АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Аляксей Ляляўскі: Беларусь пакуль не вельмі тэатральная краіна

Аляксей Ляляўскі: Беларусь пакуль не вельмі тэатральная краіна
19.05.2018
Што-што, а лялечны тэатр у нашым культурным асяроддзі з'яўляецца неаспрэчным прадметам увагі і ўсеагульнага гонару.

Маецца на ўвазе, вядома, асаблівая форма тэатральнага мастацтва, а не спектаклі для дзяцей. Таму так дарэчы, хоць і раз на два гады, збірацца на Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Мінску. Чарговы, ужо дзясяты, распачаўся ўчора і традыцыйна прапанаваў гледачу беларускую праграму, у якой па азначэнні павінен быць прадстаўлены кожны беларускі лялечны тэатр, і замежную, куды ўпершыню трапілі пастаноўкі з Ірана, Балгарыі і Іспаніі. З такой нагоды мы сустрэліся з Аляксеем Ляляўскім, галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, мастацкім кіраўніком фестывалю, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі — увогуле культавай асобай у сваёй сферы, чые прафесійныя кантакты звязаны таксама з Расіяй, Германіяй, Польшчай, Бельгіяй, Фінляндыяй, Нідэрландамі... Так ці інакш, пра лялечны тэатр у нашай краіне наўрад ці хто ведае больш за яго, таму да Аляксея Ляляўскага мы прыйшлі як да рэжысёра, адборшчыка і, што немалаважна, гледача.


— У нашым прафесійным асяроддзі часам кажуць, што з усяго беларускага тэатра менавіта лялечны трымае планку, застаецца ў авангардзе і заслугоўвае пашаны. Нават той факт, што ў краіне ёсць асобны для гэтага кірунку фестываль, шмат пра што кажа. А вы якім бачыце становішча нашага тэатра лялек?

— Казаць, што мы недзе наперадзе ці ззаду, няправільна, бо мы ўсе варымся ўнутры гэтай кашы, а тым больш займаемся крыху рознымі відамі мастацтва. Збоку беларускі тэатр лялек ацэньваюць вельмі добра, выключэнняў тут няма, хоць калектывы трымаюцца розных ідэй і стыляў, па-іншаму бачаць сваю аўдыторыю. Аб'ектыўная ацэнка — гэта ці запрашаюць нас да сябе, што пішуць і, нарэшце, ці запрашаюць другі раз. Наколькі я валодаю інфармацыяй, усе нашы тэатры запатрабаваныя, не тое што — з'ездзілі адзін раз, і пра іх забылі. Шчыра магу сказаць, хоць, можа, гэта і гучна, — беларускі лялечны тэатр з'яўляецца часткай еўрапейскага культурнага працэсу. Я пра гэта ўвогуле ніколі не думаў, пакуль крытык з Сербіі не запытаўся, як нам ўдаецца быць такімі запатрабаванымі ў свеце. Што датычыцца агульнай папулярнасці ўнутры, тут мы, на жаль, не выключэнне: Беларусь пакуль не вельмі тэатральная краіна. Хоць дзякуючы міжнародным фестывалям у Мінску, Магілёве, Брэсце, нават тэатральнай праграме на Славянскім базары ў Віцебску, нешта мяняецца.

— Вы маеце на ўвазе, публіка становіцца больш зацікаўленай?

— Больш адукаванай. Як я гэта разумею: «бум-цык-цык» у музыцы запатрабавана не таму, што гэта добра, а таму, што прымітыўна. Масавая культура, то-бок эрзац культуры для шырокіх мас, карыстаецца папулярнасцю заўсёды і паўсюль. Таго ж Чайкоўскага звычайна ведаюць па тым, што можна напець. Каб прывучыцца слухаць музыку, трэба патраціць пэўны час і пачаць яе разумець. Для таго каб зразумець літаратара, трэба ацаніць не сюжэт, а аўтарскую стылістыку. Недарэчна ж пераказваць сюжэт «Злачынства і пакарання». Тое ж самае з тэатрам: пастаноўка, дзе расказваюць нейкую гісторыю ў асобах, — па сутнасці, папса, якая тэатрам не з'яўляецца. Гэта ўсё роўна што «бум-цык-цык» у музыцы. На гэтым узроўні змяненні дзякуючы тэатральным фестывалям, канешне, адбываюцца. Праўда, вельмі павольна, бо дзяржава, хоць нейкія сродкі і выдзяляюцца, але культурай і мастацтвам не займаецца. Добра, што пагадзіліся з тым, што ў краіне можа быць Фестываль тэатраў лялек. Вы кажаце, гэта выключэнне, а ў любой іншай краіне спіс фестываляў аналагічнага кірунку можа заняць некалькі лістоў. Напрыклад, у Іране два фестывалі тэатраў лялек, я ўжо не прыводжу ў прыклад Францыю і Германію.

