтага не тлумачаць, — сказаў Свабодзе Рыгор Цярэнцьеў, каардынатар місіі Human Constanta ў Брэсце. — А калі людзі спрабуюць абскардзіць высылку, іх увогуле могуць дэпартаваць і забараніць уезд у Беларусь на тры гады».

Як сказала Свабодзе Наста Лойка, праваабаронца з Human Constanta, прынамсі раз на два тыдні ў арганізацыю зьвяртаюцца ўцекачы, якіх высылаюць беларускія памежнікі.

«Практыка высылак і скарачэньня тэрміну знаходжаньня пагражае людзям катаваньнямі і перасьледамі ў выпадку вяртаньня ў краіну паходжаньня, што забаронена міжнародным і нацыянальным правам», — гаворыцца ў аглядзе Human Constanta.

У жніўні 2016 году да 200 чачэнцаў ладзілі пратэст на мяжы каля Брэста. Яны выступалі супраць таго, што польскія памежнікі адмаўлялі большасьці ўцекачоў у прытулку. На сустрэчу да іх прыяжджалі прадстаўнікі беларускіх уладаў і польскага консульства ў Брэст. Але карэнным чынам сытуацыя з тых часоў не зьмянілася.

Як пісала Свабода, чачэнскім уцекачам найчасьцей адмаўляюць у прытулку, бо Расія на Захадзе лічыцца адносна бясьпечнай краінай.

«Перасьледы і катаваньні — усё гэта праўда, — казала Свабодзе Сьвятлана Ганнушкіна, старшыня камітэту „Грамадзянскае судзеяньне“. — Але самае страшнае, што людзей фізычна выганяюць і паляць іхнія дамы. Горш, чым у Чачні, я ня ведаю, дзе можа быць. Такога бяспраўя, такога прыніжэньня я не магу ўявіць».

Сярод усіх суседніх краінаў асноўная плынь уцекачоў з Каўказу прыпадае на Беларусь, і менавіта на Брэст. У польскай Бяла-Падлясцы недалёка ад мяжы — разьмеркавальны лягер для ўцекачоў, куды накіроўваюць прынятых чачэнцаў.



Дата стварэння навіны 28.06.2018

Возврат к списку