АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ

Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ
19.04.2018
Законапраект прыняты ў першым чытаньні, дакладчыкам выступіў міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч.

За прагаласавала 98 дэпутатаў, 2 — супраць.

Міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч сказаў, што новы закон будзе складацца зь сямі артыкулаў. Галоўнае, што ўводзяцца новыя паняцьці «сеткавае выданьне» і «ўладальнік інтэрнэт-рэсурса». Ён падкрэсьліў, што рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурса будзе праводзіцца ў Міністэрстве інфармацыі. Гэта працэдура дабравольная, але той, хто яе не пройдзе, не будзе лічыцца выданьнем, а супрацоўнікі не будуць лічыцца журналістамі. Закрыць зарэгістраванае інтэрнэт-выданьне прапануецца пасьля 3-га папярэджаньня, а незарэгістраванае — адразу пасьля першага.

Захоўваць інфармацыю інтэрнэт-рэсурсы павінныя цягам 6 месяцаў, за парушэньне заканадаўства накладаюцца штрафы ў памерах ад 50 да 500 базавых велічыняў. Міністар сказаў, што прапануецца, каб закон уступіў у сілу праз 5 месяцаў пасьля таго, як яго надрукуюць. Акрамя таго, ад гэтага часу ўводзіцца пераходны пэрыяд працягласьцю ў 6 месяцаў.

Карлюкевіч паведаміў, што парадак ідэнтыфікацыі аўтараў камэнтароў будзе вызначаць урад.

У матэрыялах да законапраекту аб зьменах у закон «Аб СМІ», якія атрымалі дэпутаты, значыцца, што дакумэнт падрыхтаваны Саветам Міністраў.

Профільная камісія Палаты прадстаўнікоў да 9 красавіка зьбірала заўвагі да законапраекту з боку ўсіх зацікаўленых бакоў, сярод якіх была і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Раней старшыня камісіі Андрэй Навумовіч казаў Свабодзе, што ў залежнасьці ад колькасьці прапаноў камісія вынесе дакумэнт на разгляд дэпутатаў альбо 19 красавіка, альбо пазьней.

Палата прадстаўнікоў прымае ўсе законы ў двух чытаньнях. Але звычайна падчас другога разгляду ўносяцца хутчэй касмэтычныя, чым прынцыповыя праўкі.

Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў раней заявілі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўстанавіць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.
Паводле праекту, тэкст якога 2 красавіка апублікавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя камэнтароў інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту. Таксама разглядаюць магчымасьць поўнага блякаваньня асобных сацыяльных сетак.

Што прапануюць зьмяніць?
Распаўсюдзіць дзеяньне Закону аб СМІ на інтэрнэт-рэсурсы, з дапамогай якіх ажыцьцяўляецца распаўсюд масавай інфармацыі.
Законапраект дапускае добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасьці СМІ (уводзіцца тэрмін «сеткавыя выданьні»). Яны і іх супрацоўнікі атрымаюць (у абмежаваным выглядзе) правы традыцыйных СМІ. Астатнія сайты таксама змогуць працаваць, але бяз статусу СМІ.
Зарэгістраваць выданьне зможа толькі юрыдычная асоба, якая разьмяшчаецца ў памяшканьнях нежылога фонду.
Без рэгістрацыі ў якасьці СМІ інтэрнэт-выданьні ня змогуць зьвяртацца ў дзяржаўныя органы па акрэдытацыю.
Журналісцкі статус супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў без рэгістрацыі паставяць пад сумнеў. Аўтары такіх выданьняў ня змогуць карыстацца правамі на абарону інфармацыйных крыніц і на працу падчас масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым на незарэгістраваныя інтэрнэт-выданьні будуць распаўсюджвацца абавязкі і адказнасьць, прадугледжаныя законам аб СМІ.
Разглядаюць магчымасьць блякаваньня асобных сацыяльных сетак цалкам, у выпадку адсутнасьці тэхнічнай магчымасьці абмежаваць доступ да іх элемэнтаў ці нежаданьня ўладальнікаў выдаляць інфармацыю на запатрабаваньне дзяржавы.
Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту.
Удзел іншаземцаў у фармаваньні беларускай інфармацыйнай прасторы будзе абмяжоўвацца, у тым ліку праз забарону на распаўсюд прадукцыі замежных СМІ ў Беларусі без адпаведнага дазволу, галоўным рэдактарам СМІ мусіць быць грамадзянін Беларусі, аб’ём тэлеперадач беларускай вытворчасьці ў штотыднёвым аб’ёме вяшчаньня тэлефізійных СМІ мусіць быць ня менш за 30%.
Будзе пашыраны пералік відаў інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ забаронены.
Будзе замацаваная забарона цэнзуры масавай інфармацыі ў адносінах да гаспадара інтэрнэт-рэсурсу.

Абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў па-ранейшаму будзе ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Для інтэрнэт-выданьняў такое блякаваньне можа прывесьці да пазасудовага скасаваньня рэгістрацыі.
Плянуюць захаваць спрошчанае абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў без папярэджаньня Міністэрства інфармацыі. Такое магчыма, калі інтэрнэт-рэсурс ажыцьцяўляе дзейнасьць, забароненую заканадаўствам Беларусі.
Аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу можна будзе толькі праз зварот у Міністэрства інфармацыі. Ці можна будзе абскардзіць рашэньне Мінінфармацыі ў судзе, у дакумэнце не пазначана.



Дата стварэння навіны 19.04.2018

Возврат к списку