— Праграма фестывалю, якую вы фарміруеце, напэўна, аўтаматычна транслюе ваша бачанне сучаснага лялечнага тэатра...

— Не, яна паказвае найбольш папулярныя ў той ці іншай краіне стылі і напрамкі. У Іране, напрыклад, маладыя людзі спрабуюць адмовіцца ад традыцыйнага тэатра, працуюць з філасофскімі тэмамі, прадметамі, фактурай. Так, там таксама ёсць папсовыя спектаклі для дзяцей, як у Японіі, еўрапейскіх краінах і, не будзем гэта адмаўляць, у Беларусі. Такі «псеўдадысней», як я кажу, нешта кідкае і на продаж. Мой знаёмы гэта добра назваў лялечным кітчам. Але маладыя аўтары хочуць сказаць сваё слова ў іншым. Таму, канешне, нам было цікава запрасіць іранскую пастаноўку. Мне падаецца, кожны фестываль павінен ісці за ідэяй аб'яднання культур.

— Атрымліваецца, галоўнымі крытэрыямі адбору былі «кітч альбо не кітч» і як спектакль адлюстроўвае нацыянальны тэатр.

— Кітч адразу адпадае, бо ў кожнай краіне яго даволі. Гэта як на кінафестывалі паказваць касавы блокбастар. Таму мы прывозім трэнды, лініі, памкненні розных краін. Напрыклад, тэатр лялек Балгарыі ў сацыялістычныя часы быў адным з самых папулярных у Еўропе. Мы іх ніколі не запрашалі з-за пэўнага папсовага налёту.

Як толькі з'явіліся спектаклі, што адрозніваюцца ад агульнага напрамку, Балгарыя з'явілася і ў нашай праграме.

— На прэс-канферэнцыі перад фестывалем прагучаў выраз «некаторыя спектаклі апасродкавана адносяцца да тэатра лялек». Што гэта значыць?

— Калі стаяць на пазіцыі аматара кітча, канешне, некаторыя спектаклі нашай праграмы выклічуць збянтэжанасць. Яны проста іншыя. А калі чалавек разумее тэатр лялек не літаральна, то-бок дзе павінен быць тэатр і павінны быць лялькі, а саму яго сутнасць, праграма не пакіне ніякіх пытанняў. Калі нехта пайшоў слухаць Стаса Міхайлава, а яму граюць Моцарта — гэта нечакана. У тэатры ж таксама не напісана «ПАПСА», каб чалавек ведаў, што ён ідзе не на экзістэнцыяльную гісторыю. Пакуль мы не здагадаліся пазначаць пастаноўкі такім дастаткова крыўдным для гледача чынам. Паколькі самае крыўдлівае ў чалавеку — яго густ. Можна згаджацца з усім, але калі вы не любіце майго любімага выканаўцу — то УСЁ.

— А ці ёсць нейкія агульныя тэндэнцыі ў сучасным лялечным тэатры ў цэлым?

— У кожнай краіне яны абсалютна розныя і развіваюцца ў розных напрамках. Нельга судзіць пра нацыянальны тэатр па Роберце Уілсане ці Томасе Остэрмаеру. Таму што Уілсан — гэта Уілсан, ён пераедзе ў іншую краіну, паставіць нешта ў Маскве і застанецца Уілсанам. Остэрмаер мае большае дачыненне да сваёй краіны, але нямецкі тэатр ім усё ж не абмяжоўваецца. Асноўнае, чым зараз спрабуюць займацца ў Еўропе, — самім чалавекам і яго ўнутраным светам. У нас чамусьці любяць абагульненні, а дапусцім, у нямецкім тэатры гэтага амаль няма. Польскі тэатр апошнім часам займаецца формай. Чым завіхрасцей, тым лепш. Калі вы бачыце Дон Кіхота, перанасенага ў паўкасмічную прастору, — тут гэта нармальна. Калі тры чалавекі сядзяць і «нічога не адбываецца» — гэта таксама нармальна. Трэнд Балгарыі — у сувязі аб'екта і пластыкі, што нямецкі тэатр ужо прайшоў. Таму атрымліваецца такі броўнаўскі рух, за якім і нам цікава назіраць — мы ж таксама некуды рухаемся.

— Як вы ставіцеся да стэрэатыпа, што лялечны тэатр — тэатр для дзяцей?

— Вы ведаеце, генную памяць складана змяніць. Асабліва калі гэта ідэя спансуецца дзяржавай, як у Расіі, Польшчы ці ўсходняй Германіі. Пэўны начальнік на адкрыцці аднаго з нашых фестываляў сказаў, што мы робім вельмі вялікую работу, таму што працуем для дзяцей. Прычым сказаў ён гэта ў сем гадзін вечара перад спектаклем для дарослых. Не ведаю, як у нас, але ў некаторых краінах больш ахвотна выдаткоўваюцца сродкі «на дзяцей», чым на нешта іншае. Хоць вы, напрыклад, амаль не знойдзеце дзіцячых спектакляў у заходняй Германіі ці ў Швейцарыі, дзе тэатр у асноўным разлічаны на моладзь і дарослых. Значыць, так размяркоўваюцца і глядацкія інтарэсы.

