АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Словы і справы: Чаго вартыя абвінавачаньні і пагрозы, што гучаць ад суседзяў Беларусі

Словы і справы: Чаго вартыя абвінавачаньні і пагрозы, што гучаць ад суседзяў Беларусі
31.05.2018
Найбуйнейшы беларускі інтэрнэт-партал ТУТ.бай апублікаваў гутарку зь летувіскім міністрам замежных спраў Лінкявічусам, які чарговым разам распавёў пра «рэшткі сувэрэнітэту» Беларусі. Ва ўсім сьвеце гэта спрычыніла б вялізны скандал у двухбаковых адносінах, але у нашым рэгіёне гэта выклікала толькі дзяжурную рэпліку прэсавага сакратара МЗС нашай краіны.



Нават прамоўленыя на найвышэйшым дзяржаўным узроўні абвінавачаньні, абразы і пагрозы сталі чымсьці настолькі звыклым у нашым рэгіёне, што іх ужо фактычна ігнаруюць. Усе нашы суседзі, а таксама краіны Захаду імкнуцца пазьбягаць пераходу ад слоў і жэстаў да больш брутальнай канфрантацыі ў ваколіцах Беларусі.

Беларусь як непрыяцель

Вядома, вышэйзгаданае скандальнае выказваньне галоўнага летувіскага дыплямата выглядае даволі зашмальцавана на тле іншых такіх заяў іншых прадстаўнікоў яго дзяржавы. Так, пры канцы сакавіка вайсковая выведка і дэпартамэнт дзяржбясьпекі Летувы выпусьцілі даклад аб пагрозах нацыянальнай бясьпецы, дзе выклалі сваё бачаньне праблемаў, датычных у прыватнасьці плыняў капітала мутнага паходжаньня зь «непрыяцельскіх Летуве дзяржаў». Але ўсёй дыпляматычнасьці паклаў канец кіраўнік дзяржбясьпекі Дарус Яўнішкіс, які на прэсавай канфэрэнцыі удакладняючы, пра якія краіны ідзецца, наўпрост назваў Беларусь і Расею.

Менск не зьвярнуў увагі на такую дэклярацыю. Зрэшты і сапраўды, усё гэта блякне на тле леташняй заявы летувіскай прэзыдэнткі пра тое, што ўжо самое існаваньне Беларусі і Расеі на ўсход ад Летувы ёсьць пагрозай для яе краіны.

Найбольш увагі гэткім заявам надаюць некаторыя апанэнты беларускага ўрада. Апошнія, мусіць, лічаць любую, нават самую спэкуляцыйную і дэструкцыйную для нацыянальнае незалежнасьці заяву якога-кольвечы летувіскага чыноўніка, што ставіць тое ці іншае ганебнае таўро на беларускім рэжыме, вартай некрытычнага распаўсюду ці нават падтрымкі.

Ва ўсёй гэтай сытуацыі цешыць тое, што такія словы, закіды ды пагрозы з боку летувіскіх урадоўцаў мелі пакуль мала наступстваў. Беларусы і летувісы працягваюць працаваць разам. Так дбайна, што летась таваразварот ізноў вырас параўнальна з 2016 г. на 13 адсоткаў.

Прыбалтыйскія краіны пагарджаюць расейскімі пагрозамі

Гэтая дзівосная супярэчлівасьць паміж лаянкай і працягам узаемадзеяньня, а тое і супрацоўніцтва, уласьцівая ня толькі стасунком Менска і Вільні. Узяць тую ж расейскую палітыку. У сакавіку красавіку прыбалтыйскія краіны далучыліся да абвінавачаньня Крамля ў атручаньні былога расейскага агента ў Вялікабрытаніі дый выслалі пэўную колькасьць расейскіх дыпляматаў.

І што ж Крэмль? Вільні ён адказаў тым, што 5 красавіка скончыў працэс зацьвярджэньня мяжы зь Летувай са свайго боку. Што выглядае больш як спроба шукаць шляхі да стабілізацыі стасункаў, а не як варожы жэст.

У стасункох з Латвіяй расейскае кіраўніцтва зрабіла больш мудрагеліста. У адказ на пагаршэньне стасункаў з гэтай краінай і яе хаўрусьнікамі, Масква абвесьціла пра правядзеньне 4—6 і 17—19 красавіка ракетных выпрабаваньняў у Балтыйскім моры, у выключнай гаспадарчай зоне Латвіі. Гэта – легальны, але не прыяцельскі крок. Ня дзіва, што прыбалтыйскія палітыкі гучна пратэставалі супраць гэтага мерапрыемства. Але, што самае цікавае, урэшце стрэльбаў не адбылося, хаця афіцыйна іх і не адмянялі.

Больш за тое, нягледзячы на масавае суворае асуджэньне вядучымі прыбалтыйскімі палітыкамі гэтых дзеяньняў Масквы, у дні расейскіх ракетных манэўраў кіраўніцтва трох балтыйскіх краін, гуртам, то бок прэзыдэнты, кіраўнікі МЗСаў і мінабаронаў ды некаторыя іншыя найвышэйшыя чыноўнікі разам, проста накіраваліся на плянавую сустрэчу з кіраўніцтвам ЗША. То бок спакойна працягнулі выконваць свае звычайныя абавязкі не перажываючы за расейскія ракеты.

