АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Вялікі хакейны правал. І ня толькі хакейны…

 Вялікі хакейны правал. І ня толькі хакейны…
15.05.2018
Правал хакейнай зборнай — гэта адлюстраваньне дэградацыі беларускай сацыяльнай мадэлі.

На першы погляд, нічога надзвычайнага нібыта не адбылося: спорт ёсьць спорт, нярэдка нават моцныя каманды церпяць фіяска. Але неяк апошнім часам няўдачы ідуць адна за другой. Спачатку зборная па хакеі ня трапіла на Алімпіяду, цяпер вылятае з найвышэйшага дывізіёну.

Аднак галоўнае — гэта той грамадзкі і палітычны кантэкст, на тле якога адбыўся правал беларускага хакею. Справа ў тым, што хакей у Беларусі ня проста адзін зь відаў спорту. Гэта важны кірунак дзяржаўнай палітыкі, ідэалёгіі, амаль рэлігія. (Кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава заявіла, што «хакей — гэта ідэалёгія, якая можа аб’яднаць нацыю».) На яго выдаткоўваюцца вялізныя для Беларусі грошы. Шмат гадоў працягвалася разрэклямаваная кампанія будаўніцтва лядовых палацаў па ўсёй краіне, нават у райцэнтрах. Хакеісты атрымліваюць параўнальна высокія заробкі. Сытуацыя ў хакеі рэгулярна разглядаецца на нарадах у кіраўніка дзяржавы. У экстраным парадку старшынёй Фэдэрацыі хакею быў прызначаны адзін з найлепшых адміністратараў у дзяржаве, былы міністар сельскай гаспадаркі, кіраўнік Горадзенскай і Менскай абласьцей Сямён Шапіра.

Для Аляксандра Лукашэнкі хакей — гэта любімая забава, сфэра асаблівай увагі. Час ад часу ён асабіста ім кіруе. «Я пэрсанальна фармаваў алімпійскую зборную ў Японію ў Нагана», — хваліўся ён. Сапраўды, кіраўнік дзяржавы сам прыляцеў тады на Алімпіяду 1998 году і даваў устаноўку перад гульнёй зборнай. У 2010 годзе пасьля Алімпійскіх гульняў ён, незадаволены выступам зборнай краіны, тлумачыў шалапутным хакеістам, як трэба гуляць: «Схапіў шайбу, штурхнуў яе нагой, каньком, галавой, рукой, чым заўгодна, заштурхнуў у вароты, там разьбірайся». Шкада, безумоўна, што гэтым разам у Даніі не было каму навучыць беларускіх хакеістаў правільна гуляць.

Адна з галоўных палітычных падзеяў году ў Беларусі — гэта міжнародны калядны хакейны турнір, на якім «каманда прэзыдэнта» амаль заўсёды перамагае. Каб вылучацца на пляцоўцы, Лукашэнка гуляе ў хакей пад № 1 ці № 99. У дзяржаўных мэдыя турнір асьвятляецца як галоўная падзея. На матчах абавязаны прысутнічаць высокія дзяржаўныя асобы, чальцы ўраду. Лукашэнка сапраўды лічыць сябе вялікім хакеістам. Прымаючы віншаваньні з чарговай перамогай на традыцыйным калядным турніры, ён сьціпла адзначыў: «Спорт — вялікі дыплямат. Таму мы значную ўвагу ўдзяляем спорту. У тым ліку і таму была створана каманда прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, пра якую ведаюць у кожнай спартыўнай дзяржаве плянэты».

Мусіць, цалкам заканамерна, што калі сацыяльная мадэль знаходзіцца ў крызісе, то ў краіне дэградуе ўсё: эканоміка, сацыяльная сфэра, адукацыя, спорт. На самае дно апусьціўся беларускі футбол. Вось цяпер настала чарга хакею.
Яшчэ адна цікавая заканамернасьць. Найперш правальваецца тое, што абʼяўляецца дзяржаўным прыярытэтам і чым у ручным рэжыме кіруе сам Лукашэнка. Памятаеце, як ён узяўся за дрэваапрацоўку? Колькі было скандалаў, кадравых землятрусаў, нават судовых прысудаў. Дык вось сёньня большасьць дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў — у безнадзейных пазыках.

Тое самае можна сказаць пра хакей. Калі пачалася кампанія будаўніцтва лядовых палацаў у райцэнтрах, дасьведчаныя людзі казалі, што хакей даволі дарагое задавальненьне. Лядовыя палацы каштуюць вельмі шмат, падтрымліваць іх жыцьцядзейнасьць — гэта непасільны цяжар для бюджэту. Усе лядовыя палацы — непрыбытковыя абʼекты, забіраюць на сваё ўтрыманьне вялікую долю мясцовых грошай. Каб дзіця магло займацца ў хакейнай сэкцыі, патрэбен рыштунак коштам $500-1000. Хакей — гэта гульня для багатых краінаў. І дзіўная сытуацыя: хакеістаў у Беларусі многія ня любяць. Іхныя заробкі на тле абядненьня народу раздражняюць людзей.

Але Лукашэнка нікога ня слухаў. І апраўданьнем такіх затрат маглі стаць толькі посьпехі беларускіх хакеістаў на міжнароднай арэне. Аднак гэта ўнутры краіны можна гадамі апавядаць пра выдатныя вынікі ў розных сфэрах. Але жорсткі міжнародны аўдыт у выглядзе чэмпіянату сьвету ў хакеі ўсё паставіў на сваё месца. Савецкі камэнтатар Мікалай Озераў у падобных выпадках любіў гаварыць: такі хакей нам не патрэбен!

Валер Карбалевич, радыё Свабода,Зборная Беларусі па хакеі, архіўнае фота



Дата стварэння навіны 15.05.2018

Возврат к списку