Па сутнасці, у Саюзе сетка дзіцячых тэатраў была створана як частка вялікай ідэалагічнай машыны, каб выхоўваць «правільных» грамадзян з малых гадоў. Сістэма сышла, а фармальна спектаклі існуюць.

— У фестывалю ёсць умова, што кожны лялечны тэатр краіны павінен быць паказаны ў праграме. Гэта вам як адборшчыку не стварае нейкіх перашкод?

— Было складана ў 1990-х, калі мы ні разу не маглі паказаць беларускую праграму без сораму. Адпаведнай была рэакцыя нашых замежных калег. Мы тлумачылі, што ёсць — тое ёсць. Вядома, сорамна і непрыемна, але як ёсць. А цяпер гэта рэдкі выпадак, калі з тэатрам, што прапануе нам свой спектакль, узнікае дыскусія. Апошнія тры-чатыры фестывалі праблем не было.

— Як памяняліся водгукі замежных калег?

— Ну як — у лепшы бок. Проста ніхто нас ужо не ацэньвае як чужых, чаму я і кажу пра агульную культурную прастору. Няма розніцы паміж спектаклем з Гродна і Парыжа — яны, канешне, неаднолькавыя, але і неўразумення, што гэта такое, няма. Часам мы запрашалі «занадта альтэрнатыўныя» пастаноўкі. Рэакцыя беларускай публікі атрымалася накшталт «А што гэта было? Не, ну тут нешта ўвогуле нічога незразумела». У 1993 годзе мы запрасілі з Аўстрыі «Варыяцыю ІІІ» Кейджа, на мой погляд, адзін з самых перадавых і цікавых спектакляў нашага фестывалю. Пастаноўка заснавана на выпадковасці: тры выканаўцы, у кожнага свой сцэнарый, яны ведаюць па часе, што яны павінны рабіць, але свае ролі размяркоўваюць перад спектаклем праз жэрабя. Абсалютна фантастычнае відовішча, адчуванне сапраўднага тэатра: ніхто не ведае, што будзе ў наступны момант, ролі не завучаны, усё адбываецца тут і зараз. Здзіўленне было не толькі ў беларускіх гледачоў, якія, дарэчы, паставіліся дастаткова памяркоўна, але і ў нашых замежных калег.

— Вы адборшчык праграмы, у якую ўключаны два вашыя ж спектаклі. Вы не бачыце ў гэтым канфлікту інтарэсаў?

— Не, па адной простай прычыне: спектаклі, якія паказвае Kаrlssоn Hаus (тэатр у Санкт-Пецярбургу, з якім супрацоўнічае Аляксей Ляляўскі. — Аўт.), знаходзяцца ў лініі расійскага тэатра, якая, спадзяюся, будзе развівацца ў будучыні. Інтэрпрэтацыя тэксту ў розных суадносінах з візуальнасцю — тое, чым зараз займаюцца ў Расіі, я маю на ўвазе, што Расія — гэта не толькі дзяржаўныя тэатры. Калі б гэта было проста з-за майго жадання, я б закрычаў: «Навошта мы паказваем «Пансіён «Бельведэр» (спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, пастаўлены Матэа Сп'яцы. — Аўт.), давайце я сваё што-небудзь прадстаўлю». Але я цудоўна разумею, што для нашага тэатра «Пансіён «Бельведэр» зараз больш паказальны.


Вы неяк сказалі, што ў параўнанні з некаторымі краінамі, якія могуць пахваліцца толькі адным значным рэжысёрам лялечнага тэатра, у нас іх цэлы набор. З чым звязана такое багацце?

— Наша самае вялікае дасягненне апошніх гадоў — гэта атрыманне незалежнасці, што дало магчымасць глядзець спектаклі і камунікаваць з калегамі, гэта быў шанц парваць з папсовай традыцыяй і ўсвядоміць сваё месца ў тэатральным жыцці свету. Потым наш фестываль, які, можа, у меншай ступені паўплываў на гледача, вельмі моцна паўплываў на прафесіяналаў. Апроч іншага, рухавіком любога працэсу з'яўляецца канкурэнцыя, я маю на ўвазе ўнутраную канкурэнцыю ідэй, разумення тэатра. Калі ты на роўных канкурыруеш не толькі «ў сваёй вёсцы», а па-сапраўднаму, гэта дае матывацыю і адчуванне адказнасці. Таму, калі хочаш зрабіць лепш, чым Пітэр Брук, — канкурыруй з Пітэрам Брукам.

Ірына Кацяловіч, Звязда

Дата стварэння навіны 19.05.2018

Возврат к списку