АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Беларусі багатыя багацеюць, а бедныя бяднеюць

У Беларусі багатыя багацеюць, а бедныя бяднеюць
07.06.2018
Паводле еўрапейскіх крытэраў дзве траціны беларусаў — бедныя.

Толькі 6% хатніх гаспадарак Беларусі ацэньваюць свой ровень жыцця як высокі альбо крыху вышэйшы за сярэдні. Такія дадзеныя прыводзяцца ў прэсавым рэлізе, які з'явіўся сёння на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.
 
 Паводле гэтага дакументу, сёлета 23,9% апытаных ацанілі свой матэрыяльны стан як крыху ніжэйшы за сярэдні. А бальшыня (65,2%) прытрымліваецца думкі, што іхны ровень матэрыяльнага забеспячэння — сярэдні.

 Эканаміст Міхась Залескі так каментуе гэтыя лічбы:
 
«Працягвае расці дыферэнцыяцыя насельніцтва паводле роўню даходаў. Пры гэтым багатыя канцэнтруюцца ў верхняй частцы, і доля багатых людзей не павялічваецца, а змяншаецца.
 
На пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі сітуацыя была радыкальна іншая — 0,7% насельніцтва лічылі сябе багатымі, 9% мелі высокі дабрабыт. І гэтая група тады была ў паўтара раза большая, чым цяпер. А астатнія знаходзіліся ніжэй за гэты ровень, прычым да бедных сябе адносіла каля 20% людзей.
  
У свой час я быў кіраўніком працоўнай групы Усясветнага банку, якая вывучала праблемы беднасці ў Беларусі. І тады да бедных мы адносілі 47% насельніцтва. Але нашы крытэры вызначэння былі значна больш жорсткія, чым цяпер.
 
Пры вызначэнні бедных і багатых я раю найперш звярнуць увагу на такі крытэр — колькі людзі трацяць ад сваіх заробленых грошай на харчаванне, колькі грошай ідзе на гэта з сямейнага бюджэту. У нашай краіне гэтая доля вельмі вялікая. Яна, напрыклад, удвая большая за нямецкую. У нас дзве траціны сем’яў трацяць больш за палову свайго бюджэту толькі на ежу. А паводле еўрапейскіх мерак гэта ёсьць чыстая беднасць».

Спасылка на крыніцу:  https://novychas.by



Дата стварэння навіны 07.06.2018

Возврат к списку