АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Пяць фактаў аб пяці прызначэнцах

Пяць фактаў аб пяці прызначэнцах
22.05.2018
22 мая Аляксандр Лукашэнка зладзіў чарговы кадравы дзень.

 Вялікіх перастановак не было, але можна звярнуць на некалькі драбнейшых прызначэннях. «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты аб людзях, якія цяпер часцей будуць фігураваць у СМІ.

Атрымаў мяшок бульбы ад Лукашэнкі
Намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі стаў 34-гадовы Сяргей Гусачэнка. Падобна, што сваіх кадраў на кіруючыя пасады падцягвае новы старшыня Іван Эйсмант. У фэйсбуку яго жонкі Наталлі Эйсмант, прэс-сакратаркі Лукашэнкі, ёсць фота, дзе яна разам з Гусачэнка і Вольгай Макей слухае класіку ля мінскай ратушы.
Гусачэнка мінчук, вучыўся на журфаку БДУ. У гэты час супрацоўнічаў з рознымі выданнямі, у тым ліку з «Нашай Нівай». Потым пайшоў працаваць журналістам на БТ. Апошнім часам узначальваў Агенцтва тэлевізійных навін.

Як журналіст запомніўся сваім рэпартажам пра шведскага пасла Стэфана Эрыксана. Гусачэнка заяўляў, што на базе пасольства рыхтавалі экстрэмістаў, які павінны былі ладзіць вулічныя пагромы. Былі негатыўныя матэрыялы пра ўкраінскі Майдан.

Летась Сяргей Гусачэнка пабраўся шлюбам з іншай вядучай БТ — Вольгай Макей. Адметна, што Аляксандр Лукашэнка падарыў маладым на вяселле мяшок бульбы. Не кожнаму журналісту БТ Лукашэнка робіць падарункі. На вяселлі былі Іван і Наталля Эйсманты.

З прэс-сакратароў — у Стакгольм
Мы ўжо згадалі дыпламатычны беларуска-шведскі канфлікт 2012 года, які адбыўся пасля таго, як на тэрыторыю нашай краіны заляцеў шведскі самалёт, што стаў скідваць плюшавых мядзведзікаў. У выніку Швецыя закрыла пасольства ў Мінску, а Беларусь — у Стакгольме. Толькі летась беларусы зноў адкрылі сваё прадстаўніцтва ў Швецыі. І першым новым паслом стане Дзмітрый Мірончык, які чатыры гады выконваў функцыі прэс-сакратара МЗС.

Мірончык працуе ў МЗС ад 1998 года. У яго дыпламатычнай кар’еры маецца досвед працы за мяжой, ад 2001 да 2005 ён працаваў у пасольстве Беларусі ў Германіі, а ад 2008 да 2013 быў дарадцам па гандлёва-эканамічных пытаннях у пасольстве ў Італіі. Прэс-сакратаром МЗС стаў у лютым 2014.

У сваёй працы Мірончык дастаткова шмат карыстаўся беларускай мовай. Ахвотна даваў каментары для незалежных СМІ.

Гэта частая практыка, што прэс-сакратар МЗС едзе працаваць паслом у будучыні. Так было з папярэднікам Мірончыка Андрэем Савіных, які стаў паслом у Турцыі, гэтак калісьці было з Паўлам Латушкам, які адправіўся ў Польшчу.

Фізік замест камуніста

Замест гісторыка з камуністычнымі поглядамі Марата Жылінскага Акадэмію кіравання пры прэзідэнце ўзначаліць фізік-функцыянер Генадзь Пальчык.

Новаму рэктару кузні чынавенскіх кадраў 56 гадоў, ён родам з Навагрудка. Вучыўся ў БДУ на фізіка, потым там жа выкладаў.

Ад 1992 да 2004 гадоў ён быў дырэктарам Ліцэя БДУ, адной з найлепшых сярэдніх навучальных установаў Беларусі. У ліцэй збіраліся таленавітыя дзеці з усёй краіны.

