АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

«Дзяржавы страчваюць інструмэнты ўлады». Беларускі «пірат» пра вайну Расеі з Telegram і наступствы для Беларусі

«Дзяржавы страчваюць інструмэнты ўлады». Беларускі «пірат» пра вайну Расеі з Telegram і наступствы для Беларусі
27.04.2018
Амаль два тыдні ў Расеі ўлады спрабуюць заблякаваць Telegram. Мэсэнджэр працягвае працаваць, але «Роскомнадзор» сваімі дзеяньнямі парушае працу многіх сэрвісаў, у тым ліку Amazon, Google і Microsoft. Пад удар трапілі плацёжныя сыстэмы, адукацыйныя сайты, анлайн-гульні, разумныя тэлевізары і нават шрыфты.

Беларускі актывіст пірацкага руху Міхаіл Воўчак у камэнтары Свабодзе разважае, ці расейскія блякаваньні паўплываюць на беларускую палітыку ў дачыненьні інтэрнэту. Пытаньне, кажа ён, шырэйшае за адзін канкрэтны мэсэнджэр.

«Сёньня ідзе гульня вялікіх суб’ектаў і пераразьмеркаваньне ўлады, — разважае Воўчак. — Ёсьць вялікія карпарацыі кшталту Google ці Amazon і ёсьць дзяржавы. Цяпер дзяржавы губляюць пэўныя інструмэнты ўлады і турбуюцца праз гэта. Страчваюць інструмэнты кантролю над „лічбавым золатам“, якім цяпер ёсьць інфармацыя.

Гэтыя зьвесткі ахоўваюць інструмэнты шыфраваньня — і цяпер ідзе барацьба за ключы шыфраваньня, яе інфраструктуру. Пытаньне ў тым, ці будзе зьяўляцца шыфраваньне легальным для ўсіх».

Дзяржавы, кажа ён, могуць блякаваць нейкія сэрвісы, якія базуюцца на інфраструктуры вялікіх карпарацыяў. Але прыклад Telegram паказвае, што гэта ўдар ня толькі па карыстальніках сэрвісаў, што хочуць заблякаваць, але і вялікія эканамічныя страты кампаніяў, якія карыстаюцца той жа інфраструктурай. Для палітыкаў заходніх дзяржаваў гэта больш істотна, ва ўсходніх на гэта зьвяртаюць менш увагі.

Беларусь у такім кантэксьце — далёка не асноўны гулец, «не настолькі вялікі, каб вызначыць правілы», разважае Воўчак. На Беларусь моцна ўплывае Расея, якая, верагодна, і будзе задаваць напрамак дзеяньняў для Беларусі.

Але наўрад ці беларускія ўлады будуць даслоўна паўтараць за расейскімі. Калі «ваяваць» з інфраструктурай буйных кампаніяў кшталту Google і Amazon, пад пагрозай будзе лічбавая эканоміка і Парк высокіх тэхналёгіяў, на якія цяпер робяць стаўку ў Беларусі.

Ужо даўно ў Беларусі блякуюць асобныя сайты, але такая «кропкавая» барацьба далёка не заўсёды эфэктыўная, мяркуе ён. Блякаваньні пасьпяхова абыходзяць і карыстальнікі, і самі заблякаваныя сайты — як торэнт-трэкер The Pirate Bay, зь якім розныя дзяржавы сьвету «ваююць» ужо амаль 10 год. Блякаваньні маюць сэнс адносна сайтаў з сапраўды шкодным кантэнтам кшталту экстрэмізму ці продажу наркотыкаў, але яны ня спыняць перадачу ці перанос інфармацыі.

«Цяпер пытаньне хутчэй не пра блякаваньне сайтаў, а пра кантроль над праграмным кодам і шыфраваньнем, устойлівы доступ да пэўных зьвестак, — кажа Воўчак. — А сайты... Цяпер жа інфармацыя вельмі хутка дублюецца, клануецца. Блякаваньне сайтаў яшчэ працягваецца, але гэта ўжо мінуўшчына, 2000-я».

***

Пірацкі рух у сьвеце выступае не за тое, што ў Беларусі называюць «кампутарным пірацтвам» — не за крадзеж платных праграмаў. Раней рух атаесамляўся з тэмай аўтарскіх правоў, падтрымкай распрацоўкі бясплатных праграмаў і творчасьці паводле вольных ліцэнзіяў (кшталту інтэрнэт-энцыкляпэдыі «Вікіпэдыя» або мапаў OpenStreetMaps, на базе якіх створаная ў тым ліку беларуская праграма Maps.me). Цяпер пірацкі рух займаецца шырэйшай тэмай балянсу між кантролем дзяржавы над грамадзянамі і кіраваньнем дзяржаваў грамадзянамі, свабодай слова і свабодай інфармацыі. Найбольш актыўныя пірацкія партыі цяпер у Швэцыі і Нямеччыне (адтуль «піраты» траплялі нават у Эўрапарлямэнт), Ісьляндыі, Чэхіі і іншых эўрапейскіх краінах.


Дата стварэння навіны 27.04.2018

Возврат к списку