АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Прэзідэнцкія выбары: як гэта будзе

Прэзідэнцкія выбары: як гэта будзе
18.04.2018
Да выбараў улада ўстрымаецца ад прыняцця непапулярных законаў, якія б білі па кішэні грамадзян, нават калі схуднелы бюджэт і ЗВР будуць гэтага патрабаваць. Як заўжды, сістэме патрэбная хаця б мінімальная лаяльнасць

Адышлі ў нябыт і імгненна забыліся выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў, якія некаторыя беларускія палітолагі ўжо назвалі рэпетыцыяй выбараў прэзідэнцкіх. Сапраўды, пры поўнай дэкларатыўнасці органаў мясцовага самакіравання, кволым удзеле апазіцыі ў перадвыбарчай кампаніі, улада не дала «пятай калоне» ніводнага шанцу — нават у параўнанні з парламенцкімі выбарамі, калі ў Палату прадстаўнікоў былі дапушчаныя дзве апазіцыянеркі.

Аднак ступень мабілізацыі на гэтыя недавыбары як сілавых структур, так і прапагандысцкага рэсурсу (знаёмы ўжо ціск на студэнтаў і бюджэтнікаў дапоўніўся агітацыйнымі грузавікамі, што ездзілі па Мінску і заклікалі людзей прыходзіць на ўчасткі) паказвае, што для ўлады гэтая «проба пяра» была ўсур’ёз.

Можна быць упэўненым: у нетрах дзяржапарату ўжо зараз плануецца стратэгія правядзення прэзідэнцкіх выбараў, якія ў Беларусі, як заўжды, будуць сапраўднай палітычна-паліцэйскай спецаперацыяй.
Згодна з заканадаўствам, адбыцца яны павінны не пазней за 30 жніўня 2020 года — то бок праз год і шэсць месяцаў. Аднак, улічваючы шэраг мясцовых асаблівасцяў, у тым ліку магчымы перанос на больш ранні тэрмін, можна прыкінуць, што да пачатку сезоннага ажыўлення ў беларускай палітыцы засталося менш чым паўгода.

Паспрабуем уявіць, якой будзе гэтая перадвыбарчая кампанія, самі выбары і (што найбольш характэрна для Беларусі) першыя дні пасля іх.

Кандыдаты
Пра галоўнага кандыдата казаць няма чаго. Ён будзе балатавацца і пераможа — калі не па галасах, дык па выніках ЦВК.
Ад апазіцыі варта чакаць, як звычайна, партыйных ці грамадскіх лідараў, што балатаваліся і раней. Новыя твары магчымыя, але малаверагодныя: такая спецыфіка беларускай традыцыйнай апазіцыі. Як заўжды, будуць 1–2 марыянеткавыя фігуры: Гайдукевіч, Улаховіч і да іх падобныя. За імі — роля статыстаў і некалькі сімвалічных працэнтаў галасоў.

Інтрыгу складае ўдзел у выбарах Міколы Статкевіча. Можна не сумнявацца, што балатавацца ён будзе — калі, канешне, будзе мець такую магчымасць. Інтрыга палягае ў тым, які шлях абярэ ўлада, каб не дазволіць гэтага балатавання. Судзімасць апазіцыйнага лідара гасне ў жніўні 2020-га — і толькі пасля гэтага ён атрымлівае магчымасць высоўваць сваю кандыдатуру; а выбары, хутчэй за ўсе, будуць праведзеныя раней. Такім чынам, небяспечнага суперніка можна будзе выдаліць «элегантна» і без усялякіх брутальных фокусаў: арыштаў, пасадак і новых крымінальных спраў.

Амаль кожныя прэзідэнцкія выбары пачынаюцца з разваг наконт магчымага з’яўлення «кандыдата ад Расіі», які мог бы, карыстаючыся галоснай ці негалоснай падтрымкай Пуціна, ФСБ і Узброеных сіл РФ, пасунуць Лукашэнку без асаблівага гвалту. Прынамсі, у 2006 і 2010 гадах такую верагоднасць абмяркоўвалі сур’ёзна. Што да бліжэйшай палітычнай кампаніі, думаецца, калі б Расія і хацела раскруціць свайго чалавека, то пачала б ягоны піяр, падтрымку і ўсебаковае прасоўванне ўжо зараз. Хаця б для дасягнення пэўнага ўзроўню пазнавальнасці, бо штурхаць у прэзідэнты чалавека, якога ніхто не ведае, можна хіба толькі ў аўральнай сітуацыі — як гэта было ў Крыме, дзе за адсутнасцю іншых кандыдатур у кіраўнікі паўвострава ФСБ прапхнула былога крымінальнага аўтарытэта «Гобліна» (Сяргея Аксёнава).

Палітычны рэжым і рыторыка
З высокай ступенню верагоднасці можна выказаць здагадку: лібералізацыі не будзе. Лукашэнка двойчы адпускаў гайкі: у 2009–2010 гадах — гэта скончылася бунтам на Плошчы, і ў 2015–2017 гадах — гэта скончылася раней не бачаным пратэстам «дармаедаў», які прымусіў вывесці на вуліцы новыя машыны-монстры для разгону дэманстрацый і прэвентыўна перасаджаць ледзь не ўсіх грамадскіх актывістаў краіны.

Верагодна, урок Лукашэнкам засвоены, і больш такіх «памылак» зроблена не будзе. Гульня ў лібералізацыю небяспечная для ўлады, і чым больш складаная эканамічная сітуацыя, тым верагодней, што справы могуць выйсці з-пад кантролю. Аднак пэўны мінімум для дзеянняў апазіцыі ўсе ж прадставяць: магчымасць ладзіць пікеты і прамаўляць вычытаныя дзяржаўнымі ідэолагамі спічы на тэлебачанні. Звычайны вузенькі загон для палітычных апанентаў будзе пашыраны, але нязначна.

Дзяржаўная рыторыка і праўладны дыскурс, хутчэй за ўсе, не зменяцца. Для гэтага ў прапагандыстаў і ідэолагаў няма ані фантазіі, ані палітычнай нагоды. Нас зноў чакаюць пудзіла «каквукраіне», прывід «Белага Легіёну», анархісты з тратылам і ІДІЛаўцы з Японіі. Аргументамі «за» будуць стабільнасць і абяцанне «ўсім папіццот». Іншыя абяцанні Лукашэнка наўрад ці рызыкне даваць, улічваючы іх заведамую невыканальнасць, — хутчэй ён і яго спічрайтары будуць напіраць на «давайце захаваем што ёсць», і «ў суседзяў яшчэ горш».

З вялікай верагоднасцю можна прадказаць, што ў перыяд да выбараў улада ўстрымаецца ад прыняцця непапулярных законаў, якія б білі па кішэні грамадзян, нават калі схуднелы бюджэт і ЗВР будуць гэтага патрабаваць. Як заўжды, сістэме патрэбная хаця б мінімальная лаяльнасць: і, каб не адбылося пратэстаў, Лукашэнка скарыстае не толькі бізун, але і пернік.

Не выключана правядзенне шостага Усебеларускага народнага сходу. Праўда, майнераў, айцішнікаў і блогераў побач з «начосамі» і старшынямі калгасаў на ім чакаць не варта: сюрпрызы мусяць быць выключаныя — не той выпадак, каб эксперыментаваць з «голасам народу».
Рэпрэсіі
Як заўжды, перад выбарамі нас чакае хваля прэсінгу на грамадскіх актывістаў, апазіцыю і ўсіх, хто можа арганізаваць хоць нейкі пратэст (не кажучы ўжо пра супраціў). Трэба меркаваць, што ў чарговы раз будуць улічаныя ўрокі Майдана, а таксама апошніх «дармаедскіх пратэстаў». Гэтым разам дзяржава не будзе празмерна шчыраваць на ніве зачысткі палітычных партый і рухаў — для ўплыву на іх хапае прававых рычагоў і адміністрацыйнага рэсурсу. Замест гэтага, верагодна, сілавікі (асабліва ГУБАЗ і КДБ) сканцэнтруюцца найперш на:

а) моладзевых субкультурах рознай ступені палітызаванасці: футбольныя фанаты, антыфашысты, рэканструктары, неаязычнікі, панк-хардкор супольнасць;

б) на незалежных СМІ і блогерах — іх аўдыторыя ўжо блізкая да аўдыторыі дзяржаўных тэлеканалаў, калі не перарасла яе, а гэта — простае і небяспечнае парушэнне манаполіі дзяржавы на інфармацыю;

в) анархістаў, як на самую непадкантрольную і адну з самых арганізаваных антыўрадавых груп.

Працягнуцца і пачасцяцца блакіроўкі «экстрэмісцкіх» сайтаў і паблікаў у сацсетках.



