АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Якія наступствы для Беларусі будзе мець магчымае размяшчэнне ў Польшчы бранятанкавай дывізіі войскаў ЗША?

Якія наступствы для Беларусі будзе мець магчымае размяшчэнне ў Польшчы бранятанкавай дывізіі войскаў ЗША?
28.05.2018
На пытанні карэспандэнта Свабоды адказаў палітоляг, заснавальнік «Belarus securety blog» Андрэй Паротнікаў.



Ілюстрацыйнае фота. 

— Андрэй, што трэба ўлічваць, гаворачы пра магчымую амэрыканскую базу ў Польшчы?

— Найперш, разважаючы пра наступствы для нас, трэба ўлічваць геаграфію. Шмат будзе залежаць ад таго, дзе размесціцца гэтая база — у глыбіні Польшчы ці пад нашымі межамі. Але, хутчэй за ўсё, гэта не адно месца, а 3-5, бо кожная амэрыканская брыгада будзе мець уласную базу.

Другі момант — як адрэагуе Расія. Можна чакаць, што зноў пачнуцца размовы пра сумесны адказ на прасоўванне NATO на ўсход у межах беларуска-расейскага вайсковага супрацоўніцтва. Да гэтага часу была пэўнасць, што расейскіх базаў ня будзе. У красавіку міністар абароны Андрэй Раўкоў выступаў на міжнароднай канфэрэнцыі аб праблемах бяспекі ў Маскве і там заявіў, што ў адказ на размяшчэнне дадатковай вайсковай структуры NATO на ўсходзе пралічвалася мэтазгоднасць размяшчэння сілаў, па сутнасці, стварэнне расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. І зрабілі выснову, што немэтазгодна. Асаблівых вайсковых пераваг гэта не дае, паколькі дадатковыя часткі могуць быць хутка перакінутыя на тэрыторыю Беларусі, калі ўзнікне патрэба, а палітычных складанасцяў прыбаўляе.

Але цяпер ня выключана, што зноў вернуцца да гэтай тэмы. Лукашэнка можа паспрабаваць шантажаваць Захад магчымасцю размясціць у сябе дадатковыя вайсковыя аб’екты з Расіі, калі ня пойдуць яму насустрач у цэлым шэрагу пытанняў.

— «Мінскі дыялог», ранейшыя сустрэчы, дзе вялася гаворка пра бяспеку ў рэгіёне, асобны статус Мінску, давер і інвэстыцыі — хіба Лукашэнка ўжо не таргуецца?

— Папраўдзе, яму асабліва няма чым і таргавацца, бо ўсе гэтыя мантры пра донара бяспекі, пра «Менскі працэс 2.0» — толькі словы. Пакуль ён іх прамаўляе, той жа Азэрбайджан перахоплівае ініцыятывы, Менск рызыкуе застацца ні з чым. А наперадзе прэзыдэнцкія выбары, якія, мяркую, пройдуць паводле максымальна жорсткага сцэнару. І вось у межах падрыхтоўкі да выбараў Менск і думае пра тое, як нэўтралізаваць магчымыя нэгатыўныя наступствы. Калі, прыкладам, будуць ціснуць на кандыдатаў, кагосьці з прынцыповых сапернікаў не рэгістраваць, узнікнуць пратэсты.

Каб нівэляваць жорсткую рэакцыю Захаду, новыя пагрозы санкцый беларускія ўлады рыхтуюць старую мантру: «Ня хочаце размаўляць з Лукашэнкам — будзеце размаўляць з Пуціным, бо бачыце, тут вось базы Масква патрабуе разьмясціць». Маўляў, трэба на нешта заплюшчыць вочы. То бок вяртанне на старое кола.

— Расійскія дэпутаты нэгатыўна адрэагавалі на супрацу Польшчы і ЗША, але кіраўніцтва краіны пакуль маўчыць. Можа, Расія сама ўстрымаецца ад сустрэчных прапаноў Мінску наконт базаў?

— Гэта магчыма. Яны ж таксама ня дурні, зацікаўленыя ў тым, каб ізаляваць Лукашэнку ад Захаду, не даваць яму такіх козыраў, а значыць, могуць пачакаць з ціскам. Проста будуць чакаць, калі ён сам сарвецца на чарговыя рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі, і адпаведна скарыстаюць гэта дзеля ізаляцыі Беларусі. Каб ужо потым размаўляць з Лукашэнкам зусім з іншых пазыцый. Як Масква тут сябе павядзе, прадказаць цяжка, бо ў іх ёсць розныя варыянты.

— Масква ж можа ўзмацніць сваю групоўку ў Калінінградзе, пра што ня раз папярэджвала. Гэта адбудзецца?

