АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Галадоўніца з Гомлю: Хочаш вешайся, хочаш страляйся, хочаш крадзь, міласціню прасі

Галадоўніца з Гомлю: Хочаш вешайся, хочаш страляйся, хочаш крадзь, міласціню прасі
10.05.2018
У Гомлі працягваецца галадоўка Наталлі Васіленкі. Жанчына, якая перанесла інсульт і пакутвае на эпілепсію, дамагаецца 2 – й групы інваліднасці, замест 3-й, якую яна мае зараз.

Бо пенсіі па інваліднасці 140 рублёў  (з якой сп. Наталля плоціць 500 рублёў крэдыту, які ўзяла да хваробы) хапае толькі на аплату камуналкі і сціплае харчаванне. Лекары лічаць, што падстаў даваць 2-ю групу няма і раяць уладкавацца на працу.

“Я не магу працаваць, - абурана кажа Наталля Васіленка. – я хаджу з кійком, мне вельмі цяжка перасоўвацца і даволі балюча. Бардзюры, прыступкі ствараюць рэальныя праблемы для перасоўвання.  Мой свет толькі – мой пакой і інтэрнэт. У мяне кружыцца пастаянна галава і моцна баліць, праблемы з каардынацыяй, я не магу сфакусаваць позірк, карцінка рухаецца, высокі ціск, арытмія. Ну які я работнік? Хто і куды мяне возьме?

Наталля да хваробы працавала на будоўлі, атрымлівала высокі заробак, дапамагала сваёй маці інваліду, узяла некалькі спажывецкіх крэдытаў на рамонт кватэры і побытаваю тэхніку. Напрыканцы 2016 года ў яе здарыўся інсульт - працяглае лекаванне, рэабілітацыя, страта працы і заробку.

“Мне трэба 2-я група не дзеля грошаў, там розніца невялікая, патрэбны ільготы, якія яна дае – па аплаце камуналкі, лекаў, - тлумачыць Наталля. -  З 2-й групай хоць неяк можна выжыць, неяк можна існаваць, 3 – я група не мае ільготаў і на працу не ўладкавацца, бо вельмі багата абмежаванняў. Пасля аплаты камунальных рахункаў у мяне застаецца 20 рублёў. Каб не Святлана Алексіевіч, я бы памерла з голаду. Я пайшла на галадоўку, бо не маю выйсця. Што мне рабіць? Я ж не магу пажыццёва сядзець на шыі ў пісьменніцы. Можа ўжо дзяржава пачне выконваць свае абавязкі па сацыяльнай абароне сваіх нямоглых грамадзянаў”.

Наталля Васіленка звярталася са шматлікімі скаргамі ў Міністэрства аховы здароўя, Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта, але безвынікова.

“Без сэнсу скардзіцца чыноўнікам, - кажа сп. Наталля, - нікога ты ў гэтай краіне не цікавіш. Выжывай як хочаш – хочаш вешайся, хочаш страляйся, хочаш крадзь, міласціню прасі, але дзяржава цябе ніколі, ні пры якіх абставінах не абароніць”.

Праваабаронцы раяць звярнуцца ў суд.

“Не гледзячы на існуючы недавер людзей да беларускага суду, - каментуе юрыст Леанід Судаленка, - я раю звярнуцца Наталлі ў суд, патрабаваць каб была сфармавана грунтоўная медычная камісія, якая вырашыць ці трэба ёй даваць 2-ю групу інваліднасці.  За свае правы патрэбна змагацца. Бываюць выпадкі, калі толькі ў апошняй інстанцыі – Вярхоўным судзе, чалавек атрымлівае перамогу. Я, напрыклад, дапамагаў працоўнаму звязаць яго хваробу з вытворчай траўмай 4 гады і мы з ім перамаглі”.

Галадоўку Наталля Васіленка распачынала са сваёй сяброўкай па няшчасцю – Аленай Клімовіч, якой таксама не даюць 2-ю групу інваліднасці. Але, на наступны дзень пасля пачатку галадоўку, сп. Алене прапанавалі працу вахцёрам за 400 рублёў і яна спыніла галадоўку.

Лекары з паліклінікі прыходзяць да галадоўніцы, мераюць ціск і запытваюцца пра самаадчуванне.


Дата стварэння навіны 10.05.2018

Возврат к списку