АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Ці патрэбны Мінску чарговыя гандлёвыя цэнтры

Ці патрэбны Мінску чарговыя гандлёвыя цэнтры
18.04.2018
Апошнім часам гандлёвыя цэнтры, або, як іх правільна называюць, мультыфункцыянальныя комплексы, сталі сапраўднай «прынадай» для гараджан.

У выхадныя многія праводзяць там дні напралёт. У адным месцы можна набыць прадукты, выбраць новыя ўборы, паабедаць, а напрыканцы трохі развеяцца — схадзіць на каток ці выставу, піша 
zviazda.by Да таго ж у самых папулярных з іх практычна кожны тыдзень яшчэ і праводзяць бясплатныя мерапрыемствы для наведвальнікаў. Карціна здаецца ідэалістычнай, пакуль не пачнеш лічыць, колькі вялізных гандлёвых цэнтраў ужо адкрылася ў Мінску, а колькі яшчэ будуецца. І вось тут хочацца закрычаць: «Хопіць, колькі ж можна, хто туды будзе хадзіць!» Насамрэч, ці патрэбны новыя маштабныя гандлёвыя аб'екты гораду, мы і паспрабавалі разабрацца.

Мода на цэнтры

Гараджане абураюцца і ўсё роўна працягваюць іх наведваць. Самае дзіўнае, што тут, як і ва ўсім іншым, ёсць свая мода. Напрыклад, яшчэ дзесяць гадоў таму падлеткаў прывабліваў гандлёвы цэнтр «Сталіца». Зараз вы наўрад ці сустрэнеце там хоць бы адну групку школьнікаў. Таму што новым цэнтрам маладзёжнай «тусоўкі» стаў адкрыты летась комплекс Gallerіa Mіnsk. І наогул, крамы ў двух гандлёвых аб'ектах могуць быць амаль аднолькавыя, але адзін — лічыцца супермодным, а другі — карыстацца куды меншай папулярнасцю. Вось яна, сіла грамадскай думкі ў дзеянні!

Дарэчы, пра «Сталіцу». Менавіта яе шмат хто пачаў прыводзіць у якасці прыкладу гандлёвага цэнтра, які страціў сваю папулярнасць са з'яўленнем новых. Маўляў, адтуль сыходзяць усе замежныя брэнды. Але гэта іміджу цэнтра пайшло нават на руку: ён стаў унікальным, дзе цяпер размешчаны фірмовыя крамы пераважна беларускіх вытворцаў. Чым не турыстычная кропка? Пагадзіцеся, замежніку значна цікавей даведацца, што вырабляюць мясцовыя фабрыкі, чым зноўку ўбачыць шэраг магазінаў-блізнят вядомых брэндаў, якія можна знайсці па ўсім свеце.

Але, вядома, запатрабаванні ў пакупнікоў за апошні дзясятак гадоў выраслі! Цяпер мінчане звяртаюць увагу не толькі на наяўнасць пэўных крамаў, але і на дызайн будынка, дадатковыя паслугі, якія можна атрымаць, зручнасць паркоўкі і перамяшчэння па гандлёвым цэнтры і, вядома ж, на бяспеку. Імідж складаецца нават з дробязяў: наяўнасці бясплатнага туалета ці гардэроба. Так што проста пабудаваць гандлёвы цэнтр і разлічваць на поспех наўрад ці варта: сваіх пакупнікоў, як аказалася, трэба яшчэ і забаўляць, і ўсяляк прывабліваць.

Адна з важных тэндэнцый у будаўніцтве мультыфункцыянальных комплексаў — размяшчэнне бліжэй да спальных раёнаў. Прыклад таму — два гіганты: Dana Moll каля станцыі метро «Усход» і Green Cіty на Каменнай Горцы. Калі Dana Moll ужо паспеў дзякуючы ўнікальным для Мінска крамам сабраць сваю пастаянную аўдыторыю, то Green Cіty, што адкрыўся менш за месяц таму, пакуль выглядае як філіял пустыні. Завешаныя банерамі вітрыны крамаў і няшмат пакупнікоў на велізарную плошчу — не надта радасная карціна. Але, як паказвае практыка, на працягу года ўсё, верагодна, кардынальным чынам зменіцца.
У кавярні, адкрытыя там, увечары ў пятніцу ўжо не патрапіць.

Атрымліваецца, што зручныя цэнтры Мінску пакуль патрэбныя, бо свайго пакупніка атрымліваецца займець кожнаму. Пытанне ў іншым. Палохае тое, што паход у гандлёвы цэнтр становіцца галоўнай забаўкай для многіх сем'яў. Вядома, там адбываецца шмат цікавых падзей, але імкненне да татальнага спажывання, мабыць, не найлепшая з мэт...

1000 метраў на тысячу чалавек?

З абывацельскага пункту гледжання ўсё можа выглядаць адным чынам, а вось лічбы скажуць зусім іншае. Каб расставіць усе кропкі над «і» і высветліць, якая сітуацыя з гандлёвымі цэнтрамі насамрэч, мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніны ЕМЯЛЬЯНАВАЙ.

Спецыяліст адзначыла, што будаўніцтва гандлёвых аб'ектаў у Мінску ажыццяўляецца на падставе генеральнага плана развіцця з улікам будаўнічых нормаў. Дарэчы, сацыяльныя нормы па аб'ёме гандлёвых плошчаў на душу насельніцтва ў Мінску таксама ёсць. Яны вызначаны пастановай Савета Міністраў і складаюць мінімум 600 метраў квадратных на тысячу чалавек. На сёння забяспечанасць гандлёвымі плошчамі трохі вышэй за норму — 650 метраў квадратных на тысячу чалавек. Але гэта яшчэ не мяжа: да 2020 года паказчык павінен дасягнуць 900 метраў квадратных на тысячу чалавек. Пужацца такога росту не варта.
У параўнанні з многімі іншымі буйнымі гарадамі лічбы ў Мінску даволі сціплыя. Так, напрыклад, у Маскве да таго ж перыяду плануюць давесці аб'ёмы гандлёвых плошчаў да 1,5 тысячы метраў на тысячу чалавек. Яшчэ некалькі гадоў таму ў тым жа Санкт-Пецярбургу паказчык ужо перавысіў 1000 квадратных метраў на тысячу чалавек. Дарэчы, менавіта такія лічбы характэрныя і для буйных гарадоў Заходняй Еўропы.


На разважанне «Каму гэта ўсё трэба?» лепш за ўсё адкажуць лічбы. Калі на 1 студзеня 2016 года ўзровень фактычнага выкарыстання гандлёвых месцаў складаў 62,3 %, то ў пачатку 2018 года — ужо 81,2 %. Прычым агульная колькасць гандлёвых цэнтраў і рынкаў за гэты перыяд узрасла са 106 да 119. Так што ўсё проста з пункту гледжання эканомікі: попыт нараджае прапановы.

Што будзе з рынкамі

Зараз на тэрыторыі Мінска іх працуе 23, і адмаўляцца ад такога фармату гандлю ніхто не збіраецца. Як падкрэсліла мая суразмоўніца, іх галоўная функцыя — забеспечыць даступнасць для фермераў і фізічных асоб, якія вырошчваюць і рэалізуюць сельгаспрадукцыю. Ды і рэчавыя рынкі таксама знаходзяць сваіх пакупнікоў: калі моладзь імкнецца купляць брэндавыя рэчы мас-маркета, то прадстаўнікі старэйшага пакалення аддаюць перавагу пакупкам вопраткі ў знаёмых, правераных гадамі прадаўцоў на рынках. І наогул у многіх гарадах свету ў даведніку па горадзе адным з першых пунктаў параяць вам наведаць мясцовы рынак. Дарэчы, у Мінску такі аб'ект таксама ёсць — за апошнія некалькі гадоў Камароўскі рынак стаў моцным брэндам.

— Што датычыцца славутых шматфункцыянальных комплексаў, якія апошнім часам з'яўляюцца ў сталіцы ўсё часцей, то яны, у першую чаргу, прызначаныя для зручнасці насельніцтва. Бо ў іх размяшчаюцца не толькі крамы гандлёвых сетак, але і брэндавыя крамы, аб'екты грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, забаўляльныя цэнтры для дзяцей і дарослых — каткі, кінатэатры, гульнявыя зоны. Хіба ёсць нешта дрэннае ў тым, каб усе неабходныя тавары і паслугі атрымаць у адным месцы, да таго ж недалёка ад дома, а не шукаць іх па ўсім горадзе? Наўрад ці. Да таго ж здаровая канкурэнцыя на пакупніках адбіваецца толькі выгадным чынам, — лічыць Ніна Емяльянава.

На думку спецыяліста, будаўніцтва новых гандлёвых цэнтраў станоўча ўплывае і на з'яўленне крамаў недаступных раней марак. Калі казаць пра замежных вытворцаў, то беларусы перастаюць ездзіць у іншыя краіны «на закупы» і не вывозяць валюту з краіны. Калі размова ідзе аб фірмовых крамах беларускіх вытворцаў, якіх раней можна было знайсці толькі ў інтэрнэце, то плюс — у падтрымцы свайго легпрама.

Толькі лічбы

Цяпер рознічная сетка ў Мінску складаецца з 8681 гандлёвага аб'екта, з якіх — 5,5 тысячы крамаў і 96 гандлёвых цэнтраў. Дарэчы, за першыя два месяцы гэтага года тэмпы рознічнага тавараабароту ўзраслі на 111,7 %. У першую чаргу гэта закранула гандаль прамысловымі таварамі працяглага карыстання і аўтамабілямі.



Дата стварэння навіны 18.04.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку