АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Добрускім раёне цыганы ратуюць сельскую гаспадарку

У Добрускім раёне цыганы ратуюць сельскую гаспадарку
26.06.2018
Адну з вуліц у вёсцы Баршчоўка Добрускага раёну на Гомельшчыне паўжартам называюць «цыганскім праспэктам». Тут кампактна жывуць каля дзесяці цыганскіх сем’яў.

Стала «атабарыліся» ромы і на іншых вуліцах. Працуюць у КСУП «Баршчоўскі» жывёлаводамі, даглядаюць і навучаюць коней, на цыганах трымаецца і паляводчая брыгада.

«Лёгка ў хату нічога не прыходзіць»
У сямейнай цыганскай пары Януша Вераб’я і Любові Ануфрыевай багата агульнага. Яны аднагодкі, нарадзіліся ў адным і тым жа месяцы. Абаім сёлета стукнула «па паўсотні».

Да сярэдзіны 2000-х Януш і Люба жылі ў Гомлі, мелі кватэру з усімі выгодамі. Горш было з працай. Януш перабіваўся пагрузачна-разгрузачнай працай на таварнай станцыі. Люба іншым разам гандлявала.

«У горадзе мы нажыліся. Кватэру пакінулі дачцэ зь зяцем — няхай сваё жыцьцё самі ладзяць», — разважае Януш.

Цыганская сям’я ў Януша хутчэй нетыповая — толькі адна дачка, хоць сам гаспадар рос у вялікім двары.

Цыганская хата ў Баршчоўцы
Амаль паўтара дзесяцігодзьдзя таму сямейная пара першай з гомельскіх цыганоў перабраліся ў Баршчоўку. Але спачатку ня надта паразумеліся з тагачасным кіраўніцтвам гаспадаркі. Сабралі манаткі і падалася ў Чачэрскі раён. Вярнулася ў Баршчоўку праз пару гадоў, калі сюды сталі прыяжджаць на сталае жыцьцё іншыя ромы.

Наяўнасьць недарагога жытла і магчымасьць працаваць у гаспадарцы прыцягвала сюды цыганоў.

Януша ўзялі ў саўгас даглядчыкам жывёлы, жонцы параілі ісьці ў брыгаду цялятніцай. Даглядае найменшых цялятак — ад нараджэньня і да трохтыднёвага ўзросту. Іх у Любы ажно шэсьцьдзесят.

«Лёгка ў хату нічога не прыходзіць, — разважае цыганка. — Дзе ні жыві, трэба працаваць».

Люба Ануфрыева (справа) — найлепшая цялятніца

Люба і Януш кажуць, што ў вёсцы цыганам лацьвей. У горадзе іх рэдка бяруць на працу, бо ў бальшыні цыганоў, асабліва старэйшага пакаленьня, нізкі адукацыйны ўзровень, яны ня маюць прафэсіі. Сам Януш адолеў у школе за савецкім часам толькі пачатковыя клясы. Цыганы кіраваліся простым правілам: грошы навучыўся лічыць — і бывай, школа.

У Баршчоўцы Януш па першым часе пасьвіў саўгасных кароў. Калі скончыўся летні сэзон, стаў даглядаць жывёлу. Дый так і застаўся пры фэрме. Да сёлетняй вясны. З пачаткам пашавага сэзону Януша выправілі ў паляводчую брыгаду, дзе ён атрымлівае мінімальную заработную плату: за 26 выхадаў — 305 рублёў.

Выручае сям’ю ўласная гаспадарка. Cадзяць гарод, завялі курэй, сьвіней.

«Цыганы, як і беларусы, сала таксама любяць», — усьміхаецца Януш Верабей у свае прыкметна пасівелыя вусы.

 Дарогаю бацькі
«Я з тых цыганоў, што ўмеюць грошы лічыць і расьпісацца», — расказвае пра сябе Рустам Галавацкі, мажны мужчына сярэдніх гадоў з дужымі напрацаванымі рукамі.

