АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Дзесяцітонны паганец ці чатырохмэтровы праваслаўны. Чаму новы помнік у Горадні можа стаць праблемай для БПЦ

Дзесяцітонны паганец ці чатырохмэтровы праваслаўны. Чаму новы помнік у Горадні можа стаць праблемай для БПЦ
25.05.2018
Побач са Старым і Новым замкамі ў Горадні 24 траўня паставілі чатырохмэтровы помнік Давыду Горадзенскаму. Ініцыятарам усталяваньня помніка вайскаводу і дзяржаўнаму дзеячу ВКЛ выступіла горадзенская эпархія БПЦ. Але дасьледнікі маюць сумневы што да сувязі князя з праваслаўем.


Невядома, ці ён увогуле быў хрысьціянінам. А паводле нямецкіх храністаў, Давыд Горадзенскі быў вельмі жорсткім чалавекам, які перабіў шмат хрысціянаў.

У левай руцэ князь трымае, прыціснуўшы да сэрца, крыж Эўфрасіньні Полацкай. На адваротным баку — шчыт і Калоская царква, побач зь якой, паводле легенды, Давыд пахаваны.

Замоўца помніка, праваслаўная царква, адным з крытэраў для конкурсу эскізных макетаў назвала выяўленьне Давыда ў вобразе коньніка з праваслаўным крыжам. Горадзенскі гісторык і краязнаўца Мечыслаў Ян Супрон лічыць, што царква хоча стварыць з князя вобраз заступніка праваслаўя. Гэтую пазыцыю ён лічыць ня больш чым фантазіяй.

«Пісьмовыя крыніцы ня ўзгадваюць аб тым, якой веры прытрымліваўся стараста, і, больш за тое, ці быў ён увогуле ахрышчаны. Адзінай зачэпкай на карысьць ягонага веравызнаньня зьяўляецца хрысьціянскае імя. Але, зыходзячы з аналізу інфармацыі зь летапісаў, можна меркаваць, што Давыд быў і язычнікам. Ён мог быць адначасова язычнікам і хрысьціянінам, як і большасьць эліты Вялікага Княства Літоўскага ў той час», — гаворыць Супрон.

Паводле краязнаўцы, постаць Давыда Горадзенскага ў пэўнай ступені міталягізаваная. З часоў, калі ён жыў, — а гэта сем стагодзьдзяў таму — дайшлі вельмі фрагмэнтарныя зьвесткі аб ягонай біяграфіі, задакумэнтаваныя ў Пскоўскім летапісе і некалькіх нямецкіх хроніках.

Мечыслаў Ян Супрон мяркуе, постаць Давыда Горадзенскага абраная праваслаўнаю царквою для ўшанаваньня невыпадкова. Князь лічыцца праўнукам князя Аляксандра Неўскага, якога вельмі шануе РПЦ.

«Але і тут шмат пытаньняў. Рэч у тым, што гэта ня больш чым гіпотэза, бо няма нават дакумэнтальных узгадак аб бацьках Давыда Горадзенскага. У гістарычнай навуцы трывала замацавалася меркаваньне, што імі былі нальшчанскі князь Даўмонт, які пазьней уцёк у Пскоў, і ўнучка Аляксандра Неўскага Марыя Дзьмітраўна, але гэта, зноў жа, ня больш чым гіпотэза», — гаворыць краязнцаўца.

Днямі ля сьцен Калоскай царквы, дзе паводле легенды пахаваны Давыд Горадзенскі, будаўнікі падчас пракладкі камунікацыяў вынішчылі каўшом экскаватара вялікая частку культурнага пласту. Там было выяўлена каля дзясятка пахаваньняў часоў сярэднявечча, сярод якіх, як лічыць Супрон, могуць быць парэшткі самога Давыда Горадзенскага.

«Фактычна, з аднаго боку, праваслаўная царква садзейнічае ўсталяваньню помніка слаўнаму палкаводцу, нібыта абаронцу праваслаўя, а зь іншага — ініцыюе зьнішчэньне меркаванага месца яго пахаваньня. На мой погляд, гэта верх цынізму», — сказаў Свабодзе Мечыслаў Ян Супрон.

Свабода зьвярнулася па гістарычную кансультацыю да прафэсійнага гісторыка. Эпоха Давыда Гарадзенскага — гэта спэцыялізацыя прафэсара Алеся Краўцэвіча. Зьвесткі пра асаблівую жорсткасьць Давыда Горадзенскага гісторык лічыць фэйкам, які крыжакі на ўсю Эўропу разьнеслі дзеля дыскрэдытацыі.

«Гаворка пра вядомы паход у Брандэнбург у 1326 г. (у рамках польска-ліцьвінскага хаўрусу) — звычайны для тых часоў: пусташэньне тэрыторыі ворага. Крыжакі рабілі тое самае, нават горшае. Іншая рэч, што крыжакі разьнеслі па ўсёй Эўропе вестку пра жорсткасьць ліцьвінаў, каб дыскрэдытаваць свайго ворага, польскага караля каталіка Уладыслава Лакетка: вось, маўляў, каталік, а навёў паганцаў (і схізматыкаў) на каталікоў. Таму мы зь ім і ваююем. Чыста прапагандысцкая акцыя», — кажа гісторык.

Ініцыятыву праваслаўнай царквы ён называе добрай справай і вельмі ўсьцешаны, што ў Горадні зьявіўся помнік Давыду Горадзенскаму.

«Гэта рэальны гістарычны пэрсанаж, асоба заслужаная ў гісторыі Горадні. А то спрэс помнікі адным камуністам ад Леніна да Чапаева. Наша праблема ў недахопе герояў, а не ў іх дэідэалізацыях — гэтых хапае», — кажа Алесь Краўцэвіч.

Давыд, на думку гісторыка, хутчэй за ўсё быў праваслаўным хрысьціянінам, на што паказвае ягонае імя. Зьвесткі пра тое, што ён быў сынам Даўмонта, Краўцэвіч таксама называе толькі вэрсіяй, якая ўзьнікла ў XVIII ст.

«Несумненна, ён быў выдатным ваенным правадыром — кіраваў найважнейшым у дзяржаве замкам на пярэднім краі вайны з крыжакамі. Можна сказаць, спэцыялізаваўся на вайне зь немцамі. Пскавічы запрашалі ў падмогу — прыходзіў, праганяў інфлянцкіх немцаў. Тое, што праваслаўная царква яго шануе, можна толькі вітаць. Помнік неблагі, нестандартны, але шмат залежыць ад таго, як будзе дапасаваны да архітэктурнага асяродзьдзя», — лічыць Алесь Краўцэвіч.

Помнік зь сьветла-шэрага башкірскага граніту стварыў менскі скульптар Сяргей Аганаў. Скульптура разам з пастамэнтам важыць больш за дзесяць тонаў, у вышыню — больш за тры з паловай мэтры. Урачыстае адкрыцьцё заплянаванае на 1 чэрвеня.


Дата стварэння навіны 25.05.2018

Возврат к списку