То бок краіны рэгіёна не сьпяшаюцца накідвацца адна на адну, нават сварачыся. І разьлічваюць, што гэтаксама стрымана будуць сябе паводзіць і іх апанэнты. Таму да лаянкі і пагроз ставяцца скептычна, «сабака, пакуль зьвягае, ня ўкусіць».

Масква і Вашынгтон працягваюць працаваць разам

Падобнае назіраецца і ў стасункох паміж глёбальнымі гульцамі ў нашым рэгіёне. Яны не выяўляюць гатовасьці падштурхоўваць рэгіён да калатнечы і пагатоў самі ня лезуць у бойку. Апошні прыклад, 6 траўня высьветлілася, што Ўкраіна ня можа выкарыстоўваць атрыманыя ад ЗША супрацьтанкавыя сыстэмы Джавэлін на фронце ва ўсходніх сваіх рэгіёнох. То бок даць-то іх Вашынгтон даў, але ж не на тое, каб распаліць вайну нанова.

Усе апошнія месяцы, Расея і АПАД (НАТО) выдатна спалучаюць дэманстратыўныя звадкі паміж сабой з працягам рабочых кантактаў. Цягам вясны чальцы АПАД высылалі дзясяткі расейскіх дыпляматаў, а Расея і Амэрыка рытуальна бразгалі зброяй у бок адна адной на Блізкім Усходзе. Але побач з тым, нават калі браць толькі рэгіён вакол Беларусі, то і там узаемадзеяньне працягвалася: перамаўляліся галоўнакамандуючы сіламі АПАД у Эўропе і начальнік расейскага Генштаба, рыхтавалася чарговае паседжаньне Рады «Расея-АПАД». А генэральны сакратар АПАДу Столтэнбэрг і ўвогуле рэгулярна нагадваў пра лінію на спалучэньне стрымліваньня з дыялёгам, т.зв. «падвойную палітыку».

Добрай ілюстрацыяй «падвойнай палітыкі» сталі нядаўнія дзеяньні Вашынгтона. З аднаго боку, ЗША паабяцалі даць Летуве, Латвіі і Эстоніі каля 100 млн даляраў на буйнакалібэрныя боепрыпасы і яшчэ каля 70 млн на навучаньне вайскоўцаў і закуп вайсковага снасьця, а прэзыдэнт Трамп адкрыта бэсьціў паводзіны Масквы на красавіцкай сустрэчы з кіраўнікамі трох прыбалтыйскіх краін. З другога боку, Трамп заклікаў апошніх да дыялёгу і паляпшэньня стасункаў з Расеяй.

Увогуле пра АПАД і яго стаўленьне да Расеі няварта меркаваць па ягоных чальцох зь ліку былых краін Усходняга блёку, што часьцяком дэманструюць жорсткую рыторыку, якая наўрад ці адпавядае супольнай лініі гэтай арганізацыі. А супольная лінія АПАД датычна Расеі і яе дзеяньняў значна больш стрыманая і арыентаваная на пошукі шляхоў да суіснаваньня з Расеяй, а не на абвінавачаньне яе ва ўсім ці зьнішчэньне. Напрыклад, кажучы пра падзеі ў Грузіі ў жніўні 2008 г. АПАД афіцыйна апісвае іх як «disproportionate military action» з боку Расеі. Ня больш і ня менш. Многія ўсходнеэўрапейцы, мусіць, проста сьпішуць гэтую характарыстыку ці то на недалёкі розум заходнеэўрапейцаў, ці то на іх нафтагазавыя гешэфты з Пуціным.

Безумоўна, пэўныя падставы для занепакоенасьці наконт будучыні рэгіёна ёсьць: амаль усе краіны рэгіёна навокал Беларусі, а таксама іх хаўрусьнікі з па-за межаў рэгіёна, разгортваюць тут новыя сыстэмы ўзбраеньняў, некаторыя нарошчваюць вайсковы пэрсанал, ладзяць дадатковыя вучэньні і робяць шмат таго, чаго раней не рабілі. То бок у больш аддаленай пэрспэктыве гэткія паводзіны могуць падарваць стабільнасьць, бясьпеку ды росквіт рэгіёна.

Але ў бліжэйшы час сытуацыя выглядае даволі станоўча, бо пакуль што ваяўнічая рыторыка і недыпляматычныя выразы ў рэгіёне навокал Беларусі не спалучаюцца зь небясьпечнымі правакацыйнымі крокамі. На жаль, грамадзтвам бадай ва усіх краінах рэгіёна бракуе крытычнага аналітычнага асэнсаваньня гэтай сытуацыі ды і агульнага становішча. Гэта дапамагае самым розным палітычным сілам разьдзьмуваць гістэрыю наконт небясьпечнасьці процілеглага боку або немінучасьці агрэсіі.


Дата стварэння навіны 31.05.2018

Возврат к списку