АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Францускі дэпутат пра перамовы з беларускімі ўладамі аб дэмакратызацыі

Францускі дэпутат пра перамовы з беларускімі ўладамі аб дэмакратызацыі
26.06.2018
Сустрэча дэлегацыі Нацыянальнай Асамблеі Францыі са старшынём Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах Валерыем Варанецкім

Дэлегацыя парлямэнту Францыі сустрэлася ў Мінску з уладамі і апазыцыяй, наведала Парк высокіх тэхналёгій і мэмарыял Курапаты.
25–27 чэрвеня з візытам у Беларусі знаходзіцца дэлегацыя Нацыянальнай Асамблеі Францыі — тры дэпутаты, якія ўваходзяць у групу сяброўства «Францыя — Беларусь».
Дэлегацыя правяла перамовы з кіраўнікамі Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі — Міхаілам Мясьніковічам і Палаты прадстаўнікоў — Валерыем Варанецкім, з намесьнікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам. Увечары ў дэлегацыі адбылася сустрэча зь беларускімі праваабаронцамі, прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партый і рухаў.
Ірына Лежэн, Крыстоф Бляншэ, Крыстоф Лежэн, Натальля Зайцава і Дідзье Канэс (зьлева направа) на сустрэчы з старшынем Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах Валерыем Варанецкім

У складзе дэлегацыі старшыня групы «Францыя — Беларусь» Крыстоф Лежэн, ягоны намесьнік Крыстоф Бляншэ, сакратар групы Жан-Мары Ф’евэ. Усяго гэтая група ў францускім парлямэнце налічвае 15 дэпутатаў. Папярэдні візыт дэлегацыі групы сяброўства «Францыя — Беларусь» адбыўся ў 2016 годзе, калі афіцыйная Беларусь пачала аднаўляць адносіны з Захадам пасьля доўгага пэрыяду самаізаляцыі, зьвязанага з парушэньнямі правоў чалавека і перасьледам апазыцыі.

Паплечнікі прэзыдэнта Макрона
Усе тры дэпутаты, якія прыехалі ў Беларусь, — прыхільнікі цяперашняга прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона. Шчыра прызнаваліся, што яны навічкі ў парлямэнце і ў палітыцы. Крыстоф Лежэн прыйшоў у вялікую палітыку з пасады мэра вёскі ў дэпартамэнце Верхняя Сона, Крыстоф Бляншэ працаваў у турыстычным бізнэсе, Жан-Мары Ф’евэ быў пажарным. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў яны працавалі валянтэрамі ў камандзе Макрона, год назад ім прапанавалі ўзяць удзел у парлямэнцкіх выбарах ад партыі прэзыдэнта Макрона «Наперад, рэспубліка». Яны пагадзіліся і ўпершыню ў сваёй біяграфіі былі абраныя дэпутатамі.

Беларуская жонка францускага дэпутата
Для Крыстофа Лежэна гэта другі прыезд у Беларусь цягам году. Ён быў тут летась у лістападзе — наведваў Барысаў і месца пераправы войска Напалеона празь Бярэзіну ў 1812 годзе. Цікавасьць спадара Лежэна да Беларусі тлумачыцца тым, што адсюль родам ягоная жонка Ірына. Ірына Лежэн, канструктар па прафэсіі, суправаджала парлямэнцкую дэлегацыю Францыі падчас візыту на сваю радзіму. Фактычна яна была чацьвёртым сябрам дэлегацыі.

Крыстоф Лежэн распавёў, што быў вельмі ўражаны, наведаўшы беларускі Парк высокіх тэхналёгій, які сьведчыць пра магчымасьці Беларусі ў сучаснай эканоміцы. Уразіла яго і месца расстрэлаў нявінных ахвяраў сталінізму ў Курапатах, якое ён назваў месцам жалю і смутку. Спадар Лежэн ведае, што цяпер ідзе канфлікт вакол пабудовы рэстарацыі побач з Курапатамі, але спэцыяльна да пратэстоўцаў францускія дэпутаты не хадзілі.

Спадзеў на пазытыўныя перамены ў Беларусі
Паводле Крыстофа Лежэна, француская дэлегацыя гутарыла зь беларускімі ўладамі пра ўмовы для разьвіцьця двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галінах інвэстыцый, сельскай гаспадаркі і турызму. З прадстаўнікамі апазыцыі дэпутаты парлямэнту Францыі гаварылі аб праблемах ушанаваньня ахвяраў Галакосту і антысэмітызьме ў Беларусі, аб сьмяротным пакараньні, перашкодах для дзейнасьці апазыцыйных дэпутатаў і партый, правах чалавека, свабодзе СМІ і дэманстрацый.
Як прызнаўся Крыстоф Лежэн, на гэтыя тэмы гаварылі яны і з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Ён выказаў спадзеў на пазытыўныя зрухі ў галіне дэмакратызацыі Беларусі.

«У нас не было табу ў часе перамоў з уладамі. І нашыя суразмоўцы выглядалі шчырымі. Хачу сказаць пасьля гэтых размоў, што тут магчымыя вялікія сюрпрызы. Магчыма, не такія канкрэтна, якіх вы чакаеце, але геапалітычная сытуацыя штурхае Беларусь да пераменаў», — сказаў Крыстоф Лежэн на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Ён не ўдакладніў, у якой канкрэтна галіне чакаюцца «сюрпрызы». Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў на гэта сказаў, што найлепшым сюрпрызам для Беларусі было б вяртаньне да сумленных выбараў і падліку галасоў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад апазыцыі Ганна Канапацкая расказала, як у Беларусі прымаліся законапраекты аб СМІ і масавых сходах, якія, наадварот, абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян, а Аляксандар Старыкевіч распавёў французам пра 67 штрафаў беларускім журналістам за апошні час за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі, якой беларускія ўлады самі ім не даюць.

26–27 чэрвеня дэлегацыя францускіх дэпутатаў наведвае Берасьце.

паводле інф. радыё Свабода 

Дата стварэння навіны 26.06.2018

Возврат к списку