— Яны могуць гэта зрабіць, але гэта будзе толькі палітычная дэманстрацыя, у вайсковым сэнсе павелічэнне групоўкі ў Калініградзкай вобласці ня мае сэнсу. Бо гэта маленькі анкляў, што б расейскія палітыкі ні казалі; ён прастрэльваецца навылет нават цяперашнімі сродкамі польскага войска. У іх ёсць ракетныя комплексы, якія могуць працаваць на ўсю глыбіню гэтага анкляву. Зараз і Літва збіраецца закупляць сабе такія комплексы. Так што ў ваенным сэнсе Калінінград — гэта пастка, якую ўтрымаць можна толькі адным шляхам — прабіўшы да яе калідор. А калідор можа быць толькі з Беларусі.

У Польшчы ўжо стаіць некалькі вайсковых частак ЗША. Як вам здаецца, наколькі матываваная ў ваенным сэнсе просьба Польшчы да амэрыканцаў наконт яшчэ адной дывізіі?

— Пра матывы лепш спытаць у палякаў. Як мне бачыцца, тут ёсць і эканамічны чыннік — пытанне канкурэнцыі з базамі ЗША, размешчанымі ў Заходняй Эўропе. Бо ў Польшчы ўтрымліваць такую базу будзе для амэрыканцаў значна танней, а амэрыканцы ўсё ж грошы лічыць умеюць. І з польскага боку гаворка пра 2 мільярды можа азначаць рознае. Гэта могуць быць і грошы, але і маёмасць, якая ўжо існуе: пабудовы, інфраструктура. Ня бачыўшы дакумэнт, цяжка сказаць дакладна. Амэрыканцам гэта сапраўды можа быць больш выгадна, але насамрэч можа быць выгадна і палякам. 12-14 тысяч вайскоўцаў, якія маюць добры заробак у 3-4-5 тысяч даляраў на месяц, якія яго спажываюць на гэтай тэрыторыі, плюс іхныя сем’і.

Гэта сапраўды для мясцовай эканомікі добры прыбытак, тым больш гэта ж ні на год ці два, а гадоў на 20 сама меней. Таму тут можа быць такая сытуацыя, што палякі ўсё добра пралічылі, у тым ліку і з эканамічнага пункту гледжання.

А ў палітычным сэнсе іх крок таксама дакладны: карыстаюцца момантам, тым, што ЗША афіцыйна абвясцілі Расею адным са сваіх галоўных праціўнікаў. Тым, што расейская палітыка збольшага застаецца безадказнай і авантурыстычнай. Яны ў прынцыпе спрабуюць падвысіць узровень сваёй абароназдольнасці, а яе можа забяспечыць толькі вельмі шчыльнае супрацоўніцтва з ЗША.

— Ці закончыцца гісторыя размяшчэннем адной дывізіі войскаў ЗША?

— Ведаеце, звычайна беларусы лічаць, што мы пуп зямлі. Насамрэч ёсць яшчэ чарнаморскі рэгіён, і гэта два праблемныя пункты для натаўцаў — балтыйскі рэгіён і і чарнаморскі. Там таксама Расея павялічыла сваю прысутнасць за кошт Крыму, павялічылася агрэсіўнасць яе паводзінаў, плюс дадаўся фактар нафты. Нафтавыя і газаправоды з Азэрбайджану праз Грузію будуць ісці ў краіны Азіі. Гэта значыць Расея думае ня толькі пра балтыйскі рэгіён, але і пра чарнаморскі. Таму ў адказ наступнае павелічэнне сілаў NATO ва Ўсходняй Эўропе можа адбыцца недзе ў Баўгарыі — Румыніі. То бок эскаляцыя дачыненняў Расея — NATO можа быць ня толькі на нашым кірунку. Але агульнае пагаршэньне адносінаў Расеі з NATO закране ўсіх, нельга будзе чакаць, што, калі адбудзецца канфрантацыя ў чарнаморскім рэгіёне, дык у нас усё застанецца выдатна.

На пытанне, ці з’явяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы ў сувязі з прапановай Польшчы размясціць у сябе дывізію войскаў ЗША, вы не адказваеце пэўна. Лічыце, што гэта залежыць ад розных чыннікаў?

— Так. На сённяшні дзень пазыцыя афіцыйнага Менску агучаная вельмі дакладна: не. Але гэта на сённяшні дзень. Мы ведаем, што паслядоўнасць і прынцыповасць — ня самыя галоўныя якасці нашых уладаў.

Алег Груздзіловіч, радыё Свабода



Дата стварэння навіны 28.05.2018

Возврат к списку