Ён змалку хоць і жыў у абласным цэнтры, але ў школу практычна не хадзіў.

«Час быў такі тупы», — адклікаецца Рустам на існаваньне апошняга дзесяцігодзьдзя былога Саюзу.

«Сябе я лічу працоўным чалавекам і годным цыганом. Годны цыган не крадзе, не падманвае, а працуе», — фармулюе сваё жыцьцёвую пазыцыю Галавацкі.

Рустам толькі што вярнуўся з аддаленай вёскі Ніўкі, дзе разам зь іншымі цыганамі ачышчаў фэрму ад гною. Працуе, як і большасьць ромаў, на падраднай дамове: што зрабіў, тое й зарабіў. Нахвальвае «бацьку» Лукашэнку. Праўда, ягоную крылатую фразу пра «чарку й шкварку» інтэрпрэтуе па-свойму: «Лукашэнка ж сказаў: будзеш працаваць, будзе табе дарога і цяпло».

Галавацкія, бацька з сынам

У Баршчоўку Рустам прыехаў з жонкай Радаю і дзецьмі шэсьць гадоў таму. Рада цяпер даяркаю на малочна-таварным комплексе. На падмене ў яе дачка Аліна. Сын Міця таксама доіць кароў.

Два месяцы таму сям’я Галавацкіх перасялілася ў выдзелены саўгасны дом — па левую руку пры ўезьдзе ў Баршчоўку. Рустам сьцьвярджае, што дырэктар сельгаспрадпрыемства Алег Гарэлікаў спагадліва ставіцца да прыежджых цыганоў, якія працуюць у саўгасе.

 «Вышэй галавы ня скочыш»
Цыганская сям’я Дзьмітрыя і Валянціны Канстанцінавых ці ня самая вялікая ў Баршчоўцы: васьмёра дзяцей, унукі. Жывуць яны на так званым «цыганскім праспэкце». Побач дзьве хаты. Адна невялікая, драўляная, другая — дыхтоўная, з цэглы.

Дзьмітры Канстанцінаў

«Падзарабілі крыху з жонкай грошай і купілі, — дзеліцца хатнімі клопатамі Дзьмітры. — Прыйшлося, праўда, падрамантаваць, падправіць».

Хата ў Кастанцінавых прасторная, чыстая.

Валянціна даглядае цялят на новым комплексе. Дзьмітры на падсобных работах — на фэрме, стайні, у полі, на сенакосе.

«Мы прывыклі да Баршчоўкі за восем гадоў. Кіраўніцтва добрае, і людзі тут добрыя, спагадлівыя», — заяўляе Дзьмітры.

Безумоўна, яго як галаву вялікай сям’і ня надта задавальняюць тыя 300 рублёў, якія зарабляе ў саўгасе: «Разумею, крызіс. Ды што ўжо цяпер зробіш? Вышэй галавы тут ужо ня скочыш».

 «Саўгас ня можа без цыганоў»
Чэрвеньскае сонца завісла ў самым зэніце. Разам з заатэхнікам Мікалаем Сільчанкам кіруемся ў жывёлагадоўчы летнік. Да нядаўняга часу Мікалай Ціханавіч быў галоўным заатэхнічным спэцыялістам, але здаў пасаду з прычыны пэнсійнага ўзросту. Кажа, што саўгас ня можа абысьціся без цыганоў, бо яны выконваюць ладны кавалак працы.

На Любоў Ануфрыеву не нахваліцца.

«Любоў Дзям’янаўна любое цяля дагледзіць, абы толькі жывое нарадзілася. У яе стоадсоткавая захаванасьць маладняку. І прывагі сутачныя выдатныя — 600-700 грамаў. Адпаведна і зарабляе 450 рублёў».

У летніку ідзе дзённая дойка кароў. У клетках-садках пояць цялят.

Брыгадзір малочна-таварнай фэрмы № 1 Анатоль Лабачоў пагаджаецца з заатэхнікам: «Бяз ромаў нам цяпер нікуды».

