АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Адкрылася міні-пякарня, дзе гатуюць старадаўнія беларускія прысмакі

Адкрылася міні-пякарня, дзе гатуюць старадаўнія беларускія прысмакі
08.05.2018
Беларусь — краіна, якая мае адметную спадчыну, у тым ліку кулінарную.

 Штосьці гатавалі нам нашы бабулі — і далёкі смак з дзяцінства дагэтуль грэе душу. Лепшыя стравы, якія гатавалі нашы продкі, на жаль, згубіліся ў віры стагоддзяў. Але ёсць і тыя, якія ўдалося адрадзіць і захаваць прафесійным даследчыкам. Так, у сядзібе "Марцінова Гусь" у вёсцы Малая Люцінка, што на Валожыншчыне, адкрылася міні-пякарня, дзе цяпер можна пакаштаваць старадаўнія беларускія прысмакі.

У міні-пякарні ўжо вырабляюць ведзьмакі — беларуска-літоўскі аналаг пельменяў. Гатуюць тут і старажытны аналаг сучасных калдуноў — цэпеліны. Кагосьці ж дакладна зацікавіць татарскі слаёны пірог перакачаўнік. Камусьці пашанцуе пакаштаваць дражжавых ромавых баб — дарэчы, калісьці гэта страва была шляхецкай, а частаваліся ёй зазвычай на Вялікдзень.

Адзін з самых важных відаў выпечкі, які адрадзілі ў "Марціновай Гусі" — гэта кнышы. Кнышы — страва з досыць вялікай інтэрнацыянальнай гісторыяй. Яна мае беларускія карані, але зрабіла сабе, што называецца, яскравую міжнародную кар'еру. Такія булачкі з начынкай ужо даўно вельмі папулярныя ў Амерыцы ды іншых краінах.

— Мы ладзім гастранамічныя экскурсіі ды адпаведныя адукацыйныя праграмы для нашых гасцей. Атрымліваецца, што выпечку можна не толькі пакаштаваць, але і даведацца, якое сімвалічнае значэнне яна калісьці мела ў розных пластах нашага грамадства: напрыклад, што елі татары, а што шляхта, — расказвае гісторык беларускай кухні, уладальнік "Марціновай Гусі" Алесь Белы. — У нас вельмі мала рэгіянальнай інфармацыі пра дакладную атрыбуцыю страў згодна з месцамі, дзе яны гатаваліся. Але гэтай тэмай я вельмі цікаўлюся ўжо працяглы час. Таму калі мы робім праграму па татарскай кухні, то ведаем, што на нашых землях татары зазвычай жылі ў Іўі, Навагрудку, Смілавічах, — і, адпаведна. выкарыстоўваем тамтэйшыя рэцэпты.

Неабходнае для пякарні абсталяванне было набыта дзякуючы ініцыятыве "Развіццё інфраструктуры зялёнага маршруту "Валожынскія гасцінцы" ў Валожынскім раёне", які рэалізуецца спажывецкім кааператывам па развіцці аграэкатурызму "Валожынскія гасцінцы". Усё гэта адбываецца ў межах праекта "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Беларусі", што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Такім чынам у "Марціновай Гусі" з'явілася неабходнае электраабсталяванне (генератар і элементы аварыйнага і дадатковага энергазабеспячэння). Набыта і ўстаноўлена тэхніка для хлебапячэння і кухоннае абсталяванне.

Завітаўшы ў Малую Люцінку, цяпер можна не толькі наведаць мясціны, дзе нарадзіўся класік нашай літаратуры, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, не толькі пакаштаваць смачную выпечку, але і зазірнуць у "Аптэчку прыемную". У ёй уладкавана музейна-лекцыйнае памяшканне для дэгустацый і лекцый. Там плануюць расказваць пра даўнюю культуру хлебапячэння і выкарыстання традыцыйных для нашай краіны араматычных раслін у розных аспектах паўсядзённага жыцця — у выпечцы, у хатняй парфумерыі, у народнай медыцыне, у прыгатаванні напояў.

Адметна, што цяпер мы можам не толькі расказваць цікавыя гісторыі пра нашу Бацькаўшчыну, не толькі наведваць адметныя памятныя месцы, але і пакаштаваць на смак і адчуць яе водар...


Кнышы беларускія з бульбай

Інгрэдыенты. Для цеста: 2 шклянкі мукі, крышачку соды, 1/2 лыжачкі солі, 1 яйка, 1/3 шклянкі алею, 1/2 шклянкі вады, 1 лыжачка воцату.

Для начынкі: 3 бульбіны сярэдняй велічыні, 1 вялікая цыбуля-рэпка, пучок зялёнай цыбулі, соль, перац на смак, 2 лыжкі алею, жаўток для змазвання.

Спосаб прыгатавання. Муку прасеяць у місу з содай і соллю. Асобна разбоўтаць яйка, дадаць ваду, воцат і алей, перамяшаць. Выліць сумесь у муку, вымешаць гладкае цеста, загарнуць у плёнку і пакласці ў халадзільнік на 30 хвілін. Бульбу зварыць у падсоленай вадзе, абабраць, патаўчы. Падсмажыць пакрышаную рэпчатую цыбулю, дробна пакрышыць зялёную — перамяшаць усё з тоўчанай бульбай.

Цеста падзяліць напалам, кожную частку раскачаць у прастакутнік памерам каля 30х40 см. Уздоўж доўгага боку выкласці начынку, астатнюю паверхню тонка змазаць алеем. Звіць у рулон, падзяліць рукой напалам, не надрываючы, прыціскаючы цеста, потым яшчэ і яшчэ раз напалам. Кожны кавалак адкруціць, пакуль не парвецца, сфармаваць у "бочачку", прыціснуць. Выкласці кнышы на бляху, памазаць разбоўтаным жаўтком, паставіць у разагрэтую духоўку, запякаць каля 30—40 хвілін пры 180 °С.
Гарачыя кнышы скласці ў місу, накрыць хустачкай і пакінуць на 15 хвілін.


Дата стварэння навіны 08.05.2018

Возврат к списку