«Памятаеце, як нам ва ўніверсітэце казалі: «Тое, чаму цябе навучылі ў школе, забудзь»? А следам — на заводзе: «Тое, чаму цябе вучылі ва ўніверсітэце, — непатрэбшчына. Забудзь, вучыся наноў, вучыся на практыцы». Дык гэта ж трэба ліквідаваць, наладзіўшы пераемнасць адукацыі. Ліцэй — гэта не фабрыка выдатнікаў, не штампоўка медалістаў. Ліцэй — гэта пачатак універсітэцкай адукацыі», — казаў Пальчык у адным з інтэрв’ю.

Потым Пальчык перайшоў на працу ў Нацыянальны інстытут адукацыі. У 2012 стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, балатаваўся па Ясенінскай акрузе №100, дзе жыве багата студэнтаў. Адным з тых, хто спрабаваў балатавацца па той акрузе, быў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

У парламенце ачольваў камісіі па адукацыі, навуцы і культуры. Але яшчэ да сканчэння тэрміну быў прызначаны старшынёй Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

У Пальчыка двое сыноў. Адзін з іх — Андрэй — выкладае на эканамічным факультэце БДУ.

БДУІР узначаліў свой

БДУІР узначаліў выхаванец гэтага ўніверсітэта. Вадзім Богуш не толькі вучыўся, але і працаваў тут. Быў дацэнтам кафедры абароны інфармацыі БДУІР, загадчыкам кафедры метралогіі і стандартызацыі. Потым перайшоў на працу прарэктарам у Акадэмію кіравання, адтуль — у Статыстычны камітэт. Апошнім запісам у працоўнай кніжцы Богуша значылася пасада намесніка міністра адукацыі.

Вадзіму Богушу 43 гады, ён родам з Бабруйска. Доктар фізіка-матэматычных навук. У 2002 годзе атрымаў стыпендыю кіраўніка дзяржавы для таленавітых навукоўцаў.

Летась Богуш вёў круглы стол аб праблемах беларускамоўнай адукацыі. У сваёй прамове ён казаў, што ў Міністэрства існуе комплексны план па падтрымцы беларускай мовы.

У Міністэрстве адукацыі Богуш адказваў за ўступныя выпрабаванні для абітурыентаў, а таксама далучэннем Беларусі да Балонскага працэсу.

Карлюкевіч вызначыўся з першым намеснікам

Першым намеснікам міністра інфармацыі стаў Павел Лёгкі. Чалавек, які вельмі доўгі час узначальваў прэс-службу кіраўніка дзяржавы. Апошнія месяцы ён быў намеснікам міністра інфармацыі.

Паўлу Лёгкаму 46 гадоў, ён нарадзіўся ў Баранавічах. Вучыўся ў Мінскім вайскова-камандным вучылішчы, служыў у арміі. Як журналіст пачаў сябе праяўляць у часопісе «Армія». Нядоўгі час прабыў карэспандэнтам на тэлеканале АНТ.

Менавіта адтуль яго ўзялі на працу ў прэзідэнцкую прэс-службу, у якой і адпрацаваў амаль дзесяць гадоў. Варта заўважыць, што ў той час ведамства было дастаткова закрытым для кантактаў.

У 2013 Паўла Лёгкага адправілі дарадцам у пасольства Беларусі ў Маскву. «Масква — гэта выдатны горад, прыгожы, але цяжкі для жыцця. Дома і мне, і маёй сям'і лепш, дыхаецца тут лягчэй», — сказаў Лёгкі пасля вяртання ў Беларусь.

«Я асветніцкія перадачы люблю: гісторыя, падарожжы, што звязана з прыродай. Там, мне можна і паглядзець, і адпачыць адначасова: National Geographic, Discovery, Viasat History», — расказваў Лёгкі ў інтэрв’ю «Нашай Ніве».

па інф. Наша ніва

Дата стварэння навіны 22.05.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку