АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Любанцы некалі на карове каталіся і соль на гародзе сеялі

Любанцы некалі на карове каталіся і соль на гародзе сеялі
23.05.2018
А яшчэ ў Любані і на пеўніку ў Маскву лёталі, і сонца фартухамі закідвалі, і вала на дуб цягнулі. 


      А аднойчы пайшлі бульбу апоўначы садзіць, каб каларадскі жук не даведаўся. Што з гэтага праўда, а што выдумка — сказаць зараз цяжка. Ды толькі з усёй краіны прыязджаюць людзі на Любаншчыну, каб паслухаць казкі. А зараз іх можна пачытаць у зборніку «Казкі з быллю напалову». Яго прэзентавалi ў Нацыянальнай акадэміі навук. Адна з самых знакамітых казачніц раёна — Соф’я Каток з вёскі Пласток. Бухгалтар па адукацыі, яна амаль 40 год працуе ў культуры. А інакш, кажа жанчына, і быць не магло, бо нарадзілася яна ў Баянічах — самай на жарты  багатай вёсцы Любанскага раёна, а замуж пайшла за Сяргея Лазаравіча з Закальнога — самай спеўнай.

Любіць Соф’я Міхайлаўна расказваць унукам казку пра яе родную вёску. Зараз на абодвух берагах невялікай рачулкі раскінуліся вёскі-суседкі Баянічы і Загалле. Але паўстагоддзя таму людзі жылі толькі на адным беразе. І тут раптам некаму з мясцовых жыхароў собіла перасяліцца, праўда, падтрымалі яго далёка не ўсе. З таго часу ў Загаллі жывуць перасяленцы, а тых, хто застаўся, як і вёску, называюць баянічамі.

Гэта зараз, кажа казачніца, можна з вёскі ў вёску ў госці хадзіць і на аўтобусе ў райцэнтр катацца, а раней былі толькі лес ды багна. Людзі жылі і нічога, акрамя сваёй сялібы, не бачылі. А тут паехаў хлопец на Поўнач і прывёз адтуль тэлевізар. Уся вёска сышлася паглядзець на гэтае дзіва.

— Мне тады толькі тры гады споўнілася, але памятаю ўсё так, нібыта гэта сёння было, — расказвае Соф’я Міхайлаўна. — Бягуць усе, і я бягу, але раптам бачу — ідзе у супрацьлеглы бок бабка. Пытаюся, што гэта там здарылася, а яна і кажа: «Ой, дзіцятка маё, там прывезлі нейкае дупло, а ў ім і б’юцца, і смяюцца, і спяваюць, і гамоняць». Мне яшчэ цікавей стала. Прыбегла, а там па  тэлевізары ў хакей гуляюць.

Або такая гісторыя. Сабраліся неяк баянічы ў полі, раскідваюць угнаенні, раптам спыняецца мужык ды пытаецца, што гэта яны робяць. «Як што, соль сеем, — адказваюць гаспадыні. — У нас жа ў Баянічах столькі солі! Калі не верыш, раскапай ды паглядзі сам». Капаў ён, бедны, метры тры, пакуль да вады не дакапаў. Глынуў — а яна сапраўды салёная. Казка гэта ці праўда —  зараз наўрад ці хто вам скажа. Ды толькі і сёння ў раёне можна пачуць, як  садзілі колісь соль на Любаншчыне, а яна вазьмі дый прарасці пад Салігорскам.

Памятае казачніца і гісторыю  пра мужыка і вала. Араў ён неяк поле, а тут бяда: у вала ярмо зламалася. Нічога не зробіш, трэба новае рабіць. Падвёў ён да дуба жывёліну і прымярае новую палку. А нехта з тутэйшых заўважыў дзеда ды пытаецца, што ён робіць. «Хіба не бачыш, — кажа той, — вала на дуб цягну». Так і разышлася навіна па ўсёй акрузе, нібыта ў Баянічах валоў на дубы цягнуць.

Яшчэ адна незвычайная гісторыя таксама стала мясцовай казкай.

— Аднаго разу пайшлі мы з сяброўкай  ў клуб на танцы, і прывязаліся да нас хлопцы. Мы ад іх уцякаць па вёсцы, і адна з маіх каляжанак  вырашыла пераскочыць цераз карову, каб не спыняцца. А раней жывёліну летам у двор не заганялі, пакідалі на вуліцы пад плотам. Але цялушка не палена, цераз яе так проста не пераскочыш. Падхапілася ды ўцякаць, а сяброўка конна едзе, за хвост трымаецца ды крычыць на ўсю вёску: «Дзеўкі, здымайце мяне». Прыйшлося за рогі карову лавіць ды здымаць нашу небараку.

Казкам-байкам з вёскі Баянічы ў новым зборніку традыцыйных казак Любаншчыны, які быў прэзентаваны на міжнародным форуме ў Мінску, прысвечаны цэлы раздзел. Усяго ў кнізе можна прачытаць больш за 80 незвычайных гісторый з 20 вёсак. Збіраліся і запісваліся яны пачынаючы з 1975 года. Некаторыя з прадстаўленых твораў раней ужо выдаваліся, некаторыя друкуюцца ўпершыню. У зборнік увайшлі казкі пра жыццё, паноў, жывёлін, чарадзейства і звычайныя з’явы. Напрыклад, у вёсцы Закальное была запісана казка пра мужа, які прывёз жонцы люстэрка. Жанчына цэлы дзень не магла зразумець, хто гэта на яе глядзіць.

— Нам сёння смешна, але ж быў час, калі людзі ні люстэрка, ні тэлевізара не бачылі, — тлумачыць укладальнік зборніка Сяргей Выскварка. — Адну і тую ж казку могуць расказваць некалькі чалавек, і ўсе аповеды  будуць нечым адрознівацца, бо кожны інтэрпрэтуе гісторыю па-свойму.

На Любаншчыне, кажа Сяргей Выскварка, гэты жанр вуснай народнай творчасці жывы і працягвае развівацца. Самы стары носьбіт, ад каго была запісана казка, — Таццяна Сялюта 1896 года нараджэння з вёскі Рачэнь, а самая малодшая  Дар’я Удаловіч — нарадзілася ў 1998 годзе. Шмат твораў запісалі дзеці ад сваіх бабуль і дзядуляў.

Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі праходзіў у Мінску 17—18 мая. Навукоўцы з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі і Балгарыі вялі размову пра паэтыку казак, сістэму персанажаў, гісторыю вывучэння і збірання казкавай прозы, класіфікацыю і паказальнікі сюжэтаў. У першы дзень форуму перад навукоўцамі выступілі народныя казачнікі і апавядальнікі з розных раёнаў Беларусі, у тым ліку Соф’я Каток з вёскі Пласток.





Дата стварэння навіны 23.05.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку