АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Пад Кіевам прапануюць паставіць сымбаль Беларусі

Пад Кіевам прапануюць паставіць сымбаль Беларусі
04.06.2018
У мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы», у памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў, Рух салідарнасьці «Разам» зладзіў акцыю салідарнасьці з абаронцамі Курапатаў.

Для нас сёньня вельмі важна быць тут, бо для нас гэта прыклад таго, як дзяржава выконвае свой абавязак і ўшаноўвае памяць ахвяраў бальшавіцкага рэжыму, бязьвінных ахвяраў, бо злачынны рэжым дагэтуль не пакаяўся. І гэта — люстэрка тых злачынстваў, у якое трэба глядзецца штодня, каб гэтае пакаяньне ўсё ж адбылося, бо калі яго няма, злачынны рэжым ня зьнікне», — сказала сустаршыня руху Алена Талстая.



У сваю чаргу адзін з заснавальнікаў руху Вячаслаў Сіўчык выступіў зь ініцыятываю ўстанавіць на тэрыторыі ўкраінскага мэмарыяльнага комплексу беларускі крыж, каб усе беларускія турысты, якія прыяжджаюць у Кіеў, маглі прыйсьці да яго і ўшанаваць памяць пахаваных тут беларусаў. «Вядома, што тут спачыў брат вядомага беларускага пісьменьніка Янкі Брыля. Ёсьць інфармацыя, але яна пакуль не пацьверджаная дакумэнтальна, што менавіта тут расстраляны траюрадны брат Янкі Купалы. Таму я буду прасіць кіраўніцтва мэмарыялу: ёсьць сымбаль Беларусі — гэта Крыж Эўфрасіньні Полацкай, і на тым месцы, дзе гэта магчыма, трэба ўсталяваць гэты крыж, каб ушанаваць памяць тых беларусаў, якія ў той пэрыяд жылі ў Кіеве, каб там можна было павязаць бел-чырвона-белую стужачку, і каб туды можна было прывезьці курапацкую зямлю, бо і Курапаты, і Быкаўня — гэты сымбалі менавіта тых страшных злачынстваў, пра якія мусіць не забывацца ўсё чалавецтва», — падкрэсьліў Вячаслаў Сіўчык.



На месцы пахаваньня ахвяр рэпрэсіяў сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы гераманах Вікенцій правёў малебен у памяць аб бязьвінна расстраляных у 30-40-ыя гады. Пасьля ўдзельнікі акцыі запалілі і паставілі да галоўнага манумэнта зьнічкі, а таксама паклалі кветкі да пліты, на якой выбіта імя брата Янкі Брыля — Ўладзімера, расстралянага 5 кастрычніка 1938 году ў Кіеве паводле рашэньня «тройкі» як «нямецкі агент». Сярод удзельнікаў акцыі і адзін з самых адчайных вартаўнікоў Курапатаў Сяргей Пальчэўскі, які ў лютым 2017 года лёг пад колы грузавіка і прыкаваў сябе кайданкамі да бампэра, каб спыніць будаўніцтва на мэмарыяльным месцы. Зараз ён жыве ў Кіеве, але перад гэтым каля паўгоду ваяваў на Данбасе добраахвотнікам.



«Я шкадую, што зараз не магу быць у Курапатах. Але душою я там, у Курапатах, але пакуль што не магу быць там і не магу паехаць у Беларусь, бо я ўдзельнічаў у вайне на Данбасе. Душа разрываецца, неяк хочацца дапамагчы, але як — ня ведаю», — сказаў Свабодзе Сяргей Пальчэўскі. Прадстаўнік адміністрацыі запаведніка «Быкаўнянскія магілы» распавяла ўдзельнікам беларускай акцыі аб гісторыі стварэньня мэмарыялу.

Автор:  svaboda.org

Дата стварэння навіны 04.06.2018

Возврат к списку