АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Туберкулёз павінны лекавацца інакш

Туберкулёз павінны лекавацца інакш
27.04.2018
У Гомлі прадстаўнікі рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Пераможам сухоты разам” зладзілі прэзентацыю праекту, які прадугледжвае прасоўванне стратэгіі перахода Беларусі да новай мадэлі супрацьтуберкулёзнай дапамогі.

Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў, якая дагэтуль падтрымлівае вельмі дарагую і неэфектыўную мадэль  лекавання туберкулёзу – стацыянарнае лекаванне з ізаляцыяй на доўгі час пацыента і поўным адрывам ад сям’і і соцыуму. У той час, як ва ўсім свеце робіцца ўпор на развіццё амбулаторных паслуг, больш дарагія лекі  і падтрымку матывацыі пацыентаў да лекавання. Гэты пераход на новую мадэль, лічаць актывісты арганізацыі,  павінны стаць новым этапам у пераадоленні праблемы туберкулёзу. Яго і прасоўваюць грамадскія і міжнародныя арганізацыі.

“Мы здолелі актуалізаваць праблему, - кажа старшыня арганізацыі “Пераможам сухоты разам” Натальля Крыштафовіч, - правесці даследаванні і агучыць аргументы для пераходу на новае амбулаторнае лекаванне, якое ўлічвае патрэбы людзей. Але, зараз нам трэба выходзіць на ўзровень, дзе прымаюцца рашэнні, каб змены нарэшце адбыліся”.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі арганізацыі наракалі на цяжкасці ў прасоўванні праекту. Пэўны супраціў аказваюць медыкі, бо ўвядзенне новай стратэгіі лекавання сухотаў прадугледжвае скарачэнне койка - месцаў у шпіталях, а значыць, скарачэнне працы для медперсаналу. Таксама, былі нараканні з боку актывістаў арганізацыі на замоўчванне праблемы неэфектыўнага лекавання беларускімі медыямі.

Закраналася пытанне дыскрымінацыі хворых на сухоты людзей падчас уладкавання на працу ці вучобу, якая фактычна існуе праз пастанову Міністэрства аховы здароўя № 47 “Аб допуску на працу”. Прысутная на сустрэчы былая хворая на сухоты жанчына з Калінкавічаў распавяла, што паўгады пасля сканчэння лекавання не магла ўладкавацца на працу.

Дарэчы, менавіта ў Гомельскай вобласці найбольшая колькасць хворых на туберкулёз.

Дата стварэння навіны 27.04.2018

Возврат к списку