АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

ААТ «Мастоўдрэў» дапамагла пракуратура, а людзям не дапамог ніхто

ААТ «Мастоўдрэў» дапамагла пракуратура, а людзям не дапамог ніхто
12.05.2018
Распачатая ў гэтым дзесяцігоддзі рэканструкцыя ААТ «Мастоўдрэў» у межах дзяржаўнай праграмы рэканструкцыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі праходзіла складана. Тэрміны яе заканчэння некалькі разоў па розных прычынах пераносіліся. Адна з іх — па віне генеральнага падрадчыка.

Увесці ў эксплуатацыю цэх па выпуску драўлянавалакністых пліт меліся ў лютым 2015 года. У дзень пуску ў цэху было ўстаноўлена перавышэнне ўтрымання дапушчальнай нормы фармальдэгідаў. Недастаткова эфектыўна працавала прыточна-выцяжная вентыляцыя. Эксперты ўстанавілі, што генеральны падрадчык на стадыі праекціроўкі і мантажу дапусціў шматлікія парушэнні, з-за чаго немагчыма была эфектыўная праца вентыляцыі. Для ліквідацыі дэфектаў было закуплена новае абсталяванне, праведзена ўстаноўка, мантаж, наладка з канчатковымі выпрабаваннямі. Агульная сума страт на пераабсталяванне склала 152 тысячы рублёў.

Пракуратура Гродзенскай вобласці з гэтай нагоды, дзеля вяртання страт «Мастоўдрэў», выставіла зыск генеральнаму падрадчыку. Апошні ў дасудовым парадку адмовіўся сплаціць «Мастоўдрэву» страты. Справа дайшла да суда. Эканамічны суд Гродзенскай вобласці задаволіў зыск, а апеляцыйная інстанцыя пакінула рашэнне суда без зменаў.

У гэтым выпадку ёсць цікавыя акалічнасці. Па факце рашэння суда ў СМІ прайшло шмат паведамленняў. Усе яны заснаваны на інфармацыі, якую прадставіла пракуратура Гродзенскай вобласці. Аднак не ў адным паведамленні (магчыма, каб не нашкодзіць рэпутацыі) не называецца генеральны падрадчык рэканструкцыі «Мастоўдрэва». А ім быў будаўнічы манапаліст вобласці «Гроднааблсельбуд». І кіраваў на той час прадпрыемствам Генадзь Залога.

Цяпер у цэху фармальдэгіды ў норме. Новая вентыляцыя паспяхова выкідае іх у паветра, якім напоўніцу дыха­юць мастаўляне. Бліжэйшыя шматпавярховыя дамы знаходзяцца за некалькіх соцень метраў ад прадпрыемства.

Падчас рэканструкцыі цэха ў дварах шматкватэрных дамоў па вуліцы Жукава з`явіўся невядомы аб`ект — невялікая будка. Як сцвярджаюць дасведчаныя людзі, гэта міні-станцыя па кантролі чысціні паветра. Калі гэта так, то ў анклаве шматпавярховікаў яно будзе чыстым. А якая яго чысціня з іншага боку дамоў, як і ў самім горадзе, нікому не вядома.

Дата стварэння навіны 12.05.2018

Возврат к списку