АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Побач з межамі Беларусі пачала вучэнні рэзервная армія Украіны

Побач з межамі Беларусі пачала вучэнні рэзервная армія Украіны
27.06.2018
Вялікая частка Узброеных сілаў Украіны сканцэнтраваная на лініі сутыкнення з антыўкраінскімі баевікамі ў шэрагу раёнаў Данецкай і Луганскай вобласці.


На здымку: Арышт «тэрытарыяламі» пасажыраў падазронага транспарту. Фота: Сухапутныя войскі УС Украіны
Таму на поўначы краіны, блізка ад мяжы беларуска-ўкраінскай мяжы, праходзяць эксперыментальныя вучэнні «Паўночная фартэцыя-2018», у якой удзельнічаюць брыгады тэрытарыяльнай абароны.

Татальная абарона 2.0
У кожнай вобласці Украіны, згодна з праектам Генштаба Украіны, плануецца стварэнне брыгады тэрытарыяльнай абароны. Такім чынам за спінамі ўкраінскіх памежнікаў нават у тых рэгіёнах, дзе няма непасрэдна фармаванняў Узброеных Сілаў Украіны, паўстануць добра навучаныя і ўзброеныя сілы, складзеныя з мясцовых добраахвотнікаў.

Фактычна моцная сістэма тэрытарыяльнай абароны будзе рэзервам і Узброеных Сілаў, і памежнікаў, і Нацыянальнай гвардыі Украіны, як распавёў сакратар Рады нацыянальная бяспекі і абароны краіны Аляксандр Турчынаў.

У вучэннях удзельнічае і цяжкая бранятэхніка. Фота: Сухапутныя войскі УС Украіны

«Гэтая магутная сістэма павінна стаць татальнай сістэмай абароны нашай краіны ў надзвычайных умовах. Мы будзем узмацняць тэхнічнае забеспячэнне і забеспячэнне зброяй усіх падраздзяленняў тэрытарыяльнай абароны», – распавёў Турчынаў у эфіры Вайсковага тэлебачання Украіны.

Цяпер у выпадку новай агрэсіі зброю павінны ўзяць амаль 400.000 украінцаў, сказаў міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак.

Новы ўзровень развіцця
Калі раней украінская тэрытарыяльная абарона праводзіла выпрабаванні асобных падраздзяленняў – рот і батальёнаў, то цяпер будуць праводзіцца брыгадныя вучэнні, якія навучаць байцоў і камандзіраў узаемадзеянню на больш высокім узроўні.

Брыгада – асноўнае тактычнае злучэнне ў большасці сучасных арміяў сусвету, па баявому складу займае прамежкавае палажэнне паміж палком і дывізіяй. Пасля Халоднай вайны шматлікія арміі (у тым ліку беларуская) адмовіліся ад дывізійнай сістэмы і перайшлі на брыгадную сістэму кіравання вайсковымі падраздзяленнямі.

Новыя сродкі сувязі, уніформа, шлемы і бронекамізэлькі – рэзкі кантраст з 2014 годам. Фота: mil.gov.ua

Такім чынам з’яўленне брыгад – больш буйных баявых фарміраванняў – у тэрытарыяльнай абароне Украіны азначае павышэнне баяздольнасці і важнасці гэтага складніку нацыянальнай абароны.

Наступныя вучэнні тэрытарыяльнай абароны будуць праводзіцца ў іншай вобласці краіны, але таксама на памежжы, адзначыў Сцяпан Палтарак.

Ад «дабрабатаў» да «тэрытарыялаў»
Фармаванне батальёнаў тэрытарыяльнай абароны пачалося ў Украіне вясной 2014 года, калі ў аказалася, што гэтая дзяржава амаль не мае матываваных і баяздольных фармаванняў Узброеных Сілаў для абароны ад знешняй агрэсіі.

Батальёны таго часу камплектаваліся перш за ўсё добраахвотнікамі, аднак іх арганізацыя, узбраенне і падрыхтоўка былі далёкія ад ідэалу. Гэтыя фармаванні сыгралі важную ролю ў спыненні варожага наступу вясной і летам 2014 года, аднак амаль усяму ім прыйшлося вучыцца ў баях плаціць уласнай крывёй за адсутнасць добрага афіцэрскага і ўнцер-афіцэрскага складу, тэхнікі і, часта, дысцыпліны.

Тэрытарыяльная абарона Украіны ў 2014 годзе – першы камандзір 11-га батальёна Аляксандр Гуменюк. Няма шлема, бронекамізэлькі, сродкаў сувязі, камуфляж набыты на ўласныя грошы. Фота: begemot.media

Многія службоўцы тэрытарыяльных батальёнаў таго часу затым перайшлі ў склад рэгулярнай арміі Украіны і служаць па кантракце. Новыя фармаванні тэрытарыяльнай абароны складаюцца з добраахвотнікаў, якія служаць і вучацца ваяваць у вольны ад асноўнай працы час, аналізуе belsat.eu .

Рэгулярныя вучэнні ў мірны час, наяўнасць падрыхтаваных афіцэрскіх кадраў, новыя стандартызаваныя ўзбраенне, рыштунак і сродкі сувязі значна падвысяць баяздольнасць новых фармаванняў украінскай тэрытарыяльнай абароны.

Іхнымі задачамі з’яўляюцца дадатковае прыкрыццё таго ці іншага адцінку дзяржаўнай мяжы, забеспячэнне руху вайсковых калон, ізаляцыя раёнаў баявых дзеянняў і абарона важных абʼектаў.

На вучэннях у Чарнігаўшчыне добраахвотнікі таксама вучацца весці баявыя дзеянні ў гарадах і ў лесе, супрацьдзеянню дыверсійна-разведвальным сілам ворага.




Дата стварэння навіны 27.06.2018

Возврат к списку