АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Рэвалюцыя ў Арменіі. Хто такі Нікол Пашыньян і куды вядуць ерэванскія пратэсты?

Рэвалюцыя ў Арменіі. Хто такі Нікол Пашыньян і куды вядуць ерэванскія пратэсты?
18.04.2018
Хто ўзначальвае «негвалтоўную аксамітную рэвалюцыю» ў Армэніі? Ці ёсьць у ёй элемэнты «каляровых рэвалюцыяў»?

Ключавая постаць падзеяў, якія ўжо другі тыдзень адбываюцца ў Ерэване — Нікол Пашыньян — у 1995 годзе скончыў аддзяленьне журналістыкі філфаку Ерэванскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Працаваў карэспандэнтам розных газэт. Ад 1999 году — галоўны рэдактар штодзённай газэты «Айкакан жаманак» (Армянскі час), апазыцыйнай да абранага ў 1998 годзе прэзыдэнта Робэрта Качар’яна, піша радыё Свабода.
Неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за крытычныя публікацыі супраць прадстаўнікоў улады і блізкіх да іх людзей.

У 2008 годзе, калі Качар’ян, адбыўшы два тэрміны, падтрымаў на прэзыдэнцкіх выбарах кандыдатуру прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна, Пашыньян увайшоў у выбарчы штаб апазыцыйнага кандыдата, першага прэзыдэнта Армэніі (1991-1998) Лявона Тэр-Пэтрасьяна. Выбары, у выніку якіх Саргсьян перамог, набраўшы 53% галасоў, скончыліся масавымі пратэстамі, падчас якіх загінула як найменей 8 дэманстрантаў і і вайсковец. Пратэсты былі жорстка здушаныя, у краіне было абвешчанае надзвычайнае становішча.
Пашыньян быў сярод іншых абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і абвешчаны ў росшук. Больш чым год хаваўся ад уладаў у падпольлі, але ў ліпені 2009 году добраахвотна здаўся. У студзеньі 2010-га асуджаны на 7 гадоў турмы, заставаўся пад вартай да траўня 2011 году, калі выйшаў на свабоду паводле амністыі.
У 2012 годзе абраны дэпутатам Нацыянальнага сходу Армэніі ад партыйнага блёку «Армянскі нацыянальны кангрэс». У 2015 годзе далучыўся да новастворанай палітычнай партыі «Грамадзянская дамова». У 2016-м тры лібэральныя партыі — «Грамадзянская дамова», «Сьветлая Армэнія» і «Рэспубліка» — злучыліся ў партыйны альянс «Елк» (Выхад). На выбарах 2017 году «Елк» заваяваў 9 месцаў у парлямэнце з 105, яго фракцыю ўзначаліў Нікол Пашыньян.
Ерэван, 16 красавіка 2018
Па тлумачэньні кантэксту падзеяў у Армэніі мы зьвярнуліся да нашых калегаў з Армянскай службы Радыё Свабода.
Паводле рэдактара Армянскай службы Геворга Стамбальцьяна, галоўная прычына цяперашняга супрацьстаяньня — спроба апазыцыі не дапусьціць пераходу Армэніі з катэгорыі адносна дэмакратычных краінаў у шэраг аўтарытарных рэжымаў накшталт азэрбайджанскага, туркмэнскага або ўзбэцкага.

У пытаньнях геапалітычнай арыентацыі — дачыненьняў з Расеяй, Захадам, Азэрбайджанам або Турцыяй — паміж уладай і апазыцыяй сур’ёзных разыходжаньняў няма. Апазыцыя часам закідае ўладзе парушэньне стратэгічнага балянсу ў дачыненьнях з Расеяй, але пытаньні армянска-расейскага партнэрства не аспрэчвае. Падчас цяперашніх пратэстаў ніводнае з гэтых пытаньняў на парадку дня не стаіць. Спробы некаторых расейскіх мас-мэдыяў прыраўнаць ерэванскія пратэсты да «майданаў», «каляровых рэвалюцыяў» ня маюць пад сабой ніякіх падставаў, лічыць супрацоўнік Армянскай службы Радыё Свабода Геворг Стамбальцьян.



Дата стварэння навіны 18.04.2018

Возврат к списку