Рэакцыя Захаду
Пакуль няма ніякіх падстаў лічыць, што абвешчаны курс на адноснае пацяпленне з Лукашэнкам ЗША і краіны ЕС зменяць на нешта іншае. Гэта думка трывіяльная і не мной першы раз выказаная, але галоўны вораг Захаду зараз — Расія. І, адпаведна, Лукашэнка ўжо не ўспрымаецца як апошні дыктатар Еўропы. Калі ЕС сцярпела брутальны хапун 25 сакавіка 2017-га, ігнаруе наяўнасць у Беларусі палітвязняў, то чарговыя — якія па ліку? — недэмакратычныя выбары сцерпіць тым больш. Будуць рэзалюцыі, «глыбокая заклапочанасць» — але не больш за тое. Еўропа па-ранейшаму бачыць Лукашэнку як патэнцыйнага саюзніка ў барацьбе з Расіяй, і гэтае бачанне ён будзе выкарыстоўваць для захоўвання асабістай улады і надалей.

Умяшанне Расіі
«Расійская карта» з 2014 года з’яўляецца ледзь не ключавой інтрыгай беларускіх выбараў. Усе чакаюць з’яўлення прарасійскага кандыдата альбо перавароту праз лаяльных ФСБ сілавікоў, альбо агрэсіі па крымскім сцэнары. Аднак, на мой погляд, апошняе пакуль малаверагодна. Прычына простая: эканоміка. Нягледзячы на неаднаразовыя дэманстратыўныя «сыходы» з Сірыі і нібыта «зліў» Данбаса, расійскія войскі — і ў немалой колькасці, — працягваюць заставацца і там, і там. Больш за тое, перыядычна з’яўляюцца паведамленні пра іх удзел у вайсковых аперацыях альбо падтрымцы дзеючай улады ці ў Лівіі, ці ў Судане. І гэта толькі месцы, дзе вядуцца больш-менш актыўныя дзеянні, не лічачы вайсковых баз у розных «гарачых кропках». Поўнамаштабную вайсковую аперацыю, нават гібрыдную, супраць Беларусі Крэмль наўрад ці пацягне — для гэтага бракуе як вайсковай сілы, так і фінансаў, не кажучы ўжо пра тое, што ў выпадку такога наступу паслякрымскія санкцыі пададуцца кветачкамі. Таму Пуцін, хутчэй за ўсе, працягне ранейшую палітыку па ўсталяванні больш шчыльнага кантролю над Беларуссю праз камбінацыю палітычных, эканамічных і дыпламатычных метадаў.

Адносна імавернай выглядае магчымая спроба палацавага перавароту — праз сілавікоў, як любяць у Маскве. Верагоднасць гэтага сцэнару ацаніць цяжка, таму і спекуляваць не варта — сілавыя структуры звышзакрытыя, і мы сапраўды не ведаем, колькі маскоўскіх агентаў жыве і дзейнічае ў КДБ, МУС ды ААЦ і наколькі будуць лаяльныя Віктару Лукашэнку людзі, якіх ён расставіў на пасады кіраўнікоў. Можна з упэўненасцю сказаць толькі адно: пра такі сцэнар кіраўнік краіны ведае, і прымае захады для яго ліквідацыі. Але наколькі яны маштабныя і трывалыя, сказаць немагчыма.

А раптам?
Кожны з гэтых прагнозных пунктаў, канешне, варта дапоўніць умовай: «...калі не адбудзецца нешта надзвычайнага». Бо ў кантраляванасць і прадказальнасць сучаснага свету, надзвычай складанага і мазаічнага, вераць хіба што канспіролагі. Нечаканыя фактары занадта часта ўрываюцца ў сусветную палітыку, каб нехта мог са стоадсоткавай верагоднасцю сказаць: праз год будзе так і так.

Гэтаксама і з беларускімі выбарамі: умяшацца ў іх вынік могуць Трамп са сваімі інтарэсамі, Пуцін са сваімі войскамі, ЕС са сваімі санкцыямі... Але для ўсіх нас, бадай, было б лепш, калі ўмяшанне гэтае ажыццявілі не чарговыя «сильные мира сего» — а сам беларускі народ, з уласнай палітычнай воляй і ўласнымі інтарэсамі.
Мікалай Дзядок, Новы час



Дата стварэння навіны 18.04.2018

Возврат к списку