АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«У цябе была б кватэра і ўсё іншае, а ты, дурань, — у кіно»

«У цябе была б кватэра і ўсё іншае, а ты, дурань, — у кіно»
06.05.2018
Андрэй Кудзіненка не толькі культавая персона ў беларускім кіно, але і эфектны расказчык. У яго аповедах аказваюцца дзясяткі цікавых гісторый, жартаў, фактаў, і ўсё гэта з пэўнай доляй самаіроніі і лёгкім стаўленнем да навакольнай рэчаіснасці.

Менавіта таму мы не прапусцілі творчую сустрэчу з рэжысёрам, арганізаваную цэнтрам «АРТ Карпарэйшн» у рамках праекта «ТАК: Тэатр. Адукацыя. Кіно». Новы праект змяшчае ў сабе тое найлепшае, што можа даць публіцы Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, які займаецца арганізацыяй найбуйнейшых тэатральнага і кінафестывалю краіны. «Стварэнне любові паміж мастацтвам і публікай» — такую задачу ставяць перад сабой арганізатары «ТАК». Мы ж у сваю чаргу дзелімся тым, што Андрэй Кудзіненка ў прыемных прыцемках прасторы «Ок16» расказаў на сваёй творчай сустрэчы.

Пра фільм «Розыгрыш» і Паўла Лунгіна

— Я яшчэ не скончыў «Кадэцтва», са мной хацелі ўжо трэці сезон здымаць, як з'явіўся Павел Лунгін з фільмам «Розыгрыш». Я два тыдні недапрацаваў, бо трэба было тэрмінова нешта вырашаць, страшэнна пасварыўся і сышоў з праекта. Таму мяне ўключылі ў чорны спіс тэлевізійных аўтараў, але я пра гэта даведаўся ўжо потым.

На «Розыгрышы» таксама, як і на серыялах, усё рабілася цяп-ляп. Я яшчэ працаваў на «Кадэцтве», а праз два тыдні трэба было здаваць сцэнарый, праз паўтара месяца пасля званка Лунгіна мы ўжо здымалі. Я хацеў зрабіць рэальную гісторыю, але прадзюсары дамагаліся больш папсовага варыянта, прасілі «галівудшчыны» дадаць. Яшчэ была складанасць з галоўным героем-спеваком. Задачай было знайсці Цоя. Я кажу Жэню Калмыкову, музыкальнаму прадзюсару: «Жэня, трэба знайсці Цоя», — а ён адказвае: «Цоя шукаюць з моманту смерці Цоя». Мы, напэўна, два тыдні хадзілі па начных канцэртах. нём — работа, ноччу — канцэрты. Знайшлі ў ыніку на «Масфільме», дзе, дарэчы, у параўнанні з тэлебачаннем былі зусім іншыя адносіны: тут з табой сядзіць Чухрай, Шахназараў робіць выгляд, што не бачыць, як вы п'яце гарбату з кубка, з якога не ідзе пара.

Было добра, калі Лунгін з'ехаў на дайвінг. А потым ён вярнуўся... Як ён еў мозг! У цябе самы складаны момант, вялікая масоўка, дзеці ідуць у школу, дрэнны стэдзікамшчык, а ён бегае за табой паўсюль і кажа: «Не атрымаецца, Андрэй, не атрымаецца». Я яму затое ўспамінаў Гадара, якога той не любіць. Неяк на Канскім кінафестывалі Гадар сказаў: «Паглядзіце, як Лунгін есць ёгурт — відаць, што прайдзісвет». І калі Лунгін запытаўся, хто мой любімы рэжысёр, я сказаў: «Гадар!» Гэта было па-сяброўску, але потым ён стаў монстрам. Пасля поспеху фільма «Востраў» яго пачало накрываць, а пасля «Цара» ён проста паляцеў. Са студыі, з якой Лунгін працаваў, сышлі ўсе. Помню, на прэм'еры нейкага яго фільма падыходзіць яго жонка і кажа: «Пазвані Паўлу Сямёнавічу, павіншуй». Я бяру тэлефон, званю, віншую Лунгіна з прэм'ерай, а ён адказвае: «Не тое кажаш, Андрэй, не тое», — тады я гавару: «Павел Сямёнавіч, вы геній!» — «Во, ведаеш словы!» На мантажы мы з ім зноў пасварыліся, я ўжо хацеў сыходзіць з карціны, але потым мы прыйшлі да закадравага тэксту, прычым пісаць яго павінен быў Іван Ахлабысцін, які сказаў: «Я напішу вам такі тэкст!» і знік. Я ўжо і матушцы яго тэлефанаваў (тады Ахлабысцін яшчэ быў праваслаўным бацюшкам), а ў выніку сам пісаў.

