АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Загінуў смерцю мужных…», а магілу — знесці!

«Загінуў смерцю мужных…», а магілу — знесці!
16.04.2018
У авангардзе барацьбы з памяццю пра «подзвіг савецкага народу» апынуліся зусім не нацыяналісты ці прымарныя «ліцвіна-бандэраўцы», не! Найлепш гэтую працу зробяць …камунальшчыкі!

Нечакана? Менавіта дзяржструктуры збіраюцца зносіць помнікі ўдзельнікам ІІ Сусветнай у Мінску. 
Дзясяткі магілаў 1940-50-х гадоў на Вайсковых могілках у Мінску сёння маюць адмысловыя пазнакі. Гэта альбо белая цыдулка, якая нагадвае, што магілу трэба прыбраць ці ейным лёсам будзе распараджацца Спецкамбінат камунальна-побытавага абслугоўвання. Альбо — жоўтая фарба, якой пазначаныя помнікі, агароджы ды некаторыя дрэвы. Жоўтая пляма — знак бяды і міжвольная асацыяцыя з жоўтымі зоркамі Давіда ў часы ІІ Сусветнай… 
Паводле старшыні Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, Вайсковыя могілкі ў Мінску маюць статус гісторыка культурнай каштоўнасці. Таму і падобныя пазначкі пра імаверны знос, і новыя пахаванні на тэрыторыі гэтых могілак — парушэнне заканадаўства. 

«Спецкамбінат КПА парушае такім чынам заканадаўства, бо ўсе працы на тэрыторыі гэтых могілак маюць узгадняцца з Міністэрствам культуры, — тлумачыць Астаповіч. — Трэба наўпрост пісаць у пракуратуру — і таблічкі знікнуць! Нажаль, ані я, ані актывісты Таварыства, не могуць грудзямі закрыць усе помнікі ў Беларусі. Да мяне ўжо звярталіся ў гэтым пытанні прыватныя асобы і я кансультаваў, даваў вытрымкі з закону, каб людзі пісалі і скардзіліся».
Паводле Астаповіча, падобная сітуацыя была і на мінскіх Кальварыйскіх могілках. У выпадку з імі звароты ў пракуратуру дапамаглі, таму зносаў удалося пазбегнуць. 

Цікава, што апроч дзясяткаў магілаў шэраговых мінчукоў пад знос трапілі таксама пахаванні савецкіх вайскоўцаў-удзельнікаў ІІ Сусветнай. Вось магіла Міхаіла Лівшыца, які загінуў 7 траўня 1944 — пад знос! Фёдар Вайткевіч загінуў у лютым 45-га, але жонка прывезла цела ў Беларусь, каб пахаваць «на роднай зямлі», як кажа надпіс на помніку — пад знос! Гвардыі маёр Шаўчэнка «загінуў смерцю мужных у 1945-м на заходнім беразе Одэра» — пад знос!            

Большасць цыдулак з папярэджаннямі датаваныя жніўнем 2015-га, то бок зносіць магілы маглі ўжо праз два гады — у жніўні 2017-га. Пахаванні пакуль на сваіх месцах, але самі пазначкі ды гурба бітых старых надмагілляў і агароджаў пад адным з дрэваў нагадвае пра лёс помнікаў у выпадку, калі камунальшчыкам не нагадаць пра сілу закона.

Фота Аляксандры Сергеевіч, Алесь Кіркевіч Новы час



Дата стварэння навіны 16.04.2018

Возврат к списку