Расказвае, што раней брыгадзірыў у паляводзтве, дык ромы выручалі ў кожным выпадку. Насеньне да сеялак падвезьці, летнік паставіць, маладых коней прывучыць да плуга ці фурманкі — усё яны. Дапамагаюць і цяпер: жывёлу перагнаць, фэрмы пачысьціць, кармы нарыхтаваць.

«Тэлефануеш на мабільнік аднаму, другому, а яны як штык: «Брыгадзір, мы тут».

Паводле Лабачова, цыганоў нельга толькі чапаць на вялікія рэлігійныя сьвяты — Каляды, Вялікдзень. Яны любяць папрацаваць, але й любяць пасьвяткаваць, павесяліцца.

«Куды беларусы ідуць неахвотна альбо наогул цураюцца ісьці, там выручаюць ромы, — кажа намесьнік дырэктара КСУП „Баршчоўскі“ Мікалай Жыгалаў. — Карэнных жыхароў у вёсцы менее, хаты застаюцца. Цыганы іх купляюць і жывуць тут на законных падставах — яны такія ж грамадзяне, як і беларусы. Ня ўсе, праўда, працуюць. Але хто прыходзіць на працу, той стараецца».

 Ня п’юць і ня крадуць
Старшыня Баршчоўскага сельскага савету Ўладзімер Атаманчук расказаў, што ў вёсцы цяпер жывуць звыш паўсотні цыганоў. Стаўленьне да іх даволі прыязнае.

«Цыганы ж на працы ня п’юць — хіба толькі пасьля яе піва якога возьмуць. І ня крадуць яны», — кажа Атаманчук.

Турбуе старшыню сельсавету хіба толькі тое, што прыежджыя цыганы купляюць хаты, але далёка ня ўсе рэгіструюцца ў іх. У адных рэгістрацыя гомельская, у іншых — жлобінская і нават калінкавіцкая.

З гісторыі. Цыганскія калгасы
Першыя зьвесткі пра цыганоў зафіксаваныя ў Беларусі ў самым пачатку ХVІ стагодзьдзя. Цэнтрамі цыганскай культуры ў той час былі Мір, Смаргоні, Эйшышкі ды некалькі цыганскіх вёсак. У Міры цыганы заснавалі шэраг мануфактур.

Статуты ВКЛ забаранялі цыганам займаць дзяржаўныя пасады. Традыцыйным месцам пасяленьня цыганоў былі ўскрайкі гарадоў і мястэчак, дзе яны займаліся сваімі звыклымі заняткамі.

Савецкія пэрыяд меў для беларускіх цыганоў сваю адмеціну. У 1927 годзе ў Віцебскім раёне быў створаны першы ў СССР цыганскі калгас «Новае жыцьцё», другі зьявіўся неўзабаве ў Жлобінскім раёне. Дзейнічала ў Віцебску ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя і цыганская школа-сямігодка, дзе навучаліся цыганы з розных мясцовасьцяў.

Падчас Другой усясьветнай вайны нацысты жорстка зьнішчалі цыганоў.

У 1956 годзе выйшаў закон «Аб далучэньні да працы цыганоў, якія займаюцца бадзяжніцтвам». Ромаў сталі настойліва далучаць да аселага ладу жыцьця. У выніку ўзьнікла некалькі кампактных цыганскіх паселішчаў. Тыя ж Калодзішчы і Ратамка пад Менскам.

Афіцыйна ў Беларусі цяпер налічваецца 15 тысяч цыганоў. Экспэрты прытрымліваюцца больш імавернай лічбы ў 60 тысяч. Нягледзячы на высілкі ўладаў, малая пісьменнасьць застаецца вострай праблемай для ромаў. Гэта нэгатыўна адбіваецца на якасьці іхнага жыцьця.

па інф. gomelspring.org

Дата стварэння навіны 26.06.2018

Возврат к списку