Як выбраў прафесію

Я вучыўся яшчэ ў савецкі час, калі пасля заняткаў усе беглі ў кінатэатр, аддавалі 10 капеек, прагульвалі дзеля кіно, глядзелі ўсё запар. Кожны раз пасля праграмы «Час» я глядзеў фільм, абавязкова. А потым з'явіліся відыкі. У Брэсце, дзе я нарадзіўся і жыў, софікі (кіроўцы «Саўтрансаўта». — Аўт.) прыганялі гэтыя відыкі з заходніх краін і ўвесь час ставілі ўсялякі шлак кшталту «Рэмба 2». Хоць я з задавальненнем глядзеў фільмы з Ван Дамам, Брусам Лі, Чакам Норысам, Джэкі Чанам. Мы паглыналі ўсё запар, а няшчасныя ўладальнікі відэамагнітафонаў глядзелі фільмы па мільёне разоў і часта казалі «тут я раскажу» — ставілі на перамотку і пераказвалі сюжэт. У нас быў аднакласнік, сын дырэктара лікёра-гарэлачнага завода, — у яго першага відык з'явіўся.

А ўжо ў інстытуце ў нас быў нейкі падпольны «Сёмы канал», дзе сядзеў змрочны хлопец у стылі Dересhе mоdе і паказваў фільмы, проста адзін за адным. Потым, калі я вывучаў гісторыю кіно ў Акадэміі мастацтваў, аказалася, што вялікую частку таго, што было патрэбна, я ўжо бачыў — і «На апошнім дыханні», і Бертрана Бліе, і Марка Ферэры. А чаму я пасля школы паступіў у палітэх? Таму што гэта практычна. А куды яшчэ? Я добра ведаў матэматыку і фізіку. Бацькі казалі: «Будзеш інжынерам — заўсёды знойдзецца праца», а якраз на маім другім курсе заводы пачалі закрывацца. У палітэху ў мяне быў сусед, які марыў паступіць у інстытут кінематаграфіі і насіў кніжкі кшталту «Вісконці пра Вісконці», а я ўсё за ім чытаў. У той час, праўда, я думаў, што буду прафесійным футбалістам, але потым зразумеў, што я не Бэкхэм, хоць Бэкхэма тады яшчэ не было, і падумаў, што трэба завязваць: у футболе я вялікім не стану, а ў мастацтве можна неяк «праехаць».

Яшчэ смяшнейшая гісторыя пра тое, як курсе на другім знаёмыя ўгаварылі мяне схадзіць на фільм, маўляў, такі круты, нехта збіраўся з дзяўчынай пайсці, але не атрымалася. Тым фільмам аказаліся «Дні зацьмення» Сакурава. Я балдзеў ад гэтага кіно, яно мяне так заваражыла. А потым прыйшоў у інтэрнат і ў мяне пытаюцца: ну як? Аказалася, яны не пайшлі спецыяльна, бо ім сказалі, што гэта нешта мутнае. А мне было супер.

Як з'явілася ваенная тэма

У пачатку нулявых на «Беларусьфільме» быў гучны праект «У жніўні 44-га», які з'еў два бюджэты кінастудыі, пазбавіў усіх працы і ўсе на яго злаваліся. І вось мы сядзелі злыя — я, Аляксандр Качан і Аляксандр Колбышаў, была поўная бесперспектыўнасць — ні грошай, нічога, нудна і дэпрэсіўна. Мы пілі гарэлку і думалі, чаго б такога зрабіць, як выказацца — на тую ж тэму, але з іншага боку. Першая задума была карыкатурнай: прыходзяць партызаны і пачынаюць капаць — усе думаюць, што яны будуць кагосьці хаваць, а яны адкопваюць самагон і пачынаюць вечарыну. Гэтую ідэю мы пачалі раскручваць, прыцягваць сюды архетыпы — у выніку з'явілася сур'ёзная кароткаметражка «Партызанская містэрыя», якая трапіла пад гнеў Цвяткова з Міністэрства культуры. Да гэтага ён мяне мучыў са здачай «Барана» — больш за паўгода не прымаў фільм. У мяне тады нават барада з'явілася, бо ён сказаў не галіцца, пакуль не здам карціну. А я здаў, толькі яе так доўга прымалі, што ў выніку я стаў выглядаць як Фідэль Кастра. На «Партызнаскую містэрыю» Цвяткоў напісаў вельмі адмоўны артыкул, а я яго падмануў — атрымаў пракатнае пасведчанне, пакуль ён быў у адпачынку. Прэм'еру кароткаметражкі зрабілі ў Музеі кіно, і там было вялікае захапленне. Для пэўнай публікі навела стала проста культавай. Усе казалі: «Здыміце працяг, вы забілі, га́ды, нашага любімага персанажа Штыркіна». І мы падумалі: трэба зрабіць працяг, нягледзячы на тое, што Штыркін ужо забіты. Так нарадзіўся нелінейны сюжэт карціны «Акупацыя. Містэрыі», нам вельмі хацелася зрабіць фільм, дзе канец быў бы пачаткам. У галаве ў мяне быў Серджыа Леонэ з яго вестэрнамі. Помню, адна газета ўвесь час друкавала гісторыі партызанаў, і мне здавалася, што яны ўсе ў капелюшах, таму ў нас таксама быў капялюш з чырвонай зоркай. І музыку я прасіў пісаць у такім стылі.

