АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Сацыял-дэмакраты ініцыююць змяненне Канстытуцыі 1994 года

Сацыял-дэмакраты ініцыююць змяненне Канстытуцыі 1994 года
23.04.2018
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) ухваліў стварэнне Канстытуцыйнай камісіі па падрыхтоўцы праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю 1994 года.

Пра гэта ў блогу на нашым сайце паведаміў сябра Барысаўскай раёнай арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Леднік.

Суддзя першага складу Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў перакананы, што рыхтуецца рэферэндум, які будзе накіраваны па прыкладу сярэднеазіяцкіх і закаўказскіх рэспублік на ўмацаванне і падаўжэнне адзінаасобнай улады. Пры гэтым варта ўлічваць, што ў Рэспубліцы Беларусь з лістапада 1996 года адсутнічае легітымная Канстытуцыя. Улада ўтрымліваецца групай асобаў, якія арганізавалі незаконныя рэферэндумы і, як следства, незаконныя папраўкі ў Канстытуцыю.

Канстытуцыйная камісія будзе створаная з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл з мэтай недапушчэння чарговага глумлення дзеючай уладай над Канстытуцыяй краіны.

Праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю 1994 года ўключае, у прыватнасці, такія пункты, як пераход да парламенцкай рэспублікі з скасаваннем пасады прэзідэнта, пераход да змяшанай выбарчай сістэмы, пры якой палітычныя партыі атрымаюць права фарміравання парламента па партыйных спісах, стварэнне кампетэнтнага і самастойнага ўрада, які будзе абірацца парламентам краіны, умацаванне механізмаў абароны правоў і свабод грамадзян шляхам увядзення пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, пашырэння сферы судовай абароны, адмены смяротнага пакарання, магчымасці звароту ў Еўрапейскі суд па правах чалавека і інш. 

Праект новай рэдакцыі Канстытуцыі павінен быць зацверджаны на Канстытуцыйным кангрэсе або Усебеларускім з'ездзе.

У 1996 годзе стварэнне Канстытуцыйнага сходу разглядалася кампрамісам паміж прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам 13-га склікання пры пасярэдніцтве Расеі, «зыходзячы з інтарэсаў беларускага народу і ў мэтах забеспячэння ў рэспубліцы грамадзянскага міру і стабільнасці». На практыцы ж «Пагадненне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р. і Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб грамадска-палітычнай сітуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь ад 22 лістапада 1996 года», прынятае Вышэйшым Саветам Супольнасці Беларусі і Расіі, ліквідавала пагрозу імпічменту ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і дазволіла яму змяніць канстытуцыйны лад краіны шляхам аднаасобнага зацвярджэння вынікаў рэферэндуму 24 лістапада абавязковымі насуперак рашэнню Канстытуцыйнага Суда аб рэкамендацыйным характары рэферэндуму. 

Дата стварэння навіны 23.04.2018

Возврат к списку