АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У Гомлі дзьве жанчыны галадаюць трынаццаты дзень

У Гомлі дзьве жанчыны галадаюць трынаццаты дзень
05.06.2018

Трынаццаты дзень галадаюць у Гомлі 33-гадовая Алена Грынько і 48-гадовая Аксана Філіпенка, якія пратэстуюць супраць «штучна створаных камунальных беспарадкаў» і празь «невыкананьне мясцовымі ўладамі абавязаньняў па ўладкаваньні жыцьця жыхароў гораду».


 

«Слабасьць адчуваецца, горыч у роце. Дзень таму выклікала хуткую мэдычную дапамогу — ціск быў высокі. У Алены пэрыядычна рвота падключаецца», — распавяла Аксана Філіпенка.

Пры гэтым Аксана дадае, што 3 траўня яны з Аленай былі на прыёме ў аблвыканкаме ў памочніка прэзыдэнта — інспэктара па Гомельскай вобласьці Юрыя Шулейкі, пакінулі яму пісьмовыя заявы.

Філіпенка распавяла пра тое, што іх дом, дзе 90 адсоткаў кватэраў прыватызаваныя, гарадзкія ўлады зрабілі інтэрнатам, што немагчыма заключыць дамовы на забесьпячэньне прыватызаваных кватэраў электраэнэргіяй.

Алена Грынько, якая ў прыватызаванай кватэры засталася зь сям’ёю без уласнай кухні, ванны і прыбіральні, у адчаі прасіла паспрыяць, каб жыльлёва-камунальныя службы разьмежавалі яе кватэру і падсобныя памяшканьні, паколькі аддалі іх пад інтэрнат.

«Адказ на нашыя заявы ад памочніка прэзыдэнта мы так і не атрымалі, хоць мінуў ужо месячны тэрмін», — дадае Аксана Філіпенка.

Як сьцьвярджаюць галадоўніцы, жыхары дома № 14 па вуліцы Ўрыцкага апынуліся ў небясьпечным становішчы. Дом ня меў капітальнага рамонту ад моманту пабудовы ў 1967 годзе. Жыльлёва-камунальная служба замяніла электраправодку без тэхнічнага праекту. Электраэнэргія пэрыядычна зьнікае. Людзі асьцерагаюцца пажару. Дом № 14 раней належаў чыгунцы. Прыняўшы гэты дом у гарадзкую камунальную уласнасьць, улады зрабілі яго інтэрнатам. Прыватызаваную кватэру Алены Грынько адміністрацыя Навабеліцкага раёну праз суд пакінула бяз кухні, ванны, прыбіральні і патрабуе цяпер выкупіць усё гэта за 18,7 тысячы рублёў.

Дом 14 на вуліцы Ўрыцкага у Гомлі

Дом 14 на вуліцы Ўрыцкага у Гомлі

Жыхары дома ня могуць заключыць наўпроставыя дамовы з энэргетыкамі на забесьпячэньне кватэраў, бо раённае камунальнае прадпрыемства гэта зрабіла ад свайго імя як для інтэрнату.

На думку галадоўніц, такім чынам ажыцьцяўляюцца карупцыйныя схемы папаўненьня даходаў камунальнікаў і ўзбагачэньня за кошт жыхароў.

Алена Грынько і Аксана Філіпенка дамагаюцца сустрэчы з Аляксандарам Лукашэнкам, каб расказаць яму пра штучна створаныя камунальныя беспарадкі, невыкананьне мясцовымі ўладамі абавязаньняў ва ўладкаваньні жыцьця жыхароў гораду.


Спасылка на крыніцу:  gomelspring.org

Дата стварэння навіны 05.06.2018

Возврат к списку