АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Быў у жахлівым ацёчным стане». У няволі памёр заслужаны будаўнік Патрончык, які называў Лукашэнку «добрым знаёмым»

«Быў у жахлівым ацёчным стане». У няволі памёр заслужаны будаўнік Патрончык, які называў Лукашэнку «добрым знаёмым»
08.05.2018
У зьняволеньні памёр былы кіраўнік Круглянскай перасоўнай мэханізаванай калёны № 266 Мікалай Патрончык. Ён і ягоны малодшы сын былі пад арыштам праз абвінавачваньне ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Патрончыка-старэйшага ўтрымлівалі ў СІЗА магілёўскай турмы № 4. Адвакаты дамагаліся зьмены падабароннаму меры ўтрыманьня, бо ў яго былі сур’ёзныя праблемы са здароўем.

«Ня мог сагнуцца, абуцца. Зь цяжкасьцю выходзіў на вуліцу»

Як паведамілі родзічы, памёр Мікалай Патрончык 7 траўня ў 19.40 у магілёўскай бальніцы № 1, куды яго даставілі ў непрытомным стане ў гэты ж дзень.

Паводле суразмоўцаў, стан здароўя зьняволенага пагоршыўся 6 красавіка. Яго пад канвоем даставілі зь СІЗА Магілёўскай турмы № 4 у абласную бальніцу, дзе дыягнаставалі цыроз пячонкі. 26 красавіка Мікалаю Патрончыку падоўжылі тэрмін утрыманьня ў няволі яшчэ на два месяцы.

«Адвакаты пісалі хадайніцтвы, у якіх прасілі зьмяніць меру стрыманьня, паколькі Мікалаю Васільевічу патрабаваўся асаблівы рэжым лячэньня і дыета. Ён быў у жахлівым ацёчным стане. Ня мог сагнуцца, абуцца. Зь цяжкасьцю выходзіў на вуліцу. Урачы з абласной бальніцы перагледзелі заключэньне турэмных лекараў і адмянілі палову выпісаных яму лекаў. У дадатак у яго быў дыябэт, мноства траўмаў пасьля аварыі, і ўсё гэта дало ўскладненьне на пячонку. Гепатыт С, як мы высьветлілі, перарос у цыроз пячонкі», —сказала Свабодзе сваячка нябожчыка.

У дзень сьмерці Мікалая Патрончыка ў бальніцы адмаўляліся для яго браць перадачы. Сьледчы, якому датэлефанаваліся сваякі, не патлумачыў, чаму зьняволены знаходзіцца на штучным вэнтыляваньні лёгкіх.

Паводле родзічаў, 8 траўня ім павінны паведаміць прычыны сьмерці Мікалая Патрончыка. Хаваць яго зьбіраюцца 9 траўня.

«Усё ў іхных руках. Да мяне ёсьць пытаньні...»

​Мікалай Патрончык узначаліў ПМК у 1995 годзе, а працаваў у гэтай арганізацыі ад 1973 году. Ён заслужаны будаўнік Беларусі. У 2015 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Айчыны ІІІ ступені. У інтэрвію Naviny.by Патрончык называў «добрым знаёмым» кіраўніка дзяржавы, які ў 2012 годзе прапаноўваў яму пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва. Патрончык адмовіўся.

У 2013 годзе ён трапіў у аўтамабільную аварыю і месяц пасьля яе быў у крытычным стане. Перанёс некалькі апэрацый (апошнюю незадоўга да арышту). Пасьля году рэабілітацыі вярнуўся на працоўнае месца, бо супрацоўнікі арганізацыі папрасілі яго адкласьці выхад на пэнсію. Паводле жонкі, Мікалай Патрончык паслухаўся іх, адмовіўшыся ад інваліднасьці.

Нагодай для крымінальнага перасьледу Патрончыкаў стала супрацоўніцтва ПМК з прыватным прадпрымальнікам, які пастаўляў прадпрыемству запчасткі да тэхнікі.

66-гадовага Мікалая Патрончыка арыштавалі 26 сьнежня 2017 году. Сьведкі затрыманьня кажуць, што мужчыну вывелі з адміністрацыйнага будынка арганізацыі, якой ён кіраваў, у кайданках...

У дзень арышту ў доме Патрончыка правялі ператрус. Калі гаспадара выводзілі, ён сказаў жонцы: «Усё ў іхных руках. Да мяне ёсьць пытаньні...»

Пазьней жонка Ларыса Патрончык даведалася, што ператрус адбыўся і ў кватэры сына Дзьмітрыя, якога таксама арыштавалі.

Крымінальную справу супраць кіраўніка ПМК распачала пракуратура Магілёўскай вобласьці. На арышце Мікалая Патрончыка настаяла сьледзтва. Пра зьняволеньне Дзьмітрыя Патрончыка ў афіцыйным паведамленьні Сьледчага камітэту Беларусі не гаварылася. Пра тое, што адбываецца зь Дзьмітрыем Патрончыкам, ягоныя родныя зьвестак ня маюць.


Дата стварэння навіны 08.05.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку