АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Малады анархіст: «Палітыка — гэта тое, як ты жывеш»

Малады анархіст: «Палітыка — гэта тое, як ты жывеш»
01.05.2018
«Новы Час» пачынае серыю матэрыялаў, прысвечаных беларускім анархістам.

Анархісцкі рух у Беларусі актывізаваўся ў 2007–2008 гадах серыяй вулічных акцый і заўважнай прысутнасцю калоны анархістаў на традыцыйным «Чарнобыльскім Шляху». Але сапраўдную вядомасць ён набыў пасля верасня 2010 года. Тады спецслужбы прайшліся катком па анархічным руху, чыіх прадстаўнікоў абвінавацілі ў шэрагу падпалаў, у тым ліку ў атацы на расійскую амбасаду ў Мінску. Гэта прывяло да з'яўлення ў Беларусі трох палітвязняў-анаріхстаў.

З таго часу і дагэтуль павялося, што анархістаў ведаюць, зазвычай, дзякуючы інфармацыі пра рэпрэсіі супраць іх. Самі прадстаўнікі руху робяцца цікавымі СМІ толькі тады, калі іх саджаюць на суткі, збіваюць ці судзяць па крымінальных артыкулах. Аднак матывацыя анарха-актывістаў, іх перажыванні і асабістае жыццё застаюцца за кадрам.

«Новы Час» пачынае серыю матэрыялаў, прысвечаных беларускім анархістам. Першы з актывістаў — зусім яшчэ малады хлопец. І, хутчэй за ўсё, яго палітычныя перакананні будуць трансфармавацца. Але пакуль што ён — прыхільнік анархізму.

Іван Камар — 16-гадовы актывіст, які сутыкнуўся з міліцэйскімі рэпрэсіямі, ледзь толькі паспеў пачаць палітычную дзейнасць. Мы сустрэліся з ім у адной з мінскіх кавярняў. Хударлявы юнак непрыкметнага выгляду і з засяроджаным поглядам. Сёння ён — навучэнец адной з мінскіх гімназій. Паводле палітычных перакананняў — анархіст. Па ладу жыцця — веган і стрытэйджэр.


Прыход да радыкальных ідэй Іван звязвае з дзіцячымі ўражаннямі і каляфутбольнай субкультурай: «...глядзеў у дзяцінстве фільмы, дзе супраць нацыстаў ваявалі. А потым стаў разумець, што ёсць і зараз нацысты, і мне стала незразумела: як так, «дзяды ваявалі» і ўсё такое! (смяецца). Але потым зразумеў, што і савецкі рэжым — лайно. Заўзеў за МТЗ-РІПА, мне быў цікавы каляфутбол... На банерах бачыў, акрамя сімвалаў антыфашызму, «А» ў крузе, пачаў цікавіцца. Ну а потым ужо пачаў чытаць розныя кнігі: Пітэра Гелдэрлооса напрыклад. Артыкулы розныя, брашуры. Чытаў сайты беларускіх анархістаў».

Ад словаў моладзь хутка пераходзіць да справы. «Пачаў стасавацца з актывістамі руху, са звычайнымі людзьмі. Тлумачыў звычайным людзям за анархізм», — так апісвае Іван свае першыя крокі ў актывізме. Пасля — вулічныя дзеянні, якія і прывялі Івана да пастарунку і нават крымінальнага артыкулу: «Мы з таварышам гулялі па раёне, расклейвалі анархісцкія налепкі. У ходзе гэтай прагулкі — гэта было заадно і знаёмства з тым чалавекам, мы пашкодзілі відэакамеру. Хутка на нас была дадзеная арыенціроўка, і праз гадзіны паўтары нас затрымалі. Затрымаўшы, знайшлі ўлёткі і іншае. Так што мы трапілі не проста за нейкае дробнае хуліганства — міліцыянты выклікалі людзей з больш «буйных» службаў. Адразу выклікалі іншых міліцыянтаў, з ГУБАЗіКа. Нас развялі па баках, не давалі размаўляць. Допыты, размовы... Нават не адпусцілі пасля таго, як за намі прыехалі бацькі. І нягледзячы на тое, што мы непаўналетнія, кінулі на суткі.

Першапачаткова да нас прыехаў ГУБАЗ, а потым ужо яго супрацоўнікі сказалі, што прыехала брыгада з КДБ, і калі мы зараз будзем працягваць маў­чаць, прывядуць іх, і з намі будуць «размаўляць інакш».

На пытанне, што ён адчуў, калі ўпершыню апынуўся сам-насам з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і ці не было страшна, Іван адказвае ўпэўнена: «Нічога новага я не адчуў, усё гэта было чакана, я ведаў, як што будзе. Адзінае, я не ведаў ніякіх законаў, што нам можа быць за тое, што мы зрабілі, што за артыкулы. Было хваляванне, што будзе далей, што з намі могуць зрабіць. Але ў асноўным — пагрозы, запужванні, — усё гэта я пераносіў даволі спакойна, бо гэтага чакаў. Пагражалі турмой, пагражалі іншыя артыкулы навесіць: «Вы анархісты, а ў Мінску графіці нядаўна намалявалі — усё на вас павесім. Усе апошнія акцыі будуць на вас вісець».

На малады ўзрост падазронага міліцыянты зніжку не рабілі: «З шасці вечара да дзевяці нас цягалі на допыты. Увечары зачынілі ў камеры, зранку — зноў на допыт. Пры гэтым нам нічога не казалі: ці распачатая крымінальная справа, ці не. Былі ўсялякія допыты, размовы незразумелыя. Але толькі на наступны вечар нас адпусцілі дамоў, потым зранку мы прыехалі на афіцыйны допыт, дзе быў адвакат і сацыяльны педагог са школы».

Не ў прыклад іншым палітычным крымінальным справам, выпрабаванне скончылася для юнака даволі памяркоўна. Праз некалькі месяцаў, нічога не кажучы, «крыміналку» перавялі ў адміністрацыйную справу.

На маё пытанне, ці не шкадуе ён, што «ўлез у палітыку», Іван адказвае цвёрда: «Не, вядома. Ад пачатку: палітыка — гэта тое, як ты жывеш. Калі не бярэш сваё жыццё ў свае рукі, то ім будуць кіраваць іншыя».

Каб быць такім упэўненым і гатовым да рэпрэсій, патрэбная добрая матывацыя. Для Івана — гэта «несправядлівасць у гэтым грамадстве». Пытаюся, у чым яна заключаецца. «Гэта прыгнёт чалавека чалавекам, няспынная эксплуатацыя. Лідары са сваімі амбіцыямі. Розныя віды дыскрымінацыі, забабоны», — кажа юнак.

Традыцыйна, хлопец скар­дзіцца на неразуменне бацькоў: «Як ставяцца да маіх поглядаў? Негатыўна. Як звычайныя бацькі. Абы не было вайны, мая хата з краю... Не хочуць нічога ведаць і чуць».


Тады і я спрабую паддзець хлопца «абывацельскімі» аргументамі:

— Дык хіба нельга быць такім, як усе? Так жа прасцей, чым сядзець па міліцэйскіх пастарунках?

— Так, прасцей. Але гэта і жыццём нельга назваць. Проста моўчкі сядзець, бачачы ўсё, што адбываецца навокал. Гэта супярэчыць усім маім унутраным перакананням.

— Але ж заробкі плацяць, транспарт хо­дзіць, вайны няма. Навошта рэвалюцыі?

— Гэтыя людзі, хто так сцвярджае, проста знахо­дзяцца пад уплывам прапаганды. Яны глядзяць кожны вечар тэлевізар. Аднак усё, што там кажуць, — няпраўда. І абвергнуць гэта можна, калі адкрыць інтэрнэт і пагартаць больш-менш свабодныя навіны. Асабіста я бачу несправядлівасць. Мне даводзілася ісці па вуліцы і бачыць, напрыклад, як уціскаюць іншаземца — проста таму, што ён з іншай дзяржавы. Такое бывае і з боку міліцыі, і з боку звычайных «звышпатрыётаў». Прыкладаў вельмі шмат насамрэч.

Адказы Івана Камара гучаць упэўнена і безапеляцыйна — як з кніжкі. Але юнак не робіць уражання зомбі з прамытым мозгам. Кажа, што акрамя палітычнага жыцця ў яго шмат іншых цікаўнасцяў: «...пераважна гэта цікаўнасці творчыя. Пісьменніцтва, музыка, маляванне, здымкі. Цікаўлюся ўсім патроху». Ёсць у хлопца і мара, але тая — «асабістага характару», таму казаць пра яе не хоча.

Напрыканцы размовы падумалася, што ў нашай мове прагучала цікавае словаспалучэнне: «пакутаваць за справядлівасць». То бок лічыцца, што справядлівасць — гэта апрыёры тое, за што будзеш пакараны. І ў такім выпадку, мая мара — каб пакутавалі тыя, хто паспрабуе несці ў свет несправядлі­васць.

Мікалай Дзядок

Дата стварэння навіны 01.05.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку