АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Як Аляксандр Надсан трапіў пад 18+

Як Аляксандр Надсан трапіў пад 18+
15.04.2018
Тры гады таму пайшоў з жыцця адзін з галоўных дыяспарных беларусаў — Аляксандр Надсан. Нібыта сцішыліся ўсе, з смерцю згадзіліся, падсумавалі нейкія вынікі, сабралі прыпаміны. І, падаецца, за такімі датамі, як 500-годдзе беларускага друку і 100-годдзе БНР губляецца трохгоддзе з дня смерці лонданскага самотніка.

Але вось зусім нядаўна ў Мінску, у адной з цэнтральных кнігарняў, нібы сумысля, патрапілася мне кніга А. Надсана з серыі Кнігазбору «Выбранае» з коштам, на якім была пазнака Аляксандр Надсан (18+). Гэта адразу прыцягнула ўвагу і я ўзгадаў, як спадар Аляксандр абураўся з «Нашай Нівы», у якой на апошняй старонцы друкавалася інфармацыя пра каханне і сэкс беларусаў. Айцец Аляксандр не разумеў навошта друкаваць такую інфармацыю ў такой шаноўнай газеце і лічыў, як сапраўдны святар, што падобную інфармацыю варта друкаваць у адмысловых выданнях. Няма сумневу, ідэалізм, маралізм і святарскі стан вызначалі абурэнне. 

Але цяпер і сам А. Надсан патрапіў пад узроствае абмежаванне ды яшчэ ў 18+! Хаця, канечне, такая пазнака (18+), навязаная новым законам РБ, пацешыла б спадара Аляксандра і сталася сапраўдным кампліментам з боку ўладаў. Праўда, не зразумела, чаму закон аднёс кнігу А. Надсана да катэгорыі 18+? Таму, што рэлігійны тэкст? Таму, што дыяспарны, а таму падазроны? Ці праз простае няведанне і падстрахаванне чынавецтва? Як бы там ні было, такія казусы, анекдоты вакол важных для нас людзей толькі ўзмацняюць інтарэс да іх.

А яшчэ і без даты 15 красавіка зноў і зноў прыгадваюцца мне апошнія прыезды ў Надсанавы Лондан, калі гаспадар Скарынаўкі ціхама спаўзаў зверху, з свайго кабінету і сядаў у чытальні насупраць мяне. У гарачым чэрвеньскім Лондане халода Скарынаўкі выратоўвала, але часам, прызнаюся, калі заседжваўся, то марозіла. Зразумела, мы рабілі пярэрву, спадар Аляксандр жартліва і хапатліва зазначаў: «Дайце і кнігам адпачыць». 

Зрэдчас траплялася быць сам-насам з ім, а таму пагатоў прыгадваюцца нашыя прыватныя пасядзелкі. Аднаго разу мы загаманіліся на цэлую гадзіну, бо ў вір зацягнула цікавая тэма — пераклады на беларускую мову і падача французскіх уласных імёнаў у беларускай мове. Мала з кім ва ўсім беларускамоўным свеце можна было пагаварыць і параіцца ў гэтым пытанні. Так, ён дзіву даваўся, як беларусы ня слухаюць сваёй мовы і пераймаюць расійскія перакладніцкія завядзёнкі: падаюць імёны на -er як -эр, тады як трэба -ёр: Гарнёр, Фармёр, Сліпёр і пад. Таксама заўважаў расійскі ўплыў у падачы прозвішчаў кшталту Бурдз’ё, Дэпард’ё, Мат’ё: замест гэтага слушнага, набліжанага да французскай мовы, варыянту беларусы перанялі расейскую традыцыю: Бурдзье, Дэпардзье (зрэдчас Дэпардзьё), Мацье і пад. 

Цікава, што мы сышліся ў тым, што на прыкладзе такога слыннага прозвішча, як (Эміль) Д’юркайм можна выразна пабачыць, як адбывалася расеіфікацыя мовы і перакладніцкай традыцыі: калі спачатку імя падавалі, захоўваючы французскую вымову (Д’юркайм, гэты варыянт застаецца слушным у дыяспарнай мове), тады як паступова прозвішча так бы мовіць «русіфікавалася» — цяпер у афіцыйнай мове слушны хіба варыянт Дзюркгейм. А яшчэ варта адзначыць, спадар Аляксандр даводзіў, што слушна было б пісаць прозвішча «бязбожніка Сартра», як Сартар (а не Сартр). Падсумоўваючы нашыя пасядзелкі, гаспадар бібліятэкі сумна падкрэсліваў, што беларусы Францыі, а перадусім Леў Гарошка ў свой час не напісалі, не стварылі пэўнай інструкцыі па напісанні франкамоўных імёнаў уласных па-беларуску. І дадаваў, між іншым, што і ў адвартотным кірунку «робіцца абы-што»: французы перадаюць імёны беларускія то ў польскай традыцыі, то ў расійскай. 

Моўны клопат Аляксандра Надсана быў вядомы ўсім. Дасюль мяне ўражвае моўная культура і кампетэнцыя ў іншых, няродных мовах айца Аляксандра. І я ўдзячны, што мова сталася той рэлігіяй, якая знітавала нас, няхай на зусім крыху, у апошнія гады жыцця апякуна беларушчыны. Парады Аляксандра Надсана не засталія ў паветры, каліўкамі яны прысутнічаюць у “Беларуска-францускім слоўніку”, які ўпарта складаецца і з'явіцца ў бліжэйшай будучыні.

Дата стварэння навіны 15.04.2018

Возврат к списку