АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Экіпіроўка Салея, Домрачавай i iншыя спартовыя экспанаты, якiя захоўваюцца ў НАК Беларусi

Экіпіроўка Салея, Домрачавай i iншыя спартовыя экспанаты, якiя захоўваюцца ў НАК Беларусi
19.05.2018
Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ўпершыню стане часткай свята «Ноч музеяў». У інтэр'ернай экспазіцыі НАК прадстаўлена больш за 800 прадметаў. Усе, безумоўна, маюць велізарную сімвалічную значнасць.

SPORT.TUT.BY сабраў дзесятку лепшых артэфактаў і прыкінуў, колькі яны могуць каштаваць.

Экіпіроўка Руслана Салея
У гэтай экіпіроўцы трагічна загінулы ў авіякатастрофе Руслан Салей браў удзел у Алімпійскіх гульнях 2010 года ў Ванкуверы. Там Руслан быў капітанам зборнай Беларусі па хакеі. Форма была перададзена ў НАК пасля смерці Салея.


У лепшай хакейнай лізе планеты НХЛ Руслан правёў 979 матчаў, у якіх набраў 220 (52 + 168) ачкоў па сістэме «гол+пас». Ён адыграў у 66 матчах за зборную на працягу 17 гадоў, выступіў на трох Алімпіядах (1998, 2002, 2010) і васьмі чэмпіянатах свету. Пасмяротна Руслан Салей быў уключаны ў Залу славы Міжнароднай федэрацыі хакея, а беларуская федэрацыя вывела са звароту ў зборнай нумар «24», пад якім гуляў Салей.

Колькі гэта можа каштаваць? Для параўнання, за джэрсі Андрэя Мезіна, у мінулым галкіпера зборнай Беларусі па хакеі, з Алімпіяды-2010 зараз на eBay просяць 777 даляраў. А ў 2017 годзе канькі расійскай суперзоркі Аляксандра Авечкіна былі прададзеныя на дабрачынным аўкцыёне за 9,5 тысячы даляраў.

Факел Алімпіяды-1980
На факеле выгравіравана імя Аляксандра Мядзведзя, трохразовага алімпійскага чэмпіёна па барацьбе. 20 ліпеня 1980 года Мядзведзь запаліў гэтым факелам чашу з алімпійскім агнём на мінскім стадыёне «Дынама» перад больш за 50 тысяч гледачоў. Нагадаем, што ў Мінску праходзілі адборачныя і чвэрцьфінальныя матчы футбольнага турніру Алімпіяды 1980 года ў Маскве.

Існуе легенда, што такіх факелаў, як у Мядзведзя, было выраблена ўсяго шэсць. Яны адрозніваліся ад тых, якія выкарыстоўваліся падчас эстафеты алімпійскага агня.

Колькі можа гэта каштаваць? У 2012 годзе брытанка Сара Мілнер Симондс, якая адной з першых прыняла ўдзел у эстафеце алімпійскага агня, прадала свой алімпійскі факел на eBay за 242 тысячы даляраў.

Лыжа Антона Кушніра
У НАК Беларусі захоўваецца адна лыжа з пары, у якой фрыстайліст Антон Кушнір выйграў Алімпійскія гульні 2014 года ў Сочы з гросмайстарскім вынікам 134,50 бала. У вырашальнай спробе Антон выканаў патройнае сальта з пяццю піруэтамі, дзе па два піруэта было ў першай і трэцяй фазе скачка.

Колькі гэта можа каштаваць? Напрыклад, у 2015 годзе лыжы Дар'і Домрачавай былі прададзеныя за 1 тысячу даляраў на дабрачынным аўкцыёне ў падтрымку Беларускага дзіцячага хоспіса.

Экіпіроўка Дар'і Домрачавай
Гэта экіпіроўка зборнай Беларусі па біятлоне, у якой беларусы выступалі на працягу трох сезонаў (2011−2013). Яшчэ да таго, як Дар’я Домрачава стала алімпійскай чэмпіёнкай (тры золата ў Сочы-2014 і адно ў Пхенчхане-2018) і Героем Беларусі. Адзначым, што ў 2012 годзе Даша выйграла чэмпіянат свету ў гонцы пераследу, а праз год узяла золата ў мас-старце.

Колькі гэта можа каштаваць? Зоркі біятлона сваю экіпіроўку не прадавалі, а вось гоначны камбінезон і пальчаткі чэмпіёна «Формулы-1» сезона 2016 года Ніка Росберга былі рэалізаваны на дабрачынным аўкцыёне за 45 тысяч еўра.

Купальнік Любові Чаркашынай (на здымку)
У гэтым купальніку гімнастка Любоў Чаркашына выступала ў практыкаванні са стужкай на Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане. Па выніках мнагабор’я Чаркашына выйграла бронзавы медаль. Купальнік аздоблены стразамі і камянямі Swarovski.

Колькі можа каштаваць? Купальнік савецкай гімнасткі Вольгі Корбут, у якім яна выступала на чэмпіянаце Еўропы ў Лондане ў 1973 годзе, на аўкцыёне ў Даласе сышоў з малатка за 3 тысячы даляраў.

Медаль імя П’ера дэ Кубертэна Алены Бяловай
Алена Бялова, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка ў фехтаванні на рапірах, — адзіная ў Беларусі ўладальніца найкаштоўнейшага ў алімпійскім свеце медаля імя П’ера дэ Кубертэна. Дарэчы, у свеце ўсяго 21 кавалер гэтай узнагароды. Бялова атрымала медаль за «выдатнае служэнне алімпійскаму руху».

Колькі гэта можа каштаваць? Сёння на eBay самы дарагі артэфакт з профілем П’ера дэ Кубертэна ацэньваецца ў 595 даляраў. Гэта медаль Міжнароднага алімпійскага камітэта ад 1944 года з інвентарным нумарам.

Вясло Сяргея Макаранкі
Вясляр-канаіст Сяргей Макаранка — першы алімпійскі чэмпіён з Беларусі. У 1960 годзе на Алімпійскіх гульнях у Рыме разам з Леанідам Гейштарам Макаранка заваяваў залаты медаль на дыстанцыі 1000 метраў. Не так шмат засталося памятак з тых далёкіх часоў. Тым большую каштоўнасць уяўляе «пераможнае» вясло Макаранкі.


Колькі гэта можа каштаваць? У 2013 годзе двухразовы алімпійскі чэмпіён па веславанні з Малдовы, а сёння кіраўнік НАК Малдовы Мікалай Жураўскі адмовіўся прадаваць сваё вясло, якое захоўваецца ў музеі НАК Малдовы, за 1,5 тысячы еўра.

Аліўкавы вянок Юлii Несцярэнкi
10,93 секунды. Роўна столькі спатрэбілася ўраджэнке Брэста Юлii Несцярэнке, каб прабегчы каралеўскую дыстанцыю ў 100 метраў і затым узыйсці на вышэйшую прыступку алімпійскага п’едэсталу ў Афінах-2004. Па старажытнагрэцкай традыцыі на галаву чэмпіёнкі, якая атрымала мянушку Белая Маланка, быў ускладзены аліўкавы вянок.

У гэтага, як і ў наступных артэфактаў, няма ніякіх аналагаў у адкрытым доступе.

Прыз імя Джэсі Оўэнса Віталя Шчэрбы
Пасля заваявання шасці залатых алімпійскіх медалёў на Гульнях 1992 года ў Барселоне гімнасту Віталю Шчэрбе быў прысуджаны каштоўны прыз імя Джэсі Оўэнса (чатырохразовы чэмпіён Гульняў 1936 года ў Берліне. — Заўв. рэд.). Шчэрба стаў першым сярод еўрапейцаў, уганараваных гэтым трафеем. Па адчуваннях гімнаста, важыць прыз каля 40 кілаграмаў.

Прыз Fair Play Уладзіміра Самсонава
Уладзімір Самсонаў - першы атлет у гісторыі незалежнай Беларусі, які атрымаў прэстыжны прыз Міжнароднага алімпійскага камітэта Fair Play. Ён, а таксама ракетка і мяч для настольнага тэнісу, якімі карыстаўся спартсмен на самай паспяховай для сябе Алімпіядзе ў Рыа-2016, дзе заняў чацвёртае месца, прадстаўлены ў экспазіцыі НАК Беларусі.


Бонус
У перыяд з 2015-га па 2018 год Беларускі партал TUT.BY рэалізаваў падчас дабрачынных аўкцыёнаў нямала спартыўных артэфактаў. Больш за ўсё сродкаў атрымалася выбавіць за клюшку прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі (77,5 млн недэмінаваных беларускіх рублёў, або 3,5 тысячы даляраў) и за клюшку былога брамніка зборнай Беларусі па хакеі Кевіна Лаланда (каля 1,5 тысячы даляраў), а таксама за спаборніцкі бiп алімпійскай чэмпіёнкі Пхенчхана-2018 Ганны Гуськовай (1350 BYN) і за заплечнік галоўнага трэнера зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалая Казекі (785 BYN).

Рэдакцыя партала выказвае падзяку прэс-службе НАК Беларусі за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
Фото: Надежда Бужан, TUT.BY


Дата стварэння навіны 19.05.2018

Возврат к списку