АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Руды: ІТ-галіна ў Беларусі праз пяць гадоў будзе выглядаць так, як у Кітаі пяць гадоў таму

Руды: ІТ-галіна ў Беларусі праз пяць гадоў будзе выглядаць так, як у Кітаі пяць гадоў таму
16.05.2018
Дыпламат падкрэсліў, што Кітай — вельмі вялікая ІТ-краіна, якая хутка расце.

«Калі хочаце паглядзець, як будзе выглядаць ІТ-галіна ў Беларусі, напрыклад, гадоў праз пяць, то для гэтага не трэба ехаць у Кітай, бо варта толькі паглядзець, што было ў Кітаі гадоў пяць назад», — заявіў пасол Беларусі ў КНР, экс-памочнік прэзідэнта па эканоміцы Кірыл Руды 15 мая ў Мінску на Еўразійскім лічбавым форуме, які ўпершыню прайшоў у межах выставы «ТІБО».

Паводле слоў дыпламата, сёння ў КНР можна знайсці самыя перадавыя тэхналогіі і ўбачыць будучыню не толькі для краін, якія развіваюцца, але і многіх развітых краін. «Першае ўражанне, якое складваецца, калі чалавек прыязджае ў Кітай, аб ІТ-сферы, як правіла, супярэчлівае і можа быць абсалютна палярным: кажуць, у Кітаі ўсё складана і марудна, што вакол прапаганда, цэнзура і блакаванне сайтаў і сацыяльных сетак. З іншага боку, гучаць абсалютна захопленыя водгукі прыняцця, захаплення, што ў Кітаі усё прадумана і хутка, мноства ІТ-паслуг і прадуктаў. Але пасля шараханняў з крайнасці ў крайнасць надыходзіць стадыя маўчання і асэнсавання», — адзначыў Руды.

«Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у Кітаі складае 773 млн чалавек, і гэтая лічба павялічваецца кожны месяц на колькасць карыстальнікаў у Беларусі. Асноўная тэхналогія ў Кітаі — гэта вялікія даныя. Яна раскрываецца ў гандлі, даследаванні штучнага інтэлекту і грамадскай бяспекі і сістэме грамадскага кантролю», — сказаў пасол.

Усё гэта, паводле слоў Рудага, паскарае тавараабарот і эканоміку краіны. «Лічыцца, што толькі тэхналогіі вялікіх даных забяспечваюць прырост ВУП Кітая ў сярэднім на 2% у год», — адзначыў ён.


У Кітаі, падкрэсліў Руды, практычна не выкарыстоўваюцца наяўныя грошы: «Ва ўсіх крамах і кіёсках вулічнага гандлю, як правіла, разлічваюцца, скануючы тэлефонам QR-код. Кожны месяц 500 млн кітайцаў замаўляюць тавары праз мабільныя праграмы, пры гэтым рынак анлайн-гандлю Кітая расце ў два разы хутчэй, чым у ЗША».

Больш за 60% ВУП краіны стварае малы бізнес. 90% кітайскіх стартапаў, паводле назіранняў Рудага, паміраюць у першы год жыцця, але «тыя, хто выжываюць, становяцца буйнымі міжнароднымі карпарацыямі», нягледзячы на тое што ў Кітаі для ІТ няма льгот і субсідый.

Беларускі пасол назваў КНР цэнтралізаванай ІТ-краінай, бо гэтая сфера тут вельмі манапалізаваная. «Інфармацыйныя тэхналогіі ў Кітаі практычна закрытыя ад знешняга свету. Краіна скіраваная на стварэнне сваіх правілаў і стандартаў, уласнай псіхалогіі спажывання. Гэта таксама тлумачыць забарону крыптавалют і кіраванне блокчэйнам», — дадаў ён.

«Але галоўнае, што, як і мы, так і Кітай бачыць рызыкі, таму ў ІТ-сферы ў Кітаі з’яўляецца дэцэнтралізацыя. Дзясяткі мільёнаў мікраблогераў канкуруюць з афіцыйнымі СМІ, а доступ у «Твітэр», Google, да міжнародных сацсетак у Кітаі можна атрымаць праз VPN, цэнзуру — абысці багаццем кітайскай мовы, алегорыямі, інфармацыю пра якасць паветра — пераправерыць на сайце амерыканскага пасольства», — сказаў Руды.

Народная воля, фото с сайта china.mfa.gov.by


Дата стварэння навіны 16.05.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку