АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Следства скончана. Забудзьцеся!

Следства скончана. Забудзьцеся!
20.04.2018
Траіх сяржантаў з вайсковай часці, дзе служыў 21-гадовы пінчук, абвінавачваюць у тым, што давялі яго да самагубства.

Артур Вірбал. Фота з сацсетак
Следчы камітэт абвясціў, што папярэдняе расследаванне смерці ў Печах радавога Аляксандра Коржыча скончанае. Траіх сяржантаў з вайсковай часці, дзе служыў 21-гадовы пінчук, абвінавачваюць у тым, што давялі яго да самагубства.

Забойства ці самагубства? Як у Печах загінуў салдат тэрміновай службы з Пінска
Сярод абвінавачаных няма Артура Вірбала – прапаршчыка з Браслава, на ролю якога ў цкаванні Аляксандра Коржыча ў першыя дні пасля трагедыі ўказвалі яго саслужыўцы. Прапаршчыка падазраюць у тым, што ён забраў у Коржыча банкаўскую картку і некаторы час здымаў з яе грошы ў банкаматах, расплачваўся ў кавярнях. Па словах сяброў Аляксандра Коржыча, апошняе зняцце з карткі датуецца 26-м верасня – днём, калі хлопец знік.

"Імя прапаршчыка Вірбала стала назыўным, пра яго ведаюць ва ўсім свеце", – выказаўся ў канцы 2017 года міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

Чаму Вірбала няма сярод абвінавачаных у давядзенні да суіцыду?
"Расследаванне крымінальных спраў у дачыненні да яшчэ 12 чалавек працягваецца. Сярод іх ёсць і абвінавачаныя, і падазраваныя. Усе яны не знаходзяцца ў прычынна-следчай сувязі са здарэннем – з гібеллю Коржыча, – адказаў Еўрарадыё на гэтае пытанне афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. – Дадатковая прававая ацэнка дзеянням службовых асобаў будзе дадзеная – паўтаруся, яшчэ расследуюцца крымінальныя справы".

Інакш кажучы, следства прыйшло да высновы, што адабраная ў Коржыча картка ніяк не паўплывала на яго намер звесці рахункі з жыццём.

3 кастрычніка 2017 года 21-гадовы пінчук Аляксандр Коржыч быў знойдзены ў пятлі. І ў СК, і ў кіраўніцтве беларускім войскам неаднаразова сцвярджалі, што салдат тэрміновай службы, знойдзены са звязанымі нагамі і майкай на галаве, скончыў жыццё самагубствам. З гэтай пазіцыяй не была згодная мама загінулага салдата Святлана Коржыч – яна настойвала і працягвае настойваць, што яе сына забілі. Святлана Мікалаеўна гатовая дазволіць эксгумацыю цела хлопца, каб правесці паўторную экспертызу.

Трое падазраваных у справе аб смерці салдата тэрміновай службы ў Печах: хто яны?
У кастрычніку 2017 года Еўрарадыё і сябры Аляксандра Коржыча правялі ўласнае расследаванне абставінаў, пры якіх загінуў салдат. Тады нам назвалі адказных за дзедаўшчыну сяржантаў – камандзіраў аддзяленняў у 3-й роце 3-й школы, дзе служыў Коржыч. У заяве аб першых затрыманнях па "справе Коржыча", якую Следчы камітэт зрабіў 13 кастрычніка, яны фігуруюць як Б. і С. Мы мяркуем, што гаворка ідзе пра сяржанта Яўгенія Бараноўскага (у частцы ён вядомы пад мянушкай "Бэран") і Ягора Скуратовіча.

Інфармацыі пра асобу трэцяга сяржанта, абвінавачанага ў давядзенні Аляксандра Коржыча да суіцыду, у нас няма.

Абвінавачванне траім сяржантам выстаўленае не па артыкуле 145 Крымінальнага кодэкса "Давядзенне да самагубства", а па ч.3 артыкула 455 КК "Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзейнасць улады". Як патлумачыў Сяргей Кабаковіч, юрыдычная практыка склалася такім чынам, што першы артыкул часцей ужываецца ў дачыненні да бытавых злачынстваў. А калі ў давядзенні да самагубства абвінавачваюць службовых асобаў, артыкул 145 "паглынаецца" артыкулам 455.



Дата стварэння навіны 20.04.2018

Возврат к списку