Пра пераезд у Маскву і серыялы

Я максімальна адцягваў момант пераезду, паслаў Колбышава замест сябе, які ў той момант на нейкім будаўніцтве працаваў. Там ён у выніку купіў машыну, кватэру і стаў больш-менш заможным чалавекам. Канешне, мне было цікава папрацаваць на серыялах дзеля досведу, але я гэта адцягваў, прабіваў свае праекты, нешта прыдумляў. У выніку пасля ўсіх паражэнняў я падумаў: «А паеду здымаць «Операў», там хоць грошы плацяць нармальныя». Праўда, на «Операх» я таксама трапіў у складаную сітуацыю, пачаў перакройваць сцэнарый — ну проста па-свойму весці сябе ў чужым агародзе. Мне кажуць: «Сцэнарый мяняць нельга, слова зменіш — усё!» А я кажу: «Мне можна!» Ну, а куды яны дзенуцца, я ж ужо зняў матэрыял. Прычым я ўсё рабіў лепей. Напрыклад, прыязджаем на дрэнную лакацыю ў пустое, цёмнае памяшканне — я кажу, давайце з ліхтарыкамі ў цемнаце. І яны ідуць з гэтымі ліхтарыкамі — ну клас, інтрыга... Мне за гэтыя ліхтарыкі потым так папала. А акцёры загарэліся! Яны пачалі імправізаваць, бо дагэтуль «ляпілі» дзесяць гадоў, а тут ім усё дазваляюць. Карацей, мне не заплацілі частку грошай.

Потым з'явілася «Кадэцтва». Там было яшчэ весялей, бо плацілі нерэальна шмат грошай, а рабіць нічога не трэба было. Аднойчы я пабываў на здымачнай пляцоўцы ў Арланава, які там здымаў да мяне. І ён пытаецца: «Ну ты зразумеў схему?» Я кажу, а што тут разумець, навошта толькі рэжысёр, не разумею.

Пра ўздзеянне серыялаў

Я працаваў недзе тры з паловай месяцы, гэта мала, а ў іншым выпадку там лёгка захраснуць і сябе страціць: гэта проста паток, часам мы здымалі па 25 хвілін у дзень. Калі  сыходзіў з «Кадэцтва», мне дырэктар СТС сказаў: «Мы табе новае жыццё пачалі. У цябе была б кватэра і ўсё, а ты, дурань, — у кіно». Я ўсім расказваю гэтую гісторыю: у нас здымаўся Георгій Марцірасян, такі здаровы акцёр, ён быў самы дарагі. Там былі Сцяклоў, Парахаўшчыкоў, але яны чамусьці каштавалі чатыры тысячы ў дзень, а Жора — сем тысяч. Чаму сем, я не магу зразумець. Ну, твар вядомы. І вось мы здымаем, ён прыходзіць на пляцоўку — а тэкст ён ніколі не памятаў — я яму зачытваю фразу: «Макс, ты ў колькі прыйдзеш дадому?»... Жора стаіць і кажа: «Андрэй, а інтанацыя?» І я яму інтанірую! А ён паўтарае — за сем тысяч у дзень!

Гэты вопыт мне дапамог. У мантажным, сцэнарным ці таніровачным перыядзе заўсёды ёсць мандраж і жаданне ўсё кінуць і збегчы. На здымачнай пляцоўцы гэта ўвогуле першае жаданне. І я заўсёды думаю: а вось калі б я здымаў серыял? І ўсё адразу так добра, камера тут, адваротны пункт, майстар-план, узбуйненне.

У нас мантажом займаўся Барыс Шадурскі, які ў свой час на практыцы быў на нейкім фільме Таркоўскага. Ён ніяк не мог падысці да Таркоўскага, пагаварыць. І недзе ў выніку злавіў, яны засталіся ўдвух, і Барыс запытаўся: «Андрэй Арсеньевіч, у чым сакрэт майстэрства?» Таркоўскі кажа: «Пачынаеш здымаць сцэну з агульнага плана, потым паглядзі, памяняй кропачку, сярэдні план і потым узбуйніся». Я не ведаю, смяяўся з яго Таркоўскі ці не, але Шадурскі сказаў: «Я зразумеў, што гэта геній». Бо яснасць у галаве адразу. Так і на серыялах.




Дата стварэння навіны 06.05.2018

Возврат к списку