АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

«Грошы павінны служыць, а не кіраваць». У Ватыкане абнародаваны дакумент, прысвечаны эканамічным і фінансавым пытанням

«Грошы павінны служыць, а не кіраваць». У Ватыкане абнародаваны дакумент, прысвечаны эканамічным і фінансавым пытанням
18.05.2018
17 мая ў Ватыкане быў прадстаўлены новы дакумент Апостальскай Сталіцы Œconomicæ et pecuniariæ quæstiones (Эканамічныя і фінансавыя пытанні). Дакумент абнародаваны пасля яго ўхвалення Святым Айцом, які, дарэчы, быў ініцыятарам яго распрацоўкі.


Новы дакумент, падрыхтаваны Кангрэгацыяй Веравучэння і Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, прысвечаны этычнаму аналізу актуальнай эканамічна-фінансавай сітуацыі ў свеце і звяртае ўвагу на неабходнасць стварэння новых эканамічных і фінансавых мадэляў, накіраваных на развіццё супольнага дабра. У прэс-службе Апостальскай Сталіцы прайшла яго прэзентацыя, у якой прынялі ўдзел кіраўнікі ўзгаданых ватыканскіх дыкастэрый: арцыбіскуп Луіс Франсіско Ладарыя Фэрэр і кардынал Пітэр Тарксан, а таксама італьянскія эканамісты.

Са спасылкай на энцыкліку папы Францішка Laudato si’, прысвечанай клопату пра стварэнне, у дакуменце падкрэсліваецца, што ключ кожнага сапраўднага развіцця – гэта «любоў да супольнага дабра, неадлучнага ад любові да праўды».

Каб спрыяць такому развіццю, фундаментальна важнай з’яўляецца «этычная праніклівасць», таму Касцёл лічыць адным са сваіх галоўных абавязкаў нагадаць усім пра пэўныя этычныя прынцыпы ў сферы эканомікі.

Адзначаецца, што нядаўні глабальны фінансавы крызіс мог стаць нагодай для развіцця новай і больш уважлівай да этычных прынцыпаў эканомікі, а таксама новага кіравання фінансавай дзейнасцю, «нейтралізуючы драпежніцкія і спекулятыўныя аспекты і надаючы большае значэнне служэнню рэальнай эканоміцы». У дакуменце з жалем падкрэсліваецца, што, нягледзечы на «станоўчыя намаганні на розных узроўнях», не адбылося «рэакцыі, якая прывяла б да пераасэнсавання састарэлых крытэрыяў, што працягваюць кіраваць светам».

У дакуменце асуджаецца ўзбагачэнне праз злоўжыванне дамінуючай пазіцыяй або нанясенне шкоды калектыўнаму дабрабыту. Адзначаецца, што сёння рынкі служаць багацейшай меншасці і прыносяць прыбытак у той меры, у якой ствараюць «глыбока амаральную культуру».

«На кон пастаўлены сапраўдны дабрабыт большай часткі жыхароў нашай планеты, якія ўсё больш рызукуюць быць выціснутымі на ўзбочыну або нават быць выключанымі і пазбаўленымі доступу да прагрэсу і сапраўднага дабрабыту, у той час як некаторыя меншасці эксплуатуюць і захоўваюць толькі для сябе велізарныя рэсурсы і багацці, будучы абыякавымі да стану большасці», — гаворыцца ў дакуменце.

Паводле Апостальскай Сталіцы, у кантэксце глыбокай няроўнасці неабходна пераасэнсаваць эканамічныя мадэлі. Трэба аднавіць усё па-сапраўднаму гуманнае, пашыраючы гарызонты розуму і сэрца. Падкрэсліваецца, што «абавязкам кампетэнтных і адказных асобаў з’яўляецца распрацоўка новых формаў эканомікі і фінансаў з правіламі і палажэннямі, накіраванымі на развіццё супольнага дабра».

Эканоміка павінна разглядацца як прылада не панавання, а служэння.

«Грошы павінны служыць, а не кіраваць», — адзначаецца ў дакуменце і выказваецца спадзяванне, што ў свеце існуе вялікая колькасць фінансістаў і біржавых інвестараў, «натхнёных добрымі і слушнымі намерамі».

Дата стварэння навіны 18.05.2018

Возврат к списку