АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Ульяна Захаранка не дачакалася. Чаго дачакаемся мы?

Ульяна Захаранка не дачакалася. Чаго дачакаемся мы?
22.05.2018
Насамрэч, усім даўно ўжо вядомыя і выканаўцы злачынства, і тыя, хто да яго датычныя.

Здагадваюцца і пра замоўцу. Але, зразумела, што ў сучасных умовах гучныя справы да суда не дойдуць. Аднак, Так ці інакш, рана ці позна, адказы на ўсе нашы пытанні будуць дадзеныя — у гэтым я ўпэўнены. 

На 95-м годзе жыцця памерла Ульяна Захаранка, маці зніклага ў 1999-м экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Маці так і не дачакалася ні сына, ні праўды пра сына.
Былы міністр унутраных спраў Беларусі, адзін з лідараў апазіцыі, Юры Захаранка быў скрадзены ў Мінску невядомымі 7 мая 1999 года. Што далей стала з Юрыем Захаранкам, грамадскасці невядома.

Усе гэтыя 19 гадоў Ульяна Захаранка ўпарта чакала сына. Можа б, яна і змірылася з тым, што ніколі яго не ўбачыць, але гэтага ёй не давала зрабіць «дзяржава для народа». Маці падавала ў суд заяву аб прызнанні сына памерлым, бо ён знік пры абставінах, якія даюць падставы меркаваць пра яго смерць. Яе заявы не разглядаліся: суд спыніў вытворчасць па яе заяве да заканчэння расследавання па крымінальнай справе аб знікненні экс-міністра ўнутраных спраў.

І кожны год ёй прыходзілі паперкі: следства працягнутае, следства працягнутае… Так яна і не дачакалася сына...

На мінулым тыдні, 17 мая, споўнілася б 66 гадоў яшчэ аднаму знікламу ў Беларусі — бізнесоўцу Анатолю Красоўскаму. Ён знік разам віцэ-спікерам Вярхоўнага Савета, экс-старшынёй беларускага ЦВК Віктарам Ганчаром 16 верасня 1999 года.

Таксама мы нічога не ведаем пра лёс нашага калегі Дзмітрыя Завадскага. З аднаго боку, нам сцвярджаюць, што наконт Завадскага ўсё вядома: па яго справе былі асуджаныя Валер Ігнатовіч і Ігар Малік. Але, па-першае, віны сваёй у судзе яны не прызналі, а па-другое, судзілі іх толькі за выкраданне журналіста — забойства ў судзе даказана не было.

Фармальна, гэтыя знікненні дагэтуль не раскрытыя. Але толькі фармальна. Насамрэч, усім даўно ўжо вядомыя і выканаўцы злачынства, і тыя, хто да яго датычныя. Здагадваюцца ўсе і пра замоўцу. Можна нават сказаць, што знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага былі раскрытыя па «гарачых слядах». Я памятаю, як яшчэ на першых акцыях з партрэтамі зніклых ля будынку КДБ, годзе ў 2000-м, мінак, які спяшаўся ў службовы ўваход, казаў: «Чаго вы тут стаіце, ідзіце да вайсковай часткі 3214».

Потым былі рапарты Лапаціка і звесткі Алкаева пра «расстрэльны пісталет», дакументы, якія пацвярджалі, калі і каму ён выдаваўся, і гэтак далей. Кажуць, што на Захадзе Алкаеву прапанавалі нават набыць відэазапіс расстрэлу Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. А потым следчыя Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак, якія працавалі па «справе Завадскага», дадалі яшчэ шмат фактаў па створаных у Беларусі «эскадронах смерці».

Так што хапае ўсяго — і доказаў, і сведкаў. Па словах праваабаронцы і вядомага юрыста Гары Паганяйлы, засталося толькі сабраць усе гэтыя доказы ў стос (не выключаю, што і гэта ўжо зроблена), аформіць працэсуальна і накіраваць справу ў суд. Папярэдне, канешне, змясціўшы пад арышт падазраваных.

І нездарма экс-міністры ўнутраных спраў Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў, былы камандзір міліцэйскага спецпадраздзялення Дзмітрый Паўлічэнка і былы кіраўнік Рады бяспекі Віктар Шэйман дагэтуль застаюцца невыязнымі ў Еўропу.

Але, зразумела, што ў сучасных умовах гучныя справы да суда не дойдуць. І гэтыя людзі, калі трапяць на лаву падсудных, маўчаць не будуць. Працэсуальнае завяршэнне «справаў зніклых» магчымае толькі пасля змены ўлады ў Беларусі.


З аднаго боку, нехта скажа, што, маўляў, ужо мінула 15 гадоў з часу знікненняў, выйшаў тэрмін даўніны, каб прыцягваць вінаватых да адказнасці. З іншага боку, ёсць пункт гледжання, напрыклад, прадстаўніка сям’і Захаранкі Алега Волчака які сцвярджае, што гэтыя злачынствы — злачынствы супраць чалавецтва, якія не маюць тэрміну даўніны.

Зараз цяжка не пагадзіцца з Волчакам. Хтосьці павінен адказаць за 19 гадоў пакутаў Ульяны Рыгораўны Захаранка.

Апроч таго, ніхто не адмяняў міжнародныя інстанцыі. Ёсць прыклады Нюрнбергу і Гаагі. І справа тут нават не ў пакаранні вінаватых у знікненнях. Справа — у справядлівасці. У тым, каб дакладна даведацца, што ўсё ж здарылася са зніклымі. Па чыім загадзе. Што і як рабілі і зрабілі выканаўцы. І — урэшце, дзе пахаваныя зніклыя, дзе шукаць іх парэшткі. Збольшага, мы ведаем адказы і на гэта, але «ведаць» і «шукаць» — рэчы вельмі розныя.

Так ці інакш, рана ці позна, адказы на ўсе нашы пытанні будуць дадзеныя — у гэтым я ўпэўнены. Нават у той час, калі датычныя да гэтых злачынстваў будуць ужо спачываць у магілах. Але лепш рана, чым позна. Хаця б таму, што, калі раней, то за свае грахі адкажуць тыя, каму гэта належыць. Інакш віна будзе перакладзеная на іх дзяцей і ўнукаў.

Гэта магчыма, і гэта адбудзецца — толькі пры адной умове. Калі беларускае грамадства само не забудзецца пра зніклых. Калі мы па-ранейшаму будзем вяртацца да гэтай тэмы, і кожны год адлічваць чарговую гадавіну гучных знікненняў палітыкаў, бізнесоўца і журналіста.

Але наўрад ці мы з вамі пра гэта забудземся. Тыя зніклыя былі асобамі, пра якіх варта памятаць.

Новы час, Фота belsat.eu

Дата стварэння навіны 22.05.2018

Возврат к списку