АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«У мяне забралі будучыню — у мяне не будзе ні дзяцей, ні ўнукаў». У маці салдата Коржыча свая версія смерці сына

«У мяне забралі будучыню — у мяне не будзе ні дзяцей, ні ўнукаў». У маці салдата Коржыча свая версія смерці сына
21.05.2018
Абвінавачаныя ў справе смерці салдата Аляксандра Коржыча завяршаюць азнаямленне з яе матэрыяламі. Справу могуць перадаць у суд пасля 4 чэрвеня, піша Радыё Свабода.


Аляксандар Коржыч пайшоў у войска 18 мая 2017 года. Роўна праз год яго маці Святлана ў тым самым пакоі, дзе адзначалі праводзіны, расказвае Свабодзе пра ўласную версію смерці сына, хаду следзтва і пра свой намер змяніць беларускую армію.

Версія маці: «Яго забілі»

У сярэдзіне красавіка Следчы камітэт афіцыйна паведаміў, што асноўная версія прычыны смерці Аляксандра Коржыча — давядзенне да самагубства.

Абвінавачаныя (сярод іх застаўся адзін афіцэр, другога вызвалілі праз тыдзень пасля затрымання) пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. Гэта дазволілі і Святлане Коржыч. Яна штотыдзень на 2-3 дні прыяжджае ў Мінск зь Пінску, ідзе ў цэнтральны апарат і гартае сабраныя следчай групай дакументы. У справе больш за 30 тамоў, паспець трэба да 4 чэрвеня. З агучанай СК версіяй аб давядзенні да самагубства Святлана Коржыч катэгарычна не згодная.

«Як я разумею, яго трымалі ў закладніках пасля таго, як пачаў плаціць менш, — расказвае маці загінулага салдата. — Вынікі судова-медычнай экспэртызы рэзка адрозніваюцца ад тых рэаліяў, якія мы пабачылі, калі нам у Пінск «груз 200» даставілі. Вайскоўцы вельмі спяшаліся пахаваць сына. Яны не думалі, што мы Сашу пачнем пераадзяваць. Тое, што мы там пабачылі, было страшна. Я асабіста агледзела яго. Сястра мая доктар, наш родзіч быў, хірург-траўматолаг… Дзіркі-праколы на галаве. Я ў Следчым камітэце пытаю пра гэта, мне ніхто нічога сказаць не можа. Навошта шматлікія праколы на галаве рабіліся? На шыі тры дзіркі. Навошта яны? Калі б гэта было самагубства, то ніхто сабе перад павешаннем дзірак не робіць».

«Праблемы пачаліся пасля таго, як сын адмовіўся плаціць, — дадае Святлана Коржыч. — Ён мне сказаў, што надакучыла аддаваць грошы, што разбярэцца сам. І вось пасля гэтага пачаліся ўсе прыгоды. Я лічу, што афіцэр, якому паскардзіўся Саша, пераклаў справу на сяржантаў… Так там і было: салдат пачынаў абурацца, пераставаў плаціць грошы — і яго, як гавораць, пускалі ў расход. У мяне склалася такое ўражанне».

«Калі пабачыла Сашу, плакаць ужо не хацелася»

Пасля падзеяў кастрычніка 2017 года СК пачаў пераглядаць справы аб гібелі і траўмаванні салдатаў у войску за апошнія шэсць гадоў. Некаторыя з іх паўторна закрылі (як справа аб гібелі Арцёма Басцюка), расследаванне іншых працягваецца. Святлана Коржыч гаворыць, што калі б не справа ейнага сына, то ані перагляду справаў, ані судоў «за дзедаўшчыну» не было б.

«Год таму я не магла падумаць, што ў беларускай арміі такое адбываецца, — кажа Святлана Коржыч. — У нас у сям’і неяк не было людзей, звязаных з войскам. У мяне няма братоў, якія б служылі. Аднакласнікі толькі… Але ўжо падчас прысягі сам камандзір сказаў, што трэба салдатам завесці пластыкавыя карткі. Ніякіх прадуктаў не трэба перадаваць, а толькі пералічваць грошы… Там склалася сапраўдная сістэма рэкету… Вы думаеце, кіраўніцтва часткі не ведала? Усе ўсё ведалі».

Адносіны з вайскоўцамі — для Святланы Коржыч асаблівая тэма. Расказвае, што падчас аднаго з візітаў у вайсковы камісарыят ёй там выказалі незадаволенасць. Маўляў, трэба менш раздаваць інтэрв’ю. І лепш не пісаць у адміністрацыю кіраўніка краіны.

«Мяне асабліва раззлавалі словы міністра абароны пра тое, што ўва ўсім вінаватыя школа і выхаваньне ў сям’і, — гаворыць Святлана. — Маўляў, ідуць салдаты ў армію непадрыхтаваныя, псіхалагічна не гатовыя. Прабачце мне, хочацца задаць пытанне — у іх саміх ёсць дзеці альбо не? Давайце сустрэнемся. Міністр абароны і генералы з аднаго боку, маці загінулых салдатаў з іншага. І мы ўсе факты раскажам, агучым усе свае прэтэнзіі».

Сустрэча кіраўніцтва беларускага войска з маці загінулых у арміі салдатаў — адна з мэтаў Святланы Коржыч. Яна расказвае, што пасля сьмерці сына атрымала дзясяткі званкоў ад родных загінулых салдатаў. Некаторыя выпадкі здарыліся яшчэ ў сярэдзіне 90-х, але родныя ўсё ж спадзяюцца дамагчыся справядлівасці. Калі не справядлівасці, то прынамсі пераменаў у войску.

«Чаму ў нас маладыя хлопцы ідуць у армію і там становяцца самагубцамі? Ніхто пра гэта не задумваўся раней, — гаворыць Святлана Коржыч. — Чаму так адбываецца? Суіцыд і ўсё. Ніхто не будзе суіцыд расследаваць, ніхто не будзе прычынаў высвятляць… Ім было б выгадней, каб я маўчала і плакала. А я вам шчыра скажу: калі пабачыла Сашу, то мне плакаць ужо не хацелася».

Некалькі месяцаў таму да маці Аляксандра Коржыча проста на рынак, дзе яна гандлюе, прыйшла цэлая дэлегацыя пінскіх жанчын. Выказвалі падзяку за тое, што цяпер стала не так страшна аддаваць дзяцей у армію. Прапаноўвалі абвясціць збор сродкаў на помнік яе сыну. Святлана адмовілася. Сказала, што не будзе хадзіць па горадзе з працягнутай рукой.

«Цяпер у Печах новы камандзір. Уначы ходзіць, правярае, ці ўсё добра, — гаворыць Сьвятлана Коржыч. — Калыханкі салдатам спявае. Глядзіць, як яны ядуць, чым хто займаецца. Ці не чысьцяць раптам унітазы зубной шчоткай».

Ці будуць у арміі новыя падазроныя выпадкі суіцыдаў, Святлана Коржыч не ведае. Пасля гэтага пытаньня адразу згадвае нядаўняе паведамленьне аб гібелі салдата пад Менскам. Ён служыў разам зь яе сынам і нават праходзіў сьведкам у справе. Паводле афіцыйнай вэрсіі, загінуў ад выпадковых стрэлаў з танкавага кулямёта.

«Гавораць, што я ўсё выдумала. Пра хамуты з шыпамі, пра зьдзекі, — абураецца Сьвятлана Коржыч. — У СМІ пішуць, што гэта мае фантазіі".

«У мяне забралі будучыню — у мяне не будзе ні дзяцей, ні ўнукаў»

Як кажа Святлана Коржыч, у матэрыялах справы няма некалькіх ключавых, на яе думку, момантаў. Па-першае, вынікі медычнай экспэртызы адмаўляюць наяўнасць слядоў гвалтоўнай смерці на целе загінулага салдата. Па-другое, сярод абвінавачаных толькі адзін афіцэр. У справе аб смерці Коржыча былы кіраўнік часткі разам з падначаленымі праходзіць толькі ў якасці сведкі. Святлана Коржыч гаворыць, што неаднаразова звяртала на гэта ўвагу следчых, спрабавала нават асабіста сустрэцца з былымі камандзірамі сына, аднак атрымала папярэджанне ад супрацоўнікаў СК. Маўляў, гэта недапушчальна і можа быць расцэнена як ціск на сведак.



Дата стварэння